МЫ ПАМЯТАЕМ ПРА ВАС, ВЕТЭРАНЫ



У 1939 годзе, пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, на яе тэрыторыі была ўтворана і пачала працаваць савецкая міліцыя. Праваахоўнікамі на той час было нямала зроблена для навядзення парадку, але хутка пачалася Вялікая Айчынная вайна, і Беларусь была акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ёсць асобны стэнд, прысвечаны былым супрацоўнікам дзятлаўскай міліцыі Міхаілу Васільевічу Карабанаву і Уладзіміру Паўлавічу Зайцу. Абодва яны -- прыклад сумленнага служэння Радзіме, вернасці сваёй прафесіі.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Васільевіч Карабанаў працаваў оперупаўнаважаным Зэльвенскага, Казлоўшчынскага раённых аддзелаў унутраных спраў, а з 1965 года -- старшым оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку Дзятлаўскага РАУС, пазней быў назначаны начальнікам Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы. За заслугі перад Радзімай узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі "За баявыя заслугі", "За перамогу над Германіяй", медалём першай ступені "За бездакорную службу".

Калі Германія падпісала акт аб капітуляцыі і вайна скончылася, Уладзімір Паўлавіч Заяц па камсамольскай пуцёўцы прыйшоў працаваць у міліцыю. Час быў нялёгкі: у лясах яшчэ хаваліся бандыты, якія па начах рабавалі і забівалі мясцовых жыхароў. На рахунку гэтага смелага праваахоўніка, участковага інспектара міліцыі, шмат подзвігаў, звязаных з рызыкай для жыцця. Ён сабраў ля сябе кагорту актывістаў. Разам яны змаглі арыштаваць злачынцу, які ўчыніў шэраг рабаўніцтваў і разбояў у вёсцы Нагародавічы. Крыху пазней Уладзімір Паўлавіч змог затрымаць і былога каменданта нямецкай паліцыі Хапрова, вінаватага ў шматлікіх забойствах і злачынствах супраць краіны і народа.

Нельга не ўзгадаць прозвішчы супрацоўнікаў міліцыі, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх ёсць і прозвішча Браніслава Герасімавіча Грэйні, які нарадзіўся і вырас у вёсцы Погіры. На службу ў міліцыю ён прыйшоў у 1939 годзе. Калі раён акупавалі нямецка-фашысцкія захопнікі, Браніслаў Герасімавіч пайшоў у партызанскі атрад, дзе змагаўся за свабоду Радзімы да ліпеня 1944-га, пасля вызвалення Беларусі ўступіў у шэрагі дзеючай арміі, пазней загінуў на фронце.

Яшчэ адзін супрацоўнік раённай міліцыі Іван Васільевіч Талерчык загінуў у мірны час пры выкананні службовых абавязкаў. У гады вайны ён змагаўся з ворагамі ў атрадзе "Непераможны" Ленінскай партызанскай брыгады, якая дзейнічала на тэрыторыі Слонімскага і Казлоўшчынскага раёнаў. Пасля перамогі служыў у міліцыі, у гарпасёлку Казлоўшчына. Загінуў ад рук бандытаў у вёсцы Колкі 19 лютага 1948 года.

Усяго восем гадоў было Васілю Радзівону, калі ён стаў сіратой. Працаваць у міліцыю Васіль Мікітавіч прыйшоў у 1940 годзе. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны В. Радзівона пакінулі на захопленай тэрыторыі для падпольнай дзейнасці. У ліпені 1941 года здраднік выдаў яго ворагам і Васіль Мікітавіч быў расстраляны. Ён пахаваны на могілках вёскі Страла.

На жаль, ужо няма сярод нас былых супрацоўнікаў міліцыі, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Анатоля Сямёнавіча Урублеўскага, Фёдара Рыгоравіча Адамчыка, Васіля Дзям'янавіча Кадавіка, Рыгора Юльянавіча Харкевіча, Мікалая Дзям'янавіча Хмурчыка, Мікалая Сямёнавіча Белавуса, Рыгора Іванавіча Раўгейжы. Светлая памяць аб іх жыве ў сэрцах землякоў.

Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць з 70-годдзем вызвалення Беларусі і Дзятлаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў нашых землякоў-ветэранаў, у тым ліку ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, жыхара гарпасёлка Казлоўшчына Міхаіла Аляксандравіча Трубілу. Варта ўзгадаць мужных і адважных людзей, якія ўнеслі дастойны ўклад у справу служэння Айчыне, Уладзіміра Уладзіміравіча Павачку і Валянціна Іосіфавіча Пачабыта, дзятлаўскіх міліцыянераў, якім ужо ў мірны час давялося ваяваць у Афганістане. Жадаю ўсім ім моцнага задароўя, доўгіх гадоў жыцця, мірнага неба над галавой.

А. ЛАМАКА, старшыня савета ветэранскай арганізацыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/