Навіны Данілавіцкага сельскага савета




ВАЛЕЙБОЛЬНЫ ТУРНІР

У студзені ў Круцілавіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе прайшоў традыцыйны валейбольны турнір сярод мужчынскіх і жаночых камандаў. У мужчынскім першынстве ўдзельнічалі каманды СВК "Граніт-Агра": каманды спецыялістаў, вадзіцеляў, механізатараў аддзялення "Круцілавічы", механізатараў аддзялення "Таркачы", будаўнікоў, работнікаў свінагадоўчага комплексу.

Першае месца заняла каманда спецыялістаў. У яе складзе ігралі старшыня СВК "Граніт-Агра" С. Мазур, намеснік старшыні У. Стульба, намеснік старшыні па жывёлагадоўлі І. Манцэвіч, галоўны заатэхнік Я. Дворык, аграномы А. Тарасевіч, Р. Барадзюк, механік А. Дудар. Другое месца ў валейбольным турніры заняла каманда вадзіцеляў на чале з капітанам каманды А. Гулецкім. Трэцяе месца -- за камандай механізатараў аддзялення "Круцілавічы". Капітан каманды -- Д. Анушкевіч.

Цікавай і напружанай атрымалася гульня жаночых валейбольных камандаў -- адміністрацыі СВК "Граніт-Агра", работнікаў свінагадоўчага комплексу, зааветслужбы, Данілавіцкага сельскага савета, работнікаў Круцілавіцкага і Таркачоўскага дзіцячага сада-сярэдніх школаў.

Першае месца заняла каманда адміністрацыі СВК у складзе Н. Сявец, К. Нагорнай, Ю. Рой, Л. Адамчык, А. Манцэвіч, І. Яўсейчык. Другімі сталі работнікі Таркачоўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, капітан каманды -- В. Кардаш. Трэцяе месца за камандай Данілавіцкага сельскага савета. За каманду выступалі работнікі культуры А. Чарняўская, Т. Муха, С. Трафімчык, сацыяльны работнік Т. Ражко, паштальён Л. Ходар, старшыня сельвыканкама Г. Жых.

Спонсар турніра па валейболу -- праўленне СВК "Граніт-Агра". Падводзячы вынікі мерапрыемства, старшыня СВК С. Мазур, падзякаваў усіх за ўдзел. Удзельнікам уручаны грашовыя ўзнагароды і Ганаровыя граматы.


НАРАДЗІЛАСЯ ТРОЙНЯ

З пачатку новага года на тэрыторыі Данілавіцкага сельскага савета нарадзіліся чатыры дзіцяці. Ліля Віктараўна Барысевіч, жыхарка Круцілавічаў, стала мамай тройні -- двух дачок і сына. А вось у сям'і Юліі Мікалаеўны Дамарацкай і Міхаіла Аляксандравіча Лукшы нарадзілася чацвёртае дзіця.


СТОГАДОВЫ ЮБІЛЕЙ

12 лютага адбудзецца ўрачыстае ўручэнне пашпарта 100-гадоваму юбіляру Васілю Фёдаравічу Данільчыку, жыхару вёскі Барышына. Павіншуюць юбіляра праўленне СВК "Граніт-Агра", фальклорны калектыў "Суседачкі" Данілавіцкага сельскага дома культуры.


ІДЗЕ ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ

На пачатку года на тэрыторыі Данілавіцкага сельскага савета актывізавалася работа па сносе старых дамоў. Сіламі СВК "Граніт-Агра" снесены тры ветхіх дома ў вёсках Таркачы, Панікарты, Ахонава.

Падрыхтавала А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/