МОЛАДЗЕВЫ ЦЭНТР ЗАПРАШАЕ ГАСЦЕЙ



30 жніўня ў межах рэспубліканскага злёту студэнцкіх атрадаў "Лета -2012", калі больш за пяцьсот лепшых студатрадаўцаў з усіх куткоў нашай рэспублікі наведалі горад на Нёмане, адбылося ўрачыстае адкрыццё першага ў нашай краіне моладзевага цэнтра -- "Гродна". Моладзь будавала для моладзі. Не мінула і году, як на месцы старога будынка кінатэатра запрацаваў сучасны многафункцыянальны цэнтр з двума дызайнерскімі кафэ, начным і камп'ютарным клубамі. Падобных комплексаў, накіраваных на рэалізацыю інтарэсаў студэнтаў і працоўнай моладзі, у нашай краіне яшчэ не было.

На больш за паўтары тысячы квадратных метраў плошчы цэнтра рэалізаваны самыя інавацыйныя тэхналогіі для арганізацыі вольнага часу і творчасці юных жыхароў Гродна. Ультрасучаснае светлавое і аўдыёабсталяванне наладжана ў начным клубе, дзе будуць праходзіць не толькі дыскатэкі, але і выступленні эстрадных зорак, выставы і іншыя мерапрыемствы, здольныя задаволіць самага спакушанага гледача.

Асобна варта расказаць пра непаўторны дызайн інтэр'ераў, вывучаць які можна не адзін дзень. Тут і архітэктурныя ансамблі старога Гродна, адлюстраваныя з лагарыфметычнай дакладнасцю, -- па іх можна з лёгкасцю вывучаць забудову горада ў гістарычнай перспектыве -- і малюнкі графіці, якія аздабляюць інтэр'еры кафэ на першым паверсе і хол, мінімалістычныя і тэхналагічныя інтэр'еры вялікага кафэ на другім паверсе цэнтра.
Згодна з задумкай, пад эгідай Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі цэнтр павінен выконваць не толькі функцыю арганізацыі вольнага часу моладзі, але і прадаставіць ёй магчымасць заробка. Таму ён будзе адданы ў поўнае вядзенне маладых людзей: ад пунктаў харчавання -- да інтэрнэт-клуба, дзе, дарэчы, студэнты плануюць вучыць азам камп'ютарнай граматы пажылых людзей. Плануецца, што ў моладзевым цэнтры таксама арганізуюць школу дзіджэяў.

Дарэчы, вучаніца Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Лізавета Горбач узнагароджана спецыяльным дыпломам Гродзенскага абласнога камітэта ГА "БРСМ" за актыўны ўдзел у конкурсе па распрацоўцы лагатыпа і назвы для моладзевага цэнтра ў Гродне.

Вясною наступнага года Гродзенскі абласны камітэт ГА "БРСМ" плануе адкрыць яшчэ адзін моладзевы цэнтр каля кінатэатра "Усход". У будынку, які пуставаў шмат гадоў, з'явіцца студыя гуказапісу, трэнажорная і спартыўная залы, месца для гульні ў боўлінг, заняткаў шэйпінгам, спецыялізаваны спортбар, моладзевы салон прыгажосці і танцпол.

На перспектыву: астатнія абласныя цэнтры рэспублікі і горад Мінск, па прыкладзе гродзенскіх актывістаў, таксама парадуюць сваю моладзь шматпрофільнымі цэнтрамі.

Спадзяёмся, што такога роду ўстановы сапраўды стануць месцам, дзе беларускія юнакі і дзяўчаты змогуць праявіць свае таленты, рэалізаваць ініцыятыву, а моладзь з вуліц і пад'ездаў перабярэцца туды, дзе будуць рады бачыць яе і працаваць з ёю дзеля дабрабыту нашага грамадства і краіны.

С. ВАЛЧКЕВІЧ, першы сакратар раённага камітэта ГА "БРСМ"

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/