НАРОДНАЯ СКАРБОНКА ГРОДЗЕНШЧЫНЫ



16-17 жніўня ў Лідзе і аграгарадку Гудзевічы Мастоўскага раёна прайшоў рэгіянальны фестываль абрадаў і рамёстваў "Скарбы Гродзеншчыны". Ён сабраў майстроў народнай творчасці, фальклорныя калектывы вобласці, рамеснікаў і аматарскія калектывы з Польшчы.

У рамках фестывалю адбылася абласная выстава-конкурс выцінанкі "Папяровыя фантазіі". Дзятлаўшчыну на ім прадставілі майстар выцінанкі Алена Турчэнік, маладыя таленты -- Анжаліка Мішчанка, Вікторыя Анушкевіч. З конкурсу яны прывезлі дыпломы, памятныя сувеніры.

Прайшла і прэзентацыя элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. Абрад "Юр'е" прадставіла кіраўнік фальклорнага гурта з вёскі Ахонава Святлана Гранкоўская.

На кірмашы рамёстваў у вёсцы Гудзевічы прайшла экспазіцыя выставак традыцыйных рамёстваў раённых дамоў і цэнтраў рамёстваў з дэманстрацыяй тэхналогіі выканання вырабаў. Майстар-клас па роспісе па дрэве правяла Вольга Жэгала з Дзятлаўскага раённага Дома рамёстваў. А вось са скарбамі народнай песеннай культуры нашага раёна на абласным фестывалі гледачоў пазнаёміў фальклорны калектыў з вёскі Студзераўшчына.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/