НА “ГАРАЧУЮ ЛІНІЮ” ПАСТУПІЎ ДЗЯСЯТАК ТЭЛЕФОННЫХ ЗВАНКОЎ



Чарговую “Гарачую лінію” з жыхарамі раёна правёў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Іван Крахмальчык. За гадзіну кіраўніку раёна з надзённымі пытаннямі і прапановамі патэлефанавалі дзесяць чалавек.

Самым папулярным у дыялогу Івана Крахмальчыка з дзятлаўчанамі стала пытанне спілавання дрэваў. Як патлумачыў старшыня равыканкама тэлефанаваўшым, аказвае гэту паслугу насельніцтву жыллёва-камунальная гаспадарака, паслуга ажыццяўляецца на платнай аснове. Дарэчы, апошнім часам людзі сталі ўсё часцей звяртацца з просьбай спілаваць дрэвы, што прывяло да чаргі на аўтавышку Дзятлаўскага РУП ЖКГ. Але сёння работы не спыняюцца, паступова, згодна з чаргой, задавольваюцца ўсе заявы жыхароў раёна. Што датычыцца вёскі Мядзвінавічы, адкуль паступіў званок-скарга, прычыны невыканання работ па заяўцы вяскоўцаў на спілаванне дрэваў, будуць высвятляць адказныя асобы.

На вуліцы Белуша ў Дзятлаве не гарыць ліхтар, што стварае для людзей, чые дамы размешчаны ў гэтай частцы вуліцы, нязручнасці і нават небяспеку – менавіта такія цёмныя куты становяцца прынадным месцам для зламыснікаў. У бліжэйшы час непаладка з электразабеспячэннем будзе ўхілена.

У аграгарадку Дварэц ад няспраўнай каналізацыйнай сістэмы пакутуюць жыхары дома па вуліцы Новая. Прыкладна раз у месяц каналізацыя забіваецца, і ўвесь бруд сцякае ў падвальнае памяшканне. Рэгулярнае адкачванне каналізацыі вынікаў не дае – пытанне патрабуе радыкальнага вырашэння. У размове з заяўнікамі старшыня райвыканкама падкрэсліў, што гэтым неадкладна зоймуцца адпаведныя службы.

На дрэнны стан дарогі па вуліцы 60 гадоў БССР у вёсцы Лозкі паскардзіліся двое мясцовых жыхароў. Іван Крахмальчык адказаў, што правесці падсыпку, і тым больш асфальтаванне дарогі, немагчыма з-за недахопу фінансавых сродкаў. Разам з тым ён запэўніў тэлефанаваўшых, што, як магчымы мінімум, дарога будзе прагрэйдзіравана.

У вёсцы Пруд пасля таго, як звольнілася прадавец, доўгі час не працуе магазін. Занепакоеныя лёсам свайго магазіна вяскоўцы патэлефанавалі на “Гарачую лінію”. У адказ яны пачулі, што кіраўніку раёна добра вядома гэта праблема, цяпер падбіраюць спецыяліста на пасаду прадаўца.
Варта адзначыць, што тэлефанавалі людзі не толькі са скаргамі і праблемамі. Прыняў да разгляду Іван Іосіфавіч прапанову жыхаркі райцэнтра аб увядзенні курса аквааэробікі для жанчын на базе басейна ў Дзятлаве. Як зазначыў страшыня райвыканкама, гэта няпростае пытанне, шмат ёсць па ім нюансаў, але яно будзе ўзята на заўвагу і разгледжана спецыялістамі.

І. ГАЛОМЗІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/