"МЫ ЖЫВЁМ ЗДОРАВА!"



Адказваюць вучні гімназіі №1 г. Дзятлава на пытанне аб іх установе. Так лічаць і тыя, хто займаецца тут толькі шэсць месяцаў, і выпускнікі-адзінаццацікласнікі, якія некалі прыйшлі ў яе сцены, здаўшы ўступныя іспыты.

Нядаўна ў гімназічным прэс-цэнтры прайшоў круглы стол з удзелам адміністрацыі і вучняў. Прысутныя мелі магчымасць выказаць свае меркаванні наконт вучобы і гімназічнага жыцця.

-- Мы любім сваю гімназію, -- расказала Яўгенія Кетка, вучаніца 8 "Б" класа. — Тут можна не толькі вучыцца, але і паспрабаваць свае сілы ў вершаскладанні, вакале, сыграць ролю казачнага персанажа на сцэне, паўдзельнічаць у конкурсе паэтычнага майстэрства, а тыя, хто добра малюе, могуць стаць удзельнікамі гімназічнай выставы, атрымаць прыз за лепшую работу. Гімназія дае магчымасць прыняць удзел у алімпіядным руху, актыўна вывучаць прадмет, рыхтавацца, заняць прызавое месца. Так, сёлета я заняла другое месца на абласной алімпіядзе па матэматыцы, рыхтуюся да яе рэспубліканскага этапу. Настаўнікі і класныя выхавальнікі ўважліва ставяцца да прыродных здольнасцяў дзяцей, стараюцца іх усебакова развіваць.

-- Сапраўды, так, -- уключылася ў размову класны выхавальнік 6 класа Р. В. Свішчук. — У гімназіі створаны банк адораных дзяцей, у які занесены вучні, здольныя паказаць вынікі не толькі па асобных прадметах, але і ў розных накірунках творчай дзейнасці. Калі школьнікі паступаюць да нас у пяты клас, з імі праводзіцца ўсебаковая работа па выяўленні прадметных і творчых здольнасцяў: праводзяцца тэсты на вывучэнне відаў памяці, узроўню інтэлекту, творчых схільнасцяў. З вынікамі знаёмяцца бацькі, настаўнікі, абмяркоўваецца далейшы шлях развіцця дзіцяці, мэтазгоднасць развіцця ў яго той ці іншай здольнасці. З вучнямі пачынаюць працаваць настаўнікі, рыхтаваць з іх будучых алімпіяднікаў, таму што за адзін год высокіх вынікаў дасягнуць немагчыма. Гімназісты, якія праяўляюць творчыя задаткі, могуць займацца ў гуртках, клубах, факультатывах, што працуюць на базе гімназіі. Штогод праводзяцца ўнутрыгімназічныя прадметныя турніры, прэзентацыі, конкурсы малюнкаў, вершаў, відэастужак, афармляюцца зборнікі. Гімназісты ўдзельнічаюць у раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсах творчасці. У гэтым навучальным годзе ў нас пачаў працаваць клуб таленавітых людзей "Светач", які дапамагае дзецям знайсці сябе ў музыцы, паэзіі, маляванні, праявіць свае здольнасці, прэзентаваць іх перад усёй гімназіяй.

-- Асаблівую ўвагу ў рабоце з адоранымі вучнямі мы надаём падрыхтоўцы да прадметных алімпіяд, -- зазначыла намеснік дырэктара па навучальна-метадычнай рабоце А. Р. Абрамчык. — Алімпіяда -- гэта не проста дэманстрацыя стандартных ведаў па прадмеце. Гэта паказ звышздольнасцяў, арыгінальнасці мыслення, прыроднай адоранасці, прагі да творчасці і, безумоўна, сілы волі, характару. Бо дасягнуць поспеху па прадмеце, нават на абласной алімпіядзе, дзе для ўдзелу па рэйтынгу адабраны дваццаць-дваццаць пяць лепшых вучняў з усіх раёнаў, ой як няпроста! А нашы дзеці праяўляюць сябе, даказваюць усім, што яны лепшыя. Так, сёлета мы маем тры прызавыя месцы на абласной алімпіядзе: дыплом ІІ ступені па матэматыцы прывезла Яўгенія Кетка, вучаніца 8 класа, дыплом ІІ ступені па інфарматыцы пакарыўся вучню 11 класа Андрэю Пазняку, дыплом ІІІ ступені па інфармытыцы атрымаў Андрэй Пульша, вучань 11 класа. Яшчэ два вучні прывезлі граматы "За асаблівыя поспехі ў вывучэнні прадмета": Аляксей Шундрык -- па англійскай мове, Вольга Абрамчык — па беларускай мове. Аляксей Шундрык, вучань 11 класа, стаў таксама пераможцам рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі вучняў, прывёз дыплом ІІІ ступені па англійскай мове. Гэта нашы зорачкі, наш залаты запас, вучні, якімі мы ганарымся. Усе трое прызёраў абласной алімпіяды былі адабраны абласной камісіяй для ўдзелу ў падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды, пабылі на прадметных зборах. Гэта поспех для нашай гімназіі, яшчэ адзін крок наперад. Удзельнікамі рэспубліканскай алімпіяды былі ў розныя гады чатыры нашыя выпускнікі — Андрэй Свіб, Ліза Шавель, Аліна Герус, Маша Старыкава. Адміністрацыя і калектыў даўно прыйшлі да высновы: каб дасягнуць вынікаў, неабходна працаваць зладжана і мэтанакіравана, не думаць пра ўзнагароды. Сумленная і шчырая праца заўсёды будзе ўзнагароджана поспехам. Мы вельмі ўдзячныя сёння нашым педагогам С. І. Халецкай, С. І. Кетка, А. З. Гецэвічу, І. У. Зубрылінай за іх прафесіяналізм, уменне зразумець вучня, раскрыць у ім самыя лепшыя бакі асобы.

-- Гэта сапраўды так, -- прадоўжыла размову намеснік дырэктара па навучальнай рабоце Ж. С. Нагавонская. — На паўсядзённую сумленную працу скіравана ўся навучальная работа ва ўстанове. Вучні паступаюць да нас, прайшоўшы іспыты па рускай, беларускай мовах і матэматыцы. Трапіўшы ў гімназію, яны знаёмяцца з патрабаваннямі і ўмовамі працы ў нашай установе адукацыі. А патрабаванні ў нас такія: старанна вучыцца, падпарадкоўвацца нормам і правілам гімназічнага жыцця, актыўна ўдзельнічаць у жыцці класа і гімназіі. У нас дзеці трапляюць да класных выхавальнікаў, якія пастаянна знаходзяцца з імі, суправаджаюць на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці, клапоцяцца пра іх харчаванне ў сталовай, захаванне санітарна-гігіенічных нормаў у класе. Гэта іх "другія мамы". Яны трымаюць цесную сувязь з настаўнікамі-прадметнікамі, бацькамі, дапамагаюць дзецям, калі ў іх узнікаюць цяжкасці з-за пропускаў заняткаў або па іншых уважлівых прычынах. Такая работа дае плённы вынік. Працэнт паспяховасці (колькасць вучняў, якія займаюцца на 6-10 балаў) у гімназіі штогод расце. Так, у 2009-2010 навучальным годзе ён складаў 92,4%, у 2010-2011 навучальным годзе — 93,4%, у 2011-2012 — 95,2%. Сярэдні бал паспяховасці за мінулы навучальны год па гімназіі склаў 8,67 бала. Гэта станоўча ўплывае на паступленні нашых выпускнікоў. У 2011-2012 навучальным годзе ў вышэйшыя навучальныя ўстановы рэспублікі паступілі 29 гімназістаў з 33 (88% ад агульнай колькасці выпускнікоў). Прыведзеныя лічбы сведчаць, што ў гімназіі вядзецца мэтанакіраваная падрыхтоўка вучняў па ўсіх прадметах, працуюць настаўнікі-прафесіяналы, побач з якімі маладое пакаленне мужнее, набіраецца вопыту. Ёсць у нас і пастаянныя высокія (90% і больш) вынікі на ЦТ. Іх атрымалі па розных прадметах нашы выдатнікі Ліза Шавель, Марыя Старыкава, Віка Якубоўская, Насця Ёда, Крысціна Якаўчык, Алеся Лагута, Таццяна Бурба, Таццяна Ярмаловіч і іншыя.

-- Нашы выпускнікі — студэнты ВНУ -- на зімовых канікулах завіталі ў гімназію, -- расказала А. В. Радомская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. — Яны з упэўненасцю сцвярджаюць: гімназія дае трывалыя веды. Выпускнікі ўмеюць пісаць рэфераты, займаюцца навуковай дзейнасцю, азы якой засвоілі яшчэ тут, умеюць абараняць свае работы публічна, а тыя, хто спяваў і танцаваў, сталі членамі творчых калектываў у ВНУ, атрымалі дзякуючы гэтаму месцы ў студэнцкіх інтэрнатах. Нашы медалісты таксама актыўна праяўляюць сябе. На выдатна вучацца Ліза Шавель, Марыя Старыкава, Насця Ёда. Гімназія, упэўнены выпускнікі, вучыць вучыцца, быць самастойнымі, паспяховымі, творчымі, а гэтыя якасці ніколі не бываюць лішнія.
Для развіцця прыроднх здольнасцяў мы прапануем гімназістам заняткі ў інтэрнацыянальным клубе "Субяседнік", якім кіруе І. У. Зубрыліна, удзел у секцыях навуковага таварыства "Эверэст", заняткі ў вакальнай студыі, гуртку "Што? Дзе? Калі?", гуртку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, клубе "Пошук", клубе таленавітых людзей "Светач", раённай школе "Юныя таленты", якая працуе на базе гімназіі, а таксама ў спартыўных секцыях.

-- Наш дэвіз: праз церні – да зорак. Наша гімназія ў пастаянным пошуку новых форм і метадаў работы з вучнямі, мы заўсёды ў рэчышчы тых змен, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі краіны, -- завяршыла размову дырэктар гімназіі І. І. Гецэвіч. — На базе ўстановы паспяхова вядзецца інавацыйная дзейнасць па тэме "Комплекснае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій для развіцця ўстановы адукацыі". Калектыў гімназіі плануе ў далейшым заняцца дыстанцыйным навучаннем. Мы ганарымся нашым гімназічным музеем і яго кіраўніком Ж. С. Нагавонскай, нашымі настаўнікамі, якія носяць ганаровае званне "Выдатнік адукацыі": Т. Ф. Кіслай, С. І. Халецкай, Г. С. Урбановіч, І. У. Зубрылінай. Імкнёмся стварыць у нашай установе ўтульнасць і камфорт: штогод уводзім у дзеянне новыя, адрамантаваныя кабінеты. У нас ёсць добра абсталяваныя сталовая і спартыўная зала, два камп’ютарныя кабінеты, у якіх вучні паспяхова засвойваюць электронныя прадметныя праграмы, сёлета абсталявалі лінгафонны і дэманстрацыйны кабінеты, тут можна спасцігаць веды з дапамогай інфармацыйных тэхналогій. Ёсць пэўныя задумкі па добраўпарадкаванні падворка гімназіі. Наш педагагічны калектыў добра разумее ўскладзеную на яго адказнасць: быць паспяховым, адпавядаць статусу "гімназія", не спыняцца на дасягнутым, быць у пастаянным творчым пошуку. У нас нельга працаваць дрэнна: тут гэта адразу відаць і калегам, і дзецям, таму кожнага педагога можна смела назваць прафесіяналам.

Мы шчыра запрашаем да нас у гімназію вучняў раёна, якія любяць вучыцца, ставяць перад сабой мэты быць паспяховымі і гарантавана паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы рэспублікі. Сёлета набор будзе вясціся не толькі ў пяты класс, але і ў іншыя класы, таму спадзяёмся на супрацоўніцтва са школамі і бацькамі, якія непакояцца за будучае сваіх дзяцей. А для вучняў, якія хочуць паступіць у пяты клас, з першага красавіка адкрываюцца курсы па падрыхтоўцы да ўступных іспытаў.

Запісала В. АБРАМЧЫК, вучаніца Дзятлаўскай гімназіі №1

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/