НАВАГОДНІ СЮРПРЫЗ АД ЖЫЛКАМУНГАСА



Стала вядома, адкуль родам будзе галоўная гераіня надыходзячых навагодніх і калядных святаў. Ёлка 2013 года з’явіцца на цэнтральнай плошчы Дзятлава ўжо ў першы тыдзень зімы.

У Дзятлаўскай ЖКГ паведамілі, што цяпер навагодняе дрэва знаходзіцца каля вёскі Вензавец у лясным масіве. Ужо заключана дамова аб высечцы ёлкі з Вензавецкім лясніцтвам, у цяперашні момант гэта афармляецца дакументальна.

3-5 снежня ёлка з’явіцца на плошчы 17 Верасня, аднак ілюмінацыя будзе запалена толькі напярэдадні каталіцкіх Калядаў. Навагодняя ілюмінацыя-2013 здзівіць дзятлаўчан навізной. Пра гэта расказаў намеснік дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ Мар’ян Захарэўскі:
-- Сёлета на навагодняй ёлцы з’явіцца новая ілюмінацыя. ЖКГ крочыць у нагу з часам, таму мы абралі новы яе від, які будзе кардынальна адрознівацца ад простай гірлянды з лямпачкамі. Мы маем на мэце не толькі зрабіць больш сучасным навагодняе дрэва, але і засцерагчы яго ўпрыгажэнне ад хуліганаў. Якой менавіта будзе ёлачная аздоба, няхай гэта стане сюрпрызам для дзятлаўчан.

У сувязі з тым, што па жаданні прыхаджан касцёла Успення Прасвятой Дзевы Марыі былі спілаваны дрэвы на тэрыторыі касцёла, знікла тэхнічная магчымасць устанавіць расцяжкі з навагодніх агеньчыкаў на дрэвах. Альтэрнатывай стануць спецыяльныя слупы, усталяваныя на цэнтральнай плошчы. На якіх, да таго ж, будуць замацаваны “феерверкі”, падобныя да тых, якія ўпрыгожвалі горад у мінулыя гады.

Мар’ян Генрыхавіч заўважыў, што Дзятлаўская ЖКГ набыла яшчэ не ўсю неабходную ілюмінацыю, аднак грашовыя выдаткі на яе ўжо склалі каля 20 мільёнаў рублёў.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/