НАШЫ ЎЧЫНКІ АБАРОЧВАЮЦЦА БУМЕРАНГАМ



Кожны з нас памятае словы дзіцячай песенькі: "От улыбки хмурый день светлей, от улыбки в небе радуга проснётся, поделись улыбкою своей, и она к тебе не раз ещё вернётся..."

І сапраўды, што можа быць прыемней за дабразычлівую усмешку, добрае, пяшчотнае слова? Нават калі чалавек раз’юшаны, раззлаваны і ледзь стрымліваецца, каб не выплеснуць на цябе ўсё, што «кіпіць» унутры, а ты яго адорваеш сціплай усмешкай, то раптам заўважаеш, як чалавек адразу мяняецца, адтайвае і пачынае адказваць на твой добры настрой тым жа.

А бывае зусім наадварот. Не так даўно мне надарылася пабываць у чарговы раз у сваіх бацькоў. Бываю ў роднай хаце не часта, таму кожны мой прыезд для маіх маці і бацькі – сапраўднае свята. Але, на жаль, рух аўтобусаў крыху псуе мне настрой. Нярэдка прыходзіцца карэкціраваць свой выезд. Калі выедзеш крыху пазней, пасля дзевяці гадзін ранку, лічы, што толькі позна вечарам даедзеш да суседняй вёскі, а там яшчэ пяць кіламетраў трэба ісці пешшу.

Таксама не заўсёды ёсць прамы аўтобус на Навагрудак і мне часам надараецца рабіць перасадку ў Дзятлаве. Вось і ў гэты раз я таксама вымушаны быў зрабіць перасадку. Падыходжу да касы спытаць, калі будзе наступны аўтобус на Навагрудак. У акенцы з’яўляецца жанчына. Пытаюся. І ад яе халоднага, калючага, зневажаючага тону голасу я адчуваю, як на душы становіцца горка. Змаўчаў, не хацеў гыркацца. Але пра сябе падумаў: чаму людзі, якім дадзена магчымасць дапамагаць іншым, падказваць шлях вырашэння надзённых праблем, проста сумленна выконваць справу, на якую іх паставілі, адносяцца да ўсяго абыякава.

Некаторыя скажуць, што немагчыма кожнаму прысвяціць сябе, не хопіць ні сілаў, ні часу. Іншыя прывядуць аргумент, што заробкі невялікія, напружанасць нерваў, як вынік – зрыў. Але ці абгрунтаваныя будуць гэтыя довады? Звычайна, калі чагосьці не хапае ў жыцці, чалавек шукае ў іншым месцы. Не павінна быць так, каб праз нашу прафесійную непрыгоднасць нехта пакутаваў, псаваў сабе настрой.

Да таго ж, адной з галоўных якасцяў абслугоўваючага персаналу ў замежных краінах з’яўляецца ўсмешка і добры настрой. У адваротным выпадку чалавек можа быць пазбаўлены не толькі заробку, але і страціць працу. І мне асабіста вядомыя выпадкі, калі людзі, які мелі добрае месца, праз свае неахайныя адносіны да кліента раптам аказваліся без работы.

А яшчэ адзначу тое, што недабразычлівасць, абыякавасць, несумленнае стаўленне да сваёй справы -- паказчык нашага ўнутранага свету. На жаль, нашы сэрцы ачарсцвелі, стаўленне адзін да другога стала абыякавым, а мы самі духоўна абяднелі. Кожны дзень мы праходзім побач з людскім горам і нават не запытаемся, чаму чалавек засмучаны. А потым здзіўляемся, калі бумерангам абарочваюцца нашы ўчынкі.

Можна многа казаць пра духоўнае, але ці варта? Ёсць словы ад якіх усё змаўкае, чалавек ад кепскага звяртаецца да святла, пачынае задумвацца над сваімі дзеяннямі. Сярод іх – Бог, цярпенне, любоў, дапамога. Давайце цаніць адзін аднаго, дапамагаць ў цяжкасцях, любіць нават незнаёмага нам чалавека, як самаго сябе, і калі нешта робіцца не так, як хацелася б нам, праяўляць цярпенне, прабачаць, і тады Гасподзь даруе нам нашы праграшэнні.

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/