НАВАГОДНІ МАЛЕБЕН У ЖЫРОВІЧАХ



У ноч на 1 студзеня ў Нікольскім храме Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра прайшоў навагодні малебен.
Згодна з традыцыяй, малебен на Новы год ажыццяўляецца за тых, для каго галоўным атрыбутам гэтай ночы з’яўляюцца спіртныя напоі. Другая (афіцыйная) назва гэтай службы -- малебен святому Ваніфацыю. Нагадаю, што 1 студзеня, у першы дзень новага года царква шануе памяць святога, які сам да звароту да хрысціянства пакутаваў на п’янства. Яму моляцца аб збаўленні ад гэтай згубнай страсці.

Упершыню малебен на Новы год быў здзейснены ў 1993 годзе. У надышоўшым 2013 годзе ў яго своеасаблівы юбілей – 20-годдзе. Як сведчаць старэйшыя жыхары манастыра, ініцыятарам першага навагодняга малебна быў архімандрыт Гурый (цяпер -- архіепіскап Навагрудскі і Лідскі).

Зазначу, што першым богаслужэннем у 2013 годзе Царква таксама дзякуе Усявышняму за пражыты адрэзак жыцця і просіць благаславенне на асвячэнне надыходзячага перыяду. “Паколькі праз Мяне памножацца дні твае, і прыбавіцца табе гадоў жыцця", -- гаворыць Гасподзь праз прамудрага Саламона.

Навагодні малебен пачаўся за паўгадзіны да надыходу 1 студзеня і закончыўся далёка за апоўнач.

Ажыццявіла малебен духавенства Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра на чале з іераманахам Агапіем. Пасля малебна была адслужана начная Літургія.

І. ЗІНЧАНКА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/