НАРАДЖЭННЕ ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ



21 верасня праваслаўныя веруючыя ўслаўляюць Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы. У гэты дзень ва ўсіх цэрквах адбываюцца Боскія Літургіі. Само свята адносіцца да дванаццаці найвялікшых святаў гадавога Богаслужэбнага кола. Яно з’яўляецца першым пасля пачатку царкоўнага года, і тут ёсць свая сімволіка: нараджэнне Маці чалавечага роду – гэта пачатак спаўненне адкрыцця аб нараджэнні Выратавальніка і распаўсюджанне Яго выратавальных заслуг на кожнага веруючага чалавека, увасабленне ў жыццё запаветаў, дадзеных некалі прабацькам, прароцтваў, адкрытых Святым Духам старазапаветным праведным мужам.

Падзея Нараджэння Прасвятой Багародзіцы адбылася больш за дзве тысячы гадоў таму ў далёкай іерусалімскай зямлі. Месца, дзе жыла святая і праведная пара, называлася Назарэтам. Пра малавядомасць і нязначнасць гэтага населенага пункта ўказваюць нам першыя словы Нафанаіла, аднаго з будучых вучняў Выратавальніка, пасля таго, як яго сябар Піліп загаварыў пра Месію: “З Назарэта ці можа быць што добрае?” (Ін. 1,46).

Бацькі Прачыстай Дзевы вялі праведнае жыццё, паходзілі са знакамітага роду. Іаакім, бацька Багародзіцы, паходзіў з калена Іўдава і меў роданальнікам цара Давіда, а Ганна, маці Прасвятой, была малодшай дачкой свяшчэнніка Матфана, ад племені Ааронава. Вядома, што муж з жонкай жылі бязбедна, мелі вялізныя статкі, з якіх адну частку аддавалі на храм, другую – жабракам, частку пакідалі сабе. Унутраная набожнасць спалучалася з іх знешняй уладкаванасцю. Адзінае засмучала: знаходзячыся ў пажылым узросце, Іаакім і Ганна былі бяздзетнымі.

Бяздзетнасць у яўрэйскім асяроддзі з часоў грэхападзення лічылася вялікім няшчасцем і пакараннем Бога. Звязана гэта было з тым, што з нараджэннем дзіцяці чакаўся прыход у свет Прымірыцеля, які ўладкуе на зямлі царства. У кнігах Свяшчэннага Пісання Старога Запавету прыведзены шматлікія прыклады таго, якім цяжкім грузам з’яўлялася няздольнасць нарадзіць дзіця для саміх бацькоў. Вось некаторыя з іх.

Ганна, маці Самуіла, вялікага правіцеля іўдзейскага народа, горкімі слязамі вымаліла ў Госпада, каб Ён падарыў сына (1 Цар. 1,13). Чытаючы жыццеапісанне прабацькі Аўраама, становімся сведкамі, што і ён неаднаразова прасіў Усявышняга аб сыне. Маці святога Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподня Іаана -- Лізавета, жонка першасвяшчэнніка Захарыі, называе сваю няплоднасць сорамам.

Пакорна і без нараканняў праведная пара Іаакіма і Ганны несла свой крыж, імкнучыся з большай стараннасцю дагадзіць Богу цвёрдым выкананнем Яго закона. Але аднойчы, у час свята, Іаакім, як патрабаваў таго звычай, хацеў прынесці ахвяру Богу. Свяшчэннік не пажадаў прыняць яе, сказаўшы, што яна не патрэбная Усявышняму па прычыне яго бяздзетнасці. Горыч незаслужанай крыўды ўразіла сэрца праведніка. Іаакім ідзе ў пустыню і ў посце і малітве праводзіць там сорак дзён.

Аб тым, што адбылося ў храме, хутка даведалася і Ганна. Тое, што пакінуў муж, сорам перад людзьмі, вырачэнне Богам не зламалі яе. Слёзы аб пазбаўленні ад няплоднасці, абяцанне пасвяціць Богу сваё Дзіця, пост і малітва былі з Ганнай на працягу сарака дзён.

Нарэшце, малітвы абодвух былі пачуты. Анёл Божы паведаміў праведным старцам Ганне і Іаакіму аб тым, што ў іх народзіцца дзіця, імя якому будзе Марыя, бо праз Яе благаславяцца ўсе народы, атрымае выратаванне ўвесь свет, здзейсняцца запаветы прарокаў, таму што Ёй прадвызначана Богам стаць Маці Сына Божага, Выратавальніка Свету. Імя Марыя азначае з яўрэйскай мовы “пані”, “надзея”.

Падзея, якая адзначаецца 21 верасня, паказвае нам тое, што многае схавана ад погляду і разумення чалавека. Гэта зроблена для таго, каб з’явілася Прамудрасць і Промысел Божы. Магчыма, нехта з нас, азіраючыся назад, у мінулае, мог назіраць, як добра, што менавіта так, а не інакш, усё адбылося. Калі б здарылася па-нашаму, мы маглі б загінуць, нанесці шкоду сабе і блізкім, страціць, а не набыць. Таксама ў святкуемым гістарычным моманце нам адкрываецца тое, што чым мацней выражана бездапаможнасць чалавека ў жыццёвых сітуацыях, тым больш яўнай становіцца Божая дапамога, якая не пакідае чалавека ні на секунду.

І ўрэшце. Для чалавека, які шчыра верыць, поўнасцю давярае Богу, не існуе сваёй волі. Толькі адсячэннем уласнай волі мы можам наблізіць да сябе Божую дапамогу і яго прыхільнасць.

І. ЗІНЧАНКА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/