Н. БУЙКО: "НЕ ШКАДУЮ, ШТО ВЫКАНАЛА БАЦЬКОЎСКІ НАКАЗ"



Мастачка-восень крочыць па зямлі. Вось яна сваім чароўным пэндзлікам дакранулася да бярозак -- і на іх з'явіліся сонечна-залацістыя плямкі пажаўцелай лістоты. Трапілася на шляху павуцінне -- і яно заззяла дыяментамі расінак. Дзе ні ступіць восень -- паўсюль яркія фарбы, поўныя кошыкі сакавітых яблыкаў, грушаў, сліваў, грыбоў. Багаты гэты час года на кветкі, ураджай і на таленавітых людзей, якія ў восеньскія дні святкуюць сваё нараджэнне або прафесійнае свята -- Дзень настаўніка.

4 верасня адсвяткавала чарговы юбілей мудрая настаўніца, шчырай душы чалавек, клапатлівая маці і бабуля Ніна Рыгораўна Буйко. Жыццё яе не песціла: нарадзілася ў небагатай сям'і работніка чыгункі, дзе гадаваліся яшчэ трое дзяцей і жыла бабуля.

-- Наш бацька часта быў у раз'ездах, -- узгадвае Ніна Рыгораўна, -- а мы, дзеці, дапамагалі матулі па гаспадарцы. Маці працавала ў калгасе ў ільнаводчым звяне, спраўляцца па гаспадарцы адной ёй было складана. Мы палолі агарод, жалі жыта, рвалі лён, пасвілі кароў. Толькі ўвечары садзіліся за ўрокі. Пры святле газавай лямпы пісалі, чыталі, а пасля яшчэ доўга чакалі з працы бацьку. Ён заўжды прывозіў нам "зайчыкаў хлеб". Калі тату шанцавала, ён вёз дамоў булачку, пасыпаную макам, -- вялікае шчасце для нас малых.

Прафесію педагога мне таксама вызначылі бацькі. Яны ўвесь час казалі: "Дачка, ты павінна стаць настаўнікам". Я і сёння не шкадую, што выканала бацькоўскі наказ.

У 1975 годзе Ніна Рыгораўна скончыла Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага, атрымала спецыяльнасць настаўніцы хіміі і біялогіі. Працаваць пачала на Дзятлаўшчыне, настаўніцай у Данілавіцкай сярэдняй школе, пазней -- намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.

-- Мне, як маладому педагогу, напачатку не хапала вопыту, -- прызнаецца Ніна Рыгораўна. -- У маім прафесійным станаўленні вялікую ролю сыграла Яўгенія Рыгораўна Савань, якая на той час працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №1. Я прыязджала да яе, гартала яе планы, пратаколы. Дзякуючы гэтаму, у мяне з'яўляліся ўласныя ідэі, якія мы з калегамі ажыццяўлялі на практыцы.

У Данілавіцкай школе, дарэчы, я сустрэла сваю "другую палавінку" -- Мяфодзія Аляксеевіча Буйко, які на той час быў дырэктарам. Затым мужа перавялі ў райцэнтр, дзе ён працаваў старшынёй Дзятлаўскага сельвыканкама, і наша сям'я пераехала. Мне прапанавалі работу метадыста, пазней -- інспектара ў аддзеле адукацыі. Працаваць даводзілася і з маладымі, і з вопытнымі педагогамі. Было скаладана, бо падрасталі сыны, якія патрабавалі да сябе ўвагі. Але праца ў аддзеле адукацыі давала магчымасць азнаёміцца з вопытам работы самых таленавітых педагогаў Дзятлаўшчыны, майстроў сваёй справы, бачыць, як яны працуюць з дзецьмі, размаўляць, пераймаць лепшае. І сёння ўзгадваю цікавыя ўрокі настаўнікаў-метадыстаў С. П. Макавецкай, В. І. Юткінай, Л. Л. Карлоўскай, А. М. Чурыла, Я. Р. Савань. Наведваючы іх заняткі, і я ўсё больш разумела, што маё месца -- за настаўніцкім сталом. Таму перайшла працаваць у СШ №1 г. Дзятлава настаўніцай хіміі.

Больш за 25 гадоў Ніна Рыгораўна Буйко адпрацавала ў першай школе. На сваіх уроках выкарыстоўвала назапашаны вопыт, старалася перадаць вучням грунтоўныя веды па прадмеце, за што неаднаразова была ўзнагароджана граматамі абласнога і раённага аддзелаў адукацыі. Як прызнаецца, дзеці не давалі ёй старэць, хварэць, прымушалі рухацца наперад, развівацца, шукаць новыя падыходы ў выкладанні хіміі, даволі складанага прадмета.
Цяпер Ніна Рыгораўна Буйко -- метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама. Гэта не перашкаджае яе былым вучням прыходзіць да са сваёй настаўніцы па мудрыя жыццёвыя парады, віншваць яе са святамі, дарыць кветкі, якія Ніна Рыгораўна вельмі любіць.

Н. ЯКАБЧУК, настаўніца СШ №1 г. Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/