МОЛАДЗЬ НЕПАКОІЦЦА ПРА ЭКАЛОГІЮ



У Мінскай духоўнай семінарыі і акадэміі 30 лістапада і 1 снежня праходзіў ХІІ семінар студэнтаў вышэйшых навучальных установаў Беларусі.

Семінар наведалі больш за сотню студэнтаў з 45 вышэйшых навучальных установаў. Сярод іх -- прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Камандна-інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь, Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А. Д. Сахарава, Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі і іншых установаў.

Адкрываючы пасяджэнне секцый. правячы архіерэй Навагрудскай епархіі архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый адзначыў: “Усе мы сведкі таго, што дадзеныя Богам у карыстанне людзям прыродныя багацці і дары па-драпежніцку знішчаюцца дзеля атрымання прыбытку і задавальнення ненаеднага імкнення да набыцця самых разнастайных матэрыяльных выгодаў. Не задумваючыся пра лёс будучых пакаленняў, жывучы адным днём, сучасны чалавек на нашых вачах разбурае свой уласны дом -- планету Зямля і адначасова з гэтым губіць сваю ўласную душу, прыгнятаючы яе грахоўнымі запалам і заганамі. Аднак, захоўваючы ў сабе прыстойнасць вобраза Божага, чалавек застаецца той істотай, у якой, згодна з задумай Творцы, матэрыяльны сусвет атрымлівае значэнне і сэнс свайго існавання”.

Тэма форуму “Экалогія: ад гармоніі да пераўтварэння” была абрана невыпадкова. Рашэннем Савета кіраўнікоў Садружнасці Незалежных Дзяржаваў гэты год абвешчаны Годам экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя. Аднак разважаць пра глабальную праблему аховы навакольнага свету, не закрануўшы праблемы ачышчэння чалавечай душы, немагчыма. Вось чаму многія даклады, падрыхтаваныя студэнтамі ВНУ, тычыліся духоўнасці і яе ўплыву на навакольны свет.

Вынікам работы ХІІ семінару студэнтаў вышэйшых навучальных установаў Беларусі стала плённая дыскусія па шырокім спектры пытанняў, якія закраналі экалагічныя праблемы. Удзельнікі форуму ў сваіх дакладах ахапілі розныя аспекты экалогіі душы, чалавечых узаемаадносінаў і выхавання падрастаючага пакалення. Вялікую ўвагу прадстаўнікі вышэйшых навучальных установаў надалі пытанням адносін чалавека да светабудовы, творчасці, дзяржавы і грамадства.

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/