НАСТАЎНІК: ВІРТУОЗ, НАВУКОВЕЦ І ПСІХОЛАГ У АДНОЙ АСОБЕ



Я настаўнікам пайшоў бы –
Хай мяне навучаць!

Настаўнік – прафесія дужа творчая і надзвычай складаная. Бо каб навучыць чамусьці іншых, а тым больш, гарэзаў-дзяцей, трэба, па-першае, ведаць, чаму вучыць, па-другое, здолець данесці свае веды. І, нарэшце, змагчы пераканаць вучняў, што школьны прадмет ім сапраўды патрэбны (жыццёвы досвед паказвае, што так яно і ёсць насамрэч). Справа не для слабых духам, але і ўзнагарода найвышэйшая: неацанімая ніякімі мерамі і межамі чалавечая ўдзячнасць.

ТРЫ МАРЫ, ШТО ЎВАСОБІЛІСЯ Ў АДНУ

Што такое нялёгкі настаўніцкі хлеб і як “вылепіць” з дзіцяці дастойнага чалавека, выдатна ведае настаўніца геаграфіі Наваельнянскай сярэдняй школы, заснавальніца і нязменны кіраўнік музея “Дзеці ліхалецця” Тамара Уладзіміраўна Крывеня. Яе імя чырвонымі літарамі ўпісана ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна, залатымі – у гісторыю і сучаснасць педагогікі Дзятлаўшчыны.

З пятага класа школы Тамара Крывеня проста “ўлюбілася” ў геаграфію. Паўплываў тут і вялікі аўтарытэт настаўніка, які выкладаў гэты прадмет. З’явіліся думкі пра тое, каб займацца ў будучым геаграфіяй як навукай. Захапленне артыстычным мастацтвам таксама мела не апошняе месца ў яе жыцці. Тамара Уладзіміраўна актыўна ўдзельнічала ў самадзейнасці: танцавала, спявала, нават сама вяла драматычны гурток. Таксама, асабліва ў старэйшых класах, марылася аб прафесіі доктара. Калі Тамара Уладзіміраўна скончыла Вераскоўскую школу на Навагрудчыне, паўстаў выбар, кім стаць, пра вырашэнне якога яна сама расказвае:

-- Я выбрала для сябе прафесію настаўніка. Яна адпавядала ўсім маім дзіцячым і юнацкім марам. Бо настаўнік – гэта і навуковец, які не толькі ведае свой прадмет, але і штодня вынаходзіць у ім нешта новае; гэта і артыст, які зноў і зноў захапляе аўдыторыю ў класе, рознымі метадамі зацікаўлівае сваіх вучняў; гэта і доктар, які лечыць душы сваіх вучняў.

Ахопленая ідэямі турызму і краязнаўства, яна адзначыла для сябе, што “каля дома паступаюць вучыцца толькі маміны дочкі” – і вырашыла пабачыць свет. Таму нядаўняя выпускніца ў 1966 годзе скіравала свой шлях у Расію, у Пскоўскі педагагічны інстытут: паступіла па спецыяльнасці “геаграфія і біялогія”, здаўшы геаграфію на “выдатна”. На жаль, там не ўдалося затрымацца надоўга: праблемы са здароўем змусілі яе праз год вярнуцца на радзіму.

-- Мудры мой тата параіў не сядзець дома і не перажываць, а ісці працаваць, і я яму вельмі ўдзячна за гэтую параду. І, не адкладваючы ў доўгі мех, звярнулася ў Навагрудскі аддзел адукацыі. Так пачалася мая педагагічная праца – адразу з практыкі. Навучанне Тамара Уладзіміраўна таксама не закінула: у той жа год перавялася на завочнае аддзяленне геаграфічнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстытута (сённяшні Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова). Яна паспяхова скончыла вучобу ў ім і дагэтуль лічыць, што навукі, роўнай геаграфіі, не існуе.

З Наваельняй Тамару Уладзіміраўну звязала сям’я: тут, на радзіме мужа пачала яна 1 верасня 40 гадоў таму працаваць настаўнікам геаграфіі. З таго часу, быццам на адным дыханні, працуе ў роднай за гэтыя гады Наваельнянскай сярэдняй школе. Працуе са шчырай любоўю да вучняў і да сваёй справы.

-- Да кожнага дзіцяці патрэбна знайсці свой падыход, “падабраць ключык”, – дзеліцца Тамара Уладзіміраўна ўласным педагагічным вопытам. – Хтосьці мае вялікія здольнасці да вучобы – і трэба гэта своечасова заўважыць і ацаніць, камусьці строга паставіць адзнаку, але абавязкова патлумачыць яе прычыны, камусьці трэба дазволіць адказаць з месца, камусьці нават падарыць адзнаку, як аванс на будучае. Праблемных, як кажуць, дзяцей не бывае, калі здолееш знайсці з кожным агульную мову, да цябе, як настаўніка, будуць прыслухоўвацца.

Яна ніколі не абмяжоўваецца правядзеннем урокаў: наведвае сваіх вучняў дома, гутарыць з бацькамі, бо лічыць, што толькі сумеснымі намаганнямі можна дапамагчы школьніку стаць дастойным чалавекам. Яна праводзіць з дзецьмі дадатковыя заняткі, краязнаўчыя экскурсіі, вывучае гісторыю і геаграфію пасёлка Наваельня. За доўгія 45 гадоў педагог вывучыла 6 пакаленняў вучняў і не разгубіла ні кроплі энтузіязму. І сёння ў Наваельнянскай школе часта выбіраюць менавіта геаграфію ў якасці аднаго з выпускных іспытаў. Гэта, бясспрэчна, заслуга педагога.

Школьнікі з’яўляюцца самымі частымі наведвальнікамі музея “Дзеці ліхалецця”, якому Тамара Уладзіміраўна Крывеня прысвячае шмат вольнага ад урокаў часу. Гэта яе стварэнне, крыніца яе натхнення, аб’ект агульнай працы са школьнікамі і, без перабольшання, гісторыка-краязнаўчы цэнтр пасёлка. Школьны музей, які быў заснаваны ў 1988 годзе, сёння мае ганаровы статус народнага.
7 снежня спаўняецца ўжо 45 год, як Тамара Уладзіміраўна Крывеня прысвяціла сябе педагогіцы. Гледзячы на гэтую актыўную, натхнёную жанчыну, якая пастаянна ў руху, якая так даўно і плённа працуе ў настаўніцкай прафесіі, дазволю сабе заўважыць, што словы аб “прафесійным выгаранні” настаўнікаў праз 25 гадоў працы, калісьці агучаныя чыноўнікамі, здаюцца не такімі ўжо падобнымі да праўды.

Дырэктар Наваельнянскай сярэдняй школы Марына Лашкоўская на прыкладзе сваёй навучальнай установы каменціруе, якія сёння маладыя педагогі і ці запатрабаваныя яны сёння ў сферы адукацыі.

-- Маладое пакаленне педагогаў – важны працоўны рэсурс нашай школы, – кажа Марына Яўгенаўна. – Яны таленавітыя, дасведчаныя, крэатыўныя, не па-маладому грунтоўныя, абавязковыя ў сваёй працы. Сярод іх можна назваць настаўніцу англійскай мовы Ксенію Вячаславаўну Якаўчык, педагога-арганізатара Таццяну Уладзіміраўну Глоцька. Таксама ў школьнай бібліятэцы працуе Алена Юр’еўна Лашкоўская, якая набывае адукацыю настаўніка гісторыі, пасля чаго прыйдзе ў нашу школу дыпламаваным педагогам. Але ўжо цяпер яна выдатна паказвае сябе на працоўным месцы. На сучасны момант у школе няма вострай патрэбы ў кадрах: вышэйшы ўзроставы парог педагагічнага калектыву складае 45-50 гадоў. Трывалай з’яўляецца сувязь пакаленняў у школе: былыя вучні прыходзяць сюды працаваць настаўнікамі. З радасцю адзначу, што такога паняцця, як “цякучка кадраў” у нас не існуе – і гэта адно з галоўных пацвярджэнняў таго, што настаўнікі сапраўды знайшлі сябе як у прафесіі настаўніка, так і непасрэдна ў Наваельнянскай школе.

МІФЫ І РЭАЛЬНАСЦЬ (МЕРКАВАННЕ СПЕЦЫЯЛІСТА)

МІФ ПЕРШЫ: настаўнікам можа працаваць толькі сапраўды апантаны сваёй справай чалавек.
“Гэта праўда. У маладога педагога напачатку ўзнікае шмат праблем: утрымаць дысцыпліну ў класе і ўвагу вучняў, выпрацаваць уласнае педагагічнае “я”, набрацца цярпення і спагады, каб не крыўдзіцца на вучняў, быць аб’ектыўным. Са свайго жыццёвага досведу ведаю, як бывае цяжка напачатку. Аднойчы мне параілі: калі ў прафесіі настаўніка складана – пакінь яе, памяняй на іншую. Да гэтай пары ў пераломныя моманты жыцця згадваю гэтую фразу, зноў і зноў усведамляю: я не ўяўляю сябе па-за школай, не бачу ў іншай прафесіі, акрамя настаўніцкай. А калі сапраўды любіш дзяцей, сваіх вучняў, не бывае цяжка”.

МІФ ДРУГІ: прафесія настаўніка сёння страчвае свой прэстыж.
“Не, прафесія не губляе прэстыж. Мы самі вінаватыя, калі страчваем яго. Бо прэстыж кожнай справы падтрымліваецца высакаякаснай працай прафесіяналаў. Тым больш, настаўнік – гэта не толькі адвесці ўрок, гэта падтрыманне статуса і высокай планкі па жыцці: у першую чаргу, у прафесійным майстэрстве, а таксама ў стылі адзення, у манеры паводзінаў, у выказваннях. Ва ўсім! І толькі ад нас, настаўнікаў, залежыць, ці будзе прафесія прэстыжнай, ці будуць настаўніка паважаць у грамадстве”.

МІФ ТРЭЦІ: новае пакаленне настаўнікаў значна слабейшае, чым педагогі савецкай закалкі.
“Адназначна не! Мяркуючы па нашай школе, сучаснае пакаленне настаўнікаў ні ў чым не саступае старэйшаму, больш вопытнаму, пакаленню педагогаў. Мы працуем штодня поруч тут, у Наваельнянскай сярэдняй школе, і я часта захапляюся метадамі працы моладзі, адносінамі да вучняў і да навучальнага працэсу. Адзінае, невялікае адрозненне, за савецкім часам настаўнікі трымалі сябе ў больш строгіх рамках, па знешнім выглядзе, па форме звароту адзін да аднаго (толькі па імені і імені па бацьку). Але гэта не мінус, а хутчэй змены, якія ўнёс сам час. І сёння ёсць маладыя настаўнікі, сапраўдныя педагогі, якія адрозніваюцца працалюбствам, сумленнасцю, кампетэнтнасцю, а вопыт – ён прыйдзе з часам”.

ГЭТА ТРЭБА ВЕДАЦЬ

* Прафесія настаўніка – універсальная і вузканакіраваная адначасова. Сёння педагогі працуюць выкладчыкамі, навукоўцамі, менеджарамі, журналістамі, карэктарамі, работнікамі адміністрацыйных структур і нават праваахоўных органаў! З другога боку, каб быць настаўнікам, неабходна мець менавіта педадагічную адукацыю.

* Калі вы збіраецеся атрымліваць спецыяльнасць педагога музыкі, пра гэта трэба паклапаціцца загадзя: такая адукацыя прадугледжвае пачатковую або базавую музычную адукацыю (5-7 гадоў навучання ў музычнай школе). Дарэчы, пры паступленні абавязковым іспытам з’яўляецца “спецыяльнасць” (ігра на музычным інструменце).

* Конкурс на педагагічныя спецыяльнасці трымаецца на адносна невысокім узроўні. Прахадны бал на дзённае бюджэтнае аддзяленне ў ВНУ гэтых спецыяльнасцяў ад 89-112 балаў (на фізіку, матэматыку і інфарматыку ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І. П. Шамякіна) да 153-186 балаў (на дашкольную і пачатковую адукацыю ў БДПУ імя М. Танка). Аднак прахадны бал на спецыяльнасць “лагапедыя” ў галоўны педагагічны ВНУ краіны склаў аж 322 балы. Міністэрства адукацыі Беларусі кажа пра моцнае скарачэнне ў будучыні набораў на педагагічныя спецыяльнасці, перадусім – беларускую філалогію.

АДУКАЦЫЮ НАСТАЎНІКА МОЖНА АТРЫМАЦЬ:

  • у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка;
  • у Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І. П. Шамякіна;
  • у Беларускім дзяржаўным універсітэце;
  • у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры (настаўніка фізічнай культуры);
  • у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце (настаўніка замежнай мовы);
  • у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна;
  • у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце;
  • у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. Машэрава;
  • у Полацкім дзяржаўным універсітэце;
  • у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны;
  • у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы;
  • у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. А. Куляшова;
  • у шэрагу сярэдне-спецыяльных педагагічных навучальных установаў краіны.

Па Дзятлаўскім раёне ў гэтым годзе студэнтамі педагагічных навучальных установаў сталі 53 выпускнікі.
Экскурс у самыя розныя прафесіі будзе працягвацца і надалей. Калі вас, паважаныя чытачы, цікавіць пэўная спецыяльнасць, звяртайцеся на адрас рэдакцыі. І мы абавязкова разам памяркуем пра кожную з іх.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/