НАШ ПРЫЗЁР РЭСПУБЛІКАНСКАЙ “АРХНАВАЦЫІ”



Багатая на таленты зямля дзятлаўская, і ў гэтым не перастаюць пераконваць нашы школьнікі. Адзін з іх, вучань Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ігар Крывулька, стаў прызёрам рэспубліканскага конкурсу “АрхНавацыя-2013”, аб’яўленым Міністэрствам архітэктуры Рэспублікі Беларусь.

Творчае спаборніцтва мела на мэце павысіць у падрастаючага пакалення цікавасць да архітэктуры роднага краю і праходзіла ў намінацыях “Жывапіс”, “Графіка”, “Мастацкая фатаграфія”, “Архітэктурнае макеціраванне”. Дзеці ва ўзросце ад 4 да 16 гадоў працавалі па тэмах “Архітэктурная гармонія Беларусі: ад вытокаў да сучаснасці”, “Вуліца майго дзяцінства” і “Архітэктурныя фантазіі”. Згодна з рэспубліканскай прэсай, у конкурсе ўдзельнічалі больш за 200 работ.

Ігар стаў уладальнікам дыплома 3-й ступені ў мастацкім фота вуліцы свайго дзяцінства. А вуліца гэта, як заўважае сам Ігар, абсалютна рэальная. Яна знаходзіцца ў родным аграгарадку Вензавец і носіць назву Цэнтральная: там жыве яго бабуля.

-- Фатаграфіяй я пачаў займацца досыць даўно, – распавядае вучань 8-га класа. – Тым часам і пачаў наведваць гурток “Натхненне” пад кіраўніцтвам педагога Рыгора Рыгоравіча Ляшчуна.

Спачатку Ігар Крывулька здымаў на плёначны фотаапарат, а пасля бацькі падарылі лічбавую камеру, з якой ён не расстаецца: робіць здымкі прыроды, сяброў, кветак, якія, па яго словах, вырошчваюць тры яго бабулі. А ў конкурсе паўдзельнічаў, як і іншыя вензавецкія школьнікі, па прапанове Рыгора Рыгоравіча.

-- Настаўнік абвясціў нам умовы, тэмы конкурсу і сказаў: “У каго ёсць што прапанаваць, калі ласка, прыносьце ў школу”. І я прынёс свае фотаздымкі.
Захапленне фатаграфіяй для Ігара – адно з хобі, нароўні са стварэннем уласных творчых 3D-праектаў у Інтэрнэце. Са школьных дысцыплін яму больш падабаюцца мовы і інфарматыка, а пра будучую прафесію будзе час падумаць у наступных класах. А вось за ўзнагародай у Міністэрства архітэктуры, дзе акурат цяпер сярод дыпламантаў конкурсу экспануецца яго “вуліца дзяцінства”, паедзе 30 лістапада.

-- Нашы вучні – рэгулярныя ўдзельнікі як творчых конкурсаў, так і адукацыйных спаборніцтваў, – заўважае дырэктар Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ганна Іванаўна Франюк. – Тым больш прыемна, што часта яны паказваюць высокія вынікі. На маю думку, гэта заслуга не толькі саміх дзяцей, але і творчых, неардынарных і няўрымслівых педагогаў-выпускнікоў нашай школы, як Рыгор Рыгоравіч – па мастацтве, Святлана Станіславаўна – па замежнай мове.

За мінулы навучальны год установа адукацыі 12 разоў станавілася прызёрам творчых конкурсаў на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. Галоўны “рухавік” творчых працэсаў у школе – настаўнік выяўленчага мастацтва, чарчэння і працоўнага навучання, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Натхненне” і па сумяшчальніцтве класны кіраўнік Ігара Крывулькі – Рыгор Рыгоравіч Ляшчун.

-- Рыгор Рыгоравіч, якім чынам даведаліся пра конкурс “АрхНавацыя-2013”, хто падказаў?
-- Мы атрымліваем запрашэнні да ўдзелу ў творчых конкурсах па праграме супрацоўніцтва з Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі. Туды ж падаём заяўкі.

-- Хто можа ўдзельнічаць у такіх конкурсах: толькі гурткоўцы “Натхнення”?
-- Абсалютна не. Акрамя адукацыйнага працэсу, у мае абавязкі настаўніка выяўленчага мастацтва ўваходзіць выяўляць творчыя здольнасці вучняў і развіваць іх, таму пэўныя напрацоўкі, база ў нас ёсць. А да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца ўсе вучні школы, якія падыходзяць па ўзроставай катэгорыі і маюць вартыя работы адпаведнай тэматыкі.

-- Наколькі важкі ў такіх работах ваш удзел як педагога?
-- Дзеці прыносяць або гатовыя работы, або эскізы, якія я потым дапамагаю ім дапрацоўваць, прыводзіць у належны конкурсны стан. Аднак робяць усё, безумоўна, самі вучні: “рука” дарослага ў такіх работах будзе адразу заўважна вопытнаму спецыялісту.

-- Колькі работ бралі ўдзел у “АрхНавацыі-2013” ад вашай школы? Ці спрабавалі зрабіць макеты?
-- Мы перадалі для ўдзелу ў конкурсе дзве фотаработы і пару малюнкаў горада будучыні як “Архітэктурнай фантазіі”. За макет не браліся па некалькіх прычынах: працэс гэта працаёмкі і працяглы па часе, у нас няма напрацаванай вопытнай базы ў гэтай галіне і, нарэшце, усё патрабуе ўнушальных фінансавых выдаткаў.

-- Вы – частыя ўдзельнікі разнастайных творчых конкурсаў. Што з апошніх запомнілася найбольш?
-- Не так даўно мы заваявалі два першыя месцы ў абласным конкурсе плакатаў “Мая будучыня – бяспека маіх бацькоў”, дзе супастаўлялі сучасныя і сярэднявечныя сродкі індывідуальнай абароны, трактавалі паняцце бяспекі ў сям’і. Гэта быў досыць цікавы вопыт як для вучняў, так і для мяне самога.

-- Хто наведвае гурток “Натхненне”?
-- Працую з тымі, хто хоча займацца творчасцю. Гурток наведваюць дзеці 11-14 гадоў – вучні 5-8 класаў. Прыходзяць і старэйшыя вучні, але гэта хутчэй рэдкія выпадкі: у старэйшых класах і так вялікая агульнаадукацыйная нагузка.

Дырэктар Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы заўважае, што на заняткі “Натхнення” Рыгор Рыгоравіч збірае “аншлагі” – каля 30 чалавек рэгулярна наведваюць гурток. А “старажыл” гуртка васьмікласнік Ігар Крывулька заўважае, што для перамогі трэба няшмат: жаданне рабіць сваю ўлюбёную справу і крыху ўдачы, чаго ён і жадае сённяшнім і будучым канкурсантам.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/