НАТАЛЛЯ СЦЯЦКО: "ТЭХНОЛАГ -- ГЭТА ТВОРЧАЯ ПРАФЕСІЯ "



На працягу апошніх пяці гадоў на ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод" актыўна ідзе працэс мадэрнізацыі вытворчасці, пашыраецца геаграфія збыту гатовай прадукцыі. "Сырная страна" асвоіла рынак суседняй Расіі, мае гандлёвых партнёраў у Чэлябінску, Ніжнім Ноўгарадзе, Бранску, Маскве, Варонежы. Дзятлаўскія сыраробы становяцца "залатымі" прызёрамі амаль усіх конкурсаў, у якіх ім даводзіцца прымаць удзел. А нядаўна, згодна з рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта № 97 ад 21 сакавіка 2014 года "Аб выніках раённага спаборніцтва пасялковых і сельскіх выканаўчых камітэтаў, працоўных калектываў раёна за дасягненне высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці за 2013 год" ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод" прызнаны лепшым прамысловым прадпрыемствам Дзятлаўшчыны.

Як вядома, залог поспеху -- гэта зладжаны і працаздольны калектыў. А таму дырэктар завода Аляксандр Міхайлавіч Дубовік, плануючы далейшую работу, стаўку робіць на перадавыя тэхналогіі і надзейныя кадры. Ён прызнаецца, што сёння калектыў завода -- гэта граматныя спецыялісты, майстры сваёй справы, людзі надзейныя і правераныя часам. Дастойнае месца сярод іх займае галоўны тэхнолаг прадпрыемства Наталля Уладзіміраўна Сцяцко, прызнаная "Чалавекам года Гродзеншчыны-2013". Менавіта ёй, як нікому іншаму, вядомы ўсе сакрэты смаку дзятлаўскіх сыроў. Жыццёвы лёс Наталлі Уладзіміраўны вось ужо чвэрць стагоддзя цесна звязаны з гісторыяй развіцця ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод".

-- У 1989 годзе я скончыла Магілёўскі тэхналагічны інстытут і прыйшла працаваць сюды, -- узгадвае Наталля Сцяцко. -- Спачатку -- у лабараторыю, потым была інжынерам-хімікам, інжынерам-радыёлагам, інжынерам-тэхнолагам. Ужо больш за дзесяць гадоў працую галоўным тэхнолагам. За гэты час усё тут кардынальна змянілася. Маленькі завод, які выпускаў толькі чатыры гатункі сыру, масла і цэльнамалочную прадукцыю, за апошняе дзесяцігоддзе ператварыўся ў сучаснае канкурэнтаздольнае прадпрыемства з навейшым абсталяваннем, на якім выпускаюцца каля 100 найменняў сыроў.

Праведзена мадэрнізацыя многіх участкаў: усталявана новая аўтаматычная лінія для вытворчасці цвёрдых сычужных сыроў, пабудаваны цэх па вытворчасці чэддэрызаваных сыроў, аўтамабільныя майстэрні з гаражом і аўтастаянкай, склад гатовай прадукцыі, цэх па канцэнтраванні сыроваткі, праведзены рамонт і ўстаноўлена самае новае абсталяванне ў лабараторыі, мадэрнізаваны апаратны ўчастак, уведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання вады, працуе свой гандлёва-сэрвісны цэнтр "Сырная страна".

Як і ўсе буйныя прадпрыемствы нашай краіны, Дзятлаўскі сыраробны завод распрацаваў сваю праграму далейшай мадэрнізацыі. Сёлета ў жніўні пачнём устанаўліваць навейшае абсталяванне замежнай кампаніі для вырабу італьянскіх сыроў. Ужо восенню на гэтай лініі запланавана пачаць вырабляць мяккія сыры "Рыкота" па італьянскіх тэхналогіях. У іх склад будзе ўваходзіць згушчаная сыроватка і малако. Па смаку такі сыр нагадвае "Адыгейскі", але па харчовых якасцях "Рыкоту" можна аднесці да дыетычных прадуктаў, паколькі тут пераважна прысутнічаюць сыроватачныя бялкі і малочныя цукры, якія лёгка засвойваюцца арганізмам. Запуск новага цэха дазволіць пашырыць асартымент прадукцыі і вярнуцца да тварожных дэсертаў, якія раней вельмі падабаліся нашым пакупнікам. Акрамя таго, рыхтуем некалькі сюрпрызаў для жанчын, накіраваных на аздараўленне, захаванне маладосці і прыгажосці.
Мы стараемся быць канкурэнтаздольнымі, здзіўляць нашых спажыўцоў. Нядаўна была распрацавана новая серыя сыроў "Сливочный микс", якія толькі выйшлі на рынак. Як сведчаць дэгустацыі, людзям навінка спадабалася.

Наталля Уладзіміраўна Сцяцко, як галоўны тэхнолаг прадпрыемства, адказвае за ўвесь тэхналагічны працэс і распрацоўку новых гатункаў прадукцыі. Як прызнаецца, работа гэта адказная, але цікавая і творчая. Яна дапамагае самарэалізавацца.

-- Сыр -- гэта той прадукт, з якім можна пафантазіраваць, -- зазначае яна, -- на смак уплываюць тэмпературны рэжым, выкарыстаныя ферменты, час выспявання. Тут шырокае поле для дзейнасці. Вядома, нам дапамагаюць кампаніі, якія распрацоўваюць закваскі. Але галоўны сакрэт смаку ад "Сырной страны" -- гэта натуральныя кампаненты. Толькі яны сёння выкарыстоўваюцца на вытворчасці: малако і новае пакаленне заквасак з Даніі, Нідэрландаў, ЗША. Усё гэта -- натуральныя інгрэдыенты без раслінных тлушчоў, таму і атрымліваюцца натуральныя сычужныя сыры. Склад закваскі фарміруе малюнак сыру, уплывае на яго смак, кансістэнцыю, водар і тэрмін выспявання (час, калі ўсе названыя якасці назапашваюцца). Новыя закваскі даюць нам магчымасць вырабляць "хуткаспелыя" гатункі сыру, якія сёння асабліва запатрабаваны.

Галоўнаму тэхнолагу даводзіцца пастаянна і цесна кантактаваць з усім калектывам. Плённа супрацоўнічаць дапамагае ўраўнаважаны, неканфліктны характар Наталлі Уладзіміраўны. Яна цвёрда ўпэўнена, што любыя пытанні варта вырашаць памяркоўна, бо сыр -- гэта "жывы" прадукт, які адчувае настрой сырароба.

Ад сыравіннай лабараторыі і да склада гатовай прадукцыі -- гэта поле дзейнасці Наталлі Уладзіміраўны. Сёння яна лёгка спраўляецца з "разумным" абсталяваннем, якое ўстаноўлена ў цэхах завода, адсочвае працэс вырабу сыру за цэнтральным камп'ютарам. Не баяцца ўльтрасучаснай тэхнікі дапамагае вопыт, набыты за гады працы.

На пытанне, ці не шкадуе, што працуе менавіта тут, на гэтай пасадзе, галоўны тэхнолаг ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод" упэўнена адказвае:
-- Наша прадпрыемства сёння ўсё часцей называюць "Маленькай Швейцарыяй". Лічу, што папрацаваць тут хоць некаторы час пажадаў бы любы тэхнолаг малочнай галіны. І я шчаслівая, што лёс звязаў мяне з любімай справай і Дзятлаўскім сырзаводам.

І. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/