НА СЛУЖБЕ БЫТУ



Напярэдадні свята работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва карэспандэнт газеты пагутарыў з Уладзімірам Мармышом, дырэктарам унітарнага камунальнага прадпрыемства “Дзятлаўскі камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва”. На сёння КБА – гэта тры Дамы быту, трынаццаць комплексна-прыёмных пунктаў, цэх рытуальных паслугаў, пральня, цэхі па пашыве і рамонце вопраткі, абутку, цырульні.

-- Уладзімір Уладзіміравіч, як мінулы год склаўся для вашага прадпрыемства? Чым можаце пахваліцца?
-- Мінулы год скончыўся для нас няблага. Па яго выніках былі выкананы ўсе прагнозныя паказчыкі. На працягу года развівалі ўжо напрацаваны спектр бытавых і сацыяльна значных паслугаў.
У мінулым годзе мы будавалі, а ў гэтым запусцілі ў дзеянне сваю кацельную у Доме быту. Для нас гэта адчувальнае скарачэнне выдаткаў на камунальныя плацяжы. Кацельная абышлася дзесьці ў 500 мільёнаў рублёў, думаем, што ўкладзеныя ў яе сродкі акупяцца за тры з паловай года. Напрыканцы мінулага года набылі рытуальны аўтамабіль, і цяпер прадпрыемства гатова ў поўным аб’ёме прадастаўляць насельніцтву спектр рытуальных паслугаў.
Адзінае, што хацелася б палепшыць, паказчыкі па бытавых паслугах на вёсцы. Здаецца, яны там і патрэбныя, але насельніцтва неяк неактыўна імі карыстаецца. Таму некаторыя віды паслугаў былі ў нас стратныя.

-- Хто працаваў у мінулым годзе паспяхова?
-- Добры рух дэманстравала наша прадпрыемства па выпуску жалезабетонных вырабаў. Сярод прадпрыемстваў раёна і насельніцтва папулярнымі аказаліся агароджы, садова-паркавыя скульптуры, лаўкі, вазы. Магчыма таму, што мы рэалізавалі сістэму растэрміноўкі, паколькі абгарадзіцца – каштуе немалых грошай. Раней з гэтым узнікалі праблемы, бо цэны на сыравіну і матэрыялы былі нестабільныя і раслі. Таму ў мінулым годзе мы былі вымушаны агаворваць з кліентамі магчымасць росту плацяжоў па растэрміноўцы пры падаражанні сыравіны.
Няблага сябе адчувае швейная вытворчасць. Па трох прычынах. Першая – рознабаковасць заказаў. Мы шыем як для раённых арганізацый, рэгіянальных суседзяў, так і для жыхароў раёна. З гэтага вынікае другое – свая сетка продажу на комплексна-прыёмных пунктах і ў магазіне ў Доме быту. І трэцяе – шырокі асартымент: спецадзенне для арганізацый, спартыўныя касцюмы, пухавікі, мужчынская і жаночая вопратка для насельніцтва.
У комплексна-прыёмных пунктах прымаем абутак на рамонт, бывае там выязны цырульнік, прадаём рытуальныя прыналежнасці і шмат іншага. Калектыў стараецца, працуе зладжана, плячом да пляча. Лепшыя будуць адзначаны на ўрачыстым сходзе граматамі і каштоўнымі падарункамі.

-- Ці адчуваеце недахоп кадраў? Рашаецца гэта маладым папаўненнем?
-- Сутыкаемся. Таму што работа ў нас спецыфічная, з людзьмі. Складана, напрыклад, знайсці чалавека на вёсцы, які будзе адданы сваёй працы. Але папаўненне ёсць. Прыходзяць маладыя швачкі, бухгалтары, цырульнікі. Апошніх, праўда, няшмат. Пасля практыкі ў нас і напрацоўкі базы кліентаў яны сыходзяць у “вольны палёт”.

-- А якія планы на Год беражлівасці? Ці заўважылі, што людзі сталі больш беражлівыя?
Кожны год праводзім мерапрыемствы па энергазберажэнні, кантралюем расход электраэнергіі. Да беражлівасці можна аднесці і тую ж кацельную. Стаіць пытанне аб уцяпленні нашага будынка і замене вокнаў.
Плануем на гэты год развіваць наш спектр паслугаў, каб фінансава аздаравіць прадпрыемства, каб падняць заробак работнікаў.
Людзі адназначна сталі больш ашчадна адносіцца да сваіх рэчаў. Абутак, які зараз прыносяць на рамонт, раней проста адпраўлялі на звалку. Цікава, што рамонт носіць сезонны характар. Набліжэнне вясны ці зімы – і ў нас наплыў кліентаў. Людзі скардзяцца на чэргі, але трэба разумець, што гэта – сезонная з’ява. Таму планаваць, у чым будзеце хадзіць праз месяц, неабходна загадзя.

-- Што пажадаеце сваім работнікам?
-- У першую чаргу – здароўя. Цярпення ў рабоце з кліентамі. Цяпла і ўтульнасці – у іх сем’ях, творчага пад’ёму і стараннасці.

Гутарыў В. АЛЯХНОВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/