НАВАЕЛЬНЯНСКІ “БРАДВЕЙ”



Такую жартаўлівую назву, сугучную амерыканскаму аналагу, далі вуліцы Леніна ў гарпасёлку Наваельня ўдзельнікі чарговай сустрэчы грамадскага пункту аховы парадку. Гэта адна з самых доўгіх вуліц населенага пункта, на якой амаль кожны дзень разгортваюцца сапраўдныя тэатральныя дзеі. Акцёрскае майстэрства праяўляюць мясцовыя аматары алкагольных напояў. Што толькі не прыдумваюць яны, выходзячы з пітных установаў, якія размешчаны на азначанай вуліцы: спяваюць песні, спаборнічаюць у аратарстве, актыўна выкарыстоўваючы нецэнзурную лексіку, робяць адзін аднаму навамодны мэйкап у выглядзе фінгала пад вокам. А калі недалёка заўважаць міліцыянера, адразу кідаюцца на ўцёкі, праўда, бывае, што ногі ўжо не слухаюцца – і ў выніку не атрымліваецца пазбегнуць заслужанага пакарання. Ёсць яшчэ “цікавы экзэмпляр”, якога рэгулярна ў стане лёгкага падпітку з “Брадвея” адпраўляюць дадому, а ён, “наразае” некалькі кругоў вакол бара і зноў аказваецца на ганку любімай установы.

Ужо амаль месяц з “п’янымі талентамі” актыўна спрабуе зладзіць новы ўчастковы інспектар па гарпасёлку Наваельня Сяргей Ламака. Раней Сяргей Аляксандравіч курыраваў Гезгалаўскі ўчастак, а з пачатку лютага нясе службу ў Наваельні. Па выніках двух тыдняў участковы інспектар склаў 11 пратаколаў на мясцовых жыхароў за знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы. Практычна ўсе парушальнікі былі затрыманы на выйшэйзгаданай вуліцы Леніна. Узроставая катэгорыя гэтых грамадзян самая розная – ад 22 да 62 гадоў. Васьмярых з іх давялося ўбачыць на пасяджэнні пункту аховы парадку, дзе кожны расказаў сваю гісторыю.

Высветлілася, што большасць прагульваюць заробленыя ў Расіі грошы, прыехаўшы пасля вахты ў родны пасёлак. Зразумела, грошы гэтыя не так проста даюцца, даўно развеяны казкі пра лёгкі хлеб у краіне-суседцы: праца вахтавым метадам цяжкая, па дванаццаць гадзін у суткі, а то і больш, умовы пражывання – як у прытулку для бяздомных. Таму і гуляюць потым з размахам, каб адчуць асалоду ў поўнай меры, быццам трапілі на волю пасля турэмнага зняволення, але на добрыя справы выдаткаваць грошы шкадуюць. На пытанні старшыні пасялковага Савета Ірыны Кунахавец, чаму рамонт у доме не зробіш, або тэлевізар матулі новы не купіш за заробленыя, адказваюць усе як адзін: “Навошта? І так добра.”

Сярод парушальнікаў аказаліся і два мясцовыя пенсіянеры. Адзін – “ціхі п’яніца”, другі – аматар бытавых канфліктаў. Пракурор раёна Віталь Заяц папярэдзіў парушальніка сямейнага спакою, што, калі яшчэ адна скарга ад жонкі ў міліцыю паступіць, штрафам, як на гэты раз, не абыдзецца – панясе крымінальную адказнасць.

Дарэчы, штраф заплоцяць усе, на каго былі складзены пратаколы, у тым ліку і тыя, хто на пасяджэнне не прыйшоў. Акрамя таго, з ініцыятывы пракурора, два чалавекі панясуць дадатковую адміністрацыйную адказнасць за тое, што адсутнічалі па няўважлівых прычынах.

На пасяджэнні грамадскага пункту аховы парадку ў Наваельні разглядаліся справы не толькі грамадзян, якія злоўжываюць алкагольнымі напоямі. У 23-гадовай мясцовай жыхаркі здаецца так і не прачнулася пачуццё мацярынства. Схільнасць да разгульнага жыцця ўвесь час натхняе яе на чарговыя ўцёкі з дому. Маленькую дачушку, якой толькі два гадкі, яна прыводзіць да бабулі, а сама знікае на некалькі дзён. Занепакоеныя бацькі звяртаюцца ў міліцыю, пішуць заявы аб тым, што дачка пайшла з дому і не вярнулася. А праз некаторы час, нагуляўшыся, падсабраўшы новых пачуццяў і прыгодаў, жанчына вяртаецца ў родныя мясціны. І так да наступнага загулу. Як патлумачыў першы намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Мікалай Зенаў, у апошні раз жанчыны не было дома тры дні. За гэты час яна паспела аб’ехаць і пагасцяваць у некалькіх населеных пунктах раёна. Як заўсёды бацькі не ведалі, дзе шукаць блудніцу і напісалі заяву ў міліцыю. Сацыяльны педагог Таццяна Бялятка і намесніца загадчыцы Наваельнянскага яслі-садка Ларыса Андрэева лічаць, што давяраць дзіця такой матулі не тое што не варта, а проста нельга. Падтрымаў гэту кропку гледжання і яшчэ адзін удзельнік пасяджэння – начальнік аддзела маркетынгу ААТ “Наваельнянскі КХП” Юрый Габрусік. Пракурор раёна Віталь Заяц згадзіўся з членамі камісіі, што такія паводзіны для жанчыны-матулі недапушчальныя і зрабіў вывад:

-- Паколькі гісторыя паўтараецца, гэта азначае, што прафілактычная работа не дае вынікаў, а тым часам пакутуе маленькае дзіця. Таму больш ніякіх выклікаў жанчыны на падобныя мерапрыемствы не павінна быць -- трэба вырашаць пытанне радыкальна, з пазбаўленнем яе бацькоўскіх правоў і перадачай дзіцяці пад апеку бабулі.

Яшчэ некалькі гісторый былі разгледжаны на пасяджэнні грамадскага пункту аховы парадку ў Наваельні. Яны насілі прафілактычны характар.

І. ГАЛОМЗІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/