НА ДЗЯТЛАЎШЧЫНЕ БУДЗЕ ПАБУДАВАНЫ ДЗІЦЯЧЫ ДОМ СЯМЕЙНАГА ТЫПУ



Аддзел адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама інфармуе жыхароў раёна, што сёлета ў райцэнтры будзе пабудаваны і здадзены ў эксплуатацыю дзіцячы дом сямейнага тыпу. Вядзецца падбор кандыдатаў на ролю бацькоў-выхавальнікаў.

ШТО НЕАБХОДНА ВЕДАЦЬ БАЦЬКАМ-ВЫХАВАЛЬНІКАМ

Дзіцячы дом сямейнага тыпу -- гэта сям'я, якая прыняла на выхаванне ад пяці да дзесяці дзяцей-сірот і (або) дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў (але не больш за 10, уключаючы сваіх уласных). У межах сям'і муж і жонка выконваюць абавязкі па выхаванні дзяцей на падставе дагавора аб умовах выхавання і забеспячэння дзяцей і працоўнага дагавора.

Бацькі-выхавальнікі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, маральным і фізічным развіцці, ствараць неабходныя ўмовы для атрымання імі адукацыі, рыхтаваць іх да самастойнага жыцця. Бацькі-выхавальнікі нясуць за выхаванцаў дзіцячага дома сямейнага тыпу адказнасць, згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Правы бацькоў-выхавальнікаў не могуць супярэчыць інтарэсам дзяцей.

Час работы ў якасці бацькоў-выхавальнікаў залічваецца ў агульны працоўны стаж. Бацькі выхавальнікі з'яўляюцца педагагічнымі работнікамі аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама і маюць права на аплачваемы водпуск, прэміі і г. д. На дзіцячы дом сямейнага тыпу ўстанаўліваецца 1,5 штатнай адзінкі бацькоў-выхавальнікаў.

Перадача дзяцей у дзіцячы дом сямейнага тыпу не выклікае ўзнікнення паміж бацькамі-выхавальнікамі і выхаванцамі аліментных і спадчынных праваадносінаў. За прыёмнымі дзецьмі захоўваюцца ўсе льготы і сацыяльныя гарантыі дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Дзяржава дапамагае ў арганізацыі аздараўлення і летняга адпачынку дзяцей, у афармленні дзіцяці ва ўстанову адукацыі.

Перадача дзіцяці ў дзіцячы дом сямейнага тыпу здзяйсняецца з улікам яго меркавання. Перадача ў дзіцячы дом сямейнага тыпу дзіцяці, якое дасягнула ўзросту 10 гадоў, здзяйсняецца толькі з яго пісьмовай згоды. Раз'яднанне братоў і сясцёр, як правіла, не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, калі гэта адпавядае іх інтарэсам.

На выхаванне ў дзіцячы дом сямейнага тыпу перадаюцца ў тым ліку выхаванцы дзіцячых інтэрнатных установаў, дзяржаўных спецыялізаваных установаў для непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе і рэабілітацыі.

Пры падборы дзяцей, адміністрацыя ўстановаў павінна азнаёміць бацькоў-выхавальнікаў з асабовай справай дзіцяці, перадаваемага на выхаванне, медыцынскім заключэннем аб стане яго здароўя, фізічным і разумовым развіцці.

Асобы, якія жадаюць стварыць дзіцячы дом сямейнага тыпу (далей -- кандыдаты ў бацькі-выхавальнікі), павінны падаць у орган апекі і апекавання па месцы жыхарства наступныя дакументы:
-- даведку з месца працы, службы аб займаемай пасадзе кандыдата ў бацькі-выхавальнікі;
-- даведку аб памеры заработнай платы (грашовага забеспячэння) за год, які папярэднічае году стварэння дзіцячага дома сямейнага тыпу;
-- медыцынскае заключэнне аб стане здароўя кандыдата ў бацькі-выхавальнікі (накіраванне на праходжанне медыцынскага агляду выдае сектар аховы дзяцінства);
-- копію пашпарта;
-- копію пасведчання аб шлюбе.

Органы апекі і апекавання вывучаюць асабістыя якасці кандыдатаў, лад жыцця, традыцыі сям'і, міжасабовыя адносіны ў сям'і, ацэньваюць гатоўнасць усіх членаў сям'і забяспечыць асноўныя жыццёвыя патрэбы дзяцей, робяць запыты на кандыдатаў у бацькі-выхавальнікі характарызуючыя матэрыялы з аддзела ўнутраных спраў райвыканкама і арганізоўваць навучанне кандыдатаў.

Бацькамі-выхавальнікамі могуць быць дзеяздольныя асобы як жаночага, так і мужчынскага полу ва ўзросце ад 25 гадоў. У першую чаргу дзеці перадаюцца на выхаванне ў поўныя сем'і. Пры падборы бацькоў-выхавальнікаў пераважным правам карыстаюцца грамадзяне, якія маюць педагагічную, псіхалагічную або медыцынскую адукацыю, станоўчы вопыт выхавання дзяцей у якасці бацькоў, усынаўляльнікаў, прыёмных бацькоў, апекуноў.

МАТЭРЫЯЛЬНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ДЗІЦЯЧАГА ДОМА СЯМЕЙНАГА ТЫПУ

Для стварэння дзіцячага дома сямейнага тыпу забяспечанасць агульнай плошчай жылога памяшкання на аднаго члена сям'і і выхаванца павінна складаць не менш за 15 метраў квадратных. Пры фарміраванні дзіцячага дома сямейнага тыпу орган апекі і апекаванна забяспечвае яго неабходным абсталяваннем, мэбляй і мяккім інвентаром.

На гаспадарчае абслугоўванне будынкаў, аплату за водазабяспячэнне, каналізацыю, вываз і абясшкоджванне тэхнічных бытавых адходаў і іншыя расходы, звязаныя з эксплуатацыяй будынкаў, дадаткова выдзяляюцца сродкі, згодна з разліковымі кніжкамі або адпаведнымі дакументамі па нормах і тарыфах, якія дзейнічаюць на гэтай тэрыторыі.

На набыццё лекаў выдзяляюцца грашовыя сродкі з разліку фактычных патрэбаў.

На забеспячэнне выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу здзяйсняюцца штомесячныя грашовыі выплаты, згодна з зацверджанымі нормамі расходаў на харчаванне, забеспячэнне адзеннем, абуткам, мяккім інвентаром і абсталяваннем, вучэбнымі дапаможнікамі і прыладамі, сродкамі асабістай гігіены, іншымі рэчамі першай неабходнасці, а з сямі гадоў -- на асабістыя расходы выхаванцаў у парадку, вызначаным заканадаўствам.

Кансультацыю можна атрымаць у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама па адрасе: г. Дзятлава, вул. Чапаева 18/1, тэл. 2-23-71, або ў сацыяльна-педагагічным цэнтры г. Дзятлава па адрасе: вул. Кутузава, 3, тэлефон 2-71-18.

А. ЖЭГАЛІК, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра г. Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/