МНОГІЯ ЛЕТА БАБУЛІ АЛЕНЫ



ЛЯ ВЫТОКАЎ

Заходжу ва ўтульную кватэру. З вопыту ведаю, што па абстаноўцы можна многае сказаць пра гаспадароў, іх лад жыцця, а ў маім выпадку -- пра гаспадыню кватэры, 99-гадовую бабулю Алену Георгіеўну Кулеш. Абстаноўка простая, але ва ўсім адчуваецца густ і характар гаспадыні -- кожная рэч на сваім месцы, з якім яна, здаецца, "зжылася" і "зраслася" за доўгія гады. Увагу адразу ж прыцягваюць вялікі стары гадзіннік "з боем", іконы, дыванок з выявай Папы Рымскага Іаана Паўла ІІ (як даведалася пазней -- падарунак ад сына на 90-годдзе), сямейныя партрэты. На адным з іх -- прыгожая маладая пара. Жанчына, падобная на кінаактрысу пачатку ХХ стагоддзя, побач -- статны мужчына, іх вочы свецяцца шчасцем: адразу відаць, што яны кахаюць адзін аднаго. Гэта сямейны партрэт Антона і Алены Куляшоў, водгук іх шчаслівай маладосці...

Алена Кулеш, у дзявоцтве -- Чучэйка, нарадзілася ў Дзятлаве, у сялянскай сям'і, 12 лютага 1914 года. На жаль, "лютым" можна назваць не толькі месяц, але і год яе нараджэння. Летам 1914-га пачалася Першая сусветная вайна, набліжаліся Кастрычніцкая рэвалюцыя і новы падзел Беларусі, калі яе заходняя частка адышла да Польшчы.

Дзяцінства дзяўчынкі прыпала на складаны перыяд. Яно праходзіла на зломе эпох. "Адсталыя ўскраіны Расіі", а менавіта так называлі заходнія беларускія землі, першымі прынялі на сябе ўдары захопнікаў. Тут сяляне найбольш пакутавалі ад бясконцых пабораў для арміі, цярпелі нястачу, многа працавалі, каб пракарміць сям'ю.

Юнацтва Алены, або Гэлі, як яе звалі родныя, прайшло "за польскім часам". Сям'і Чучэйкаў, у якой гадаваліся тры дачкі і сын-інвалід, было складана: працоўныя рукі ў сялянскай гаспадарцы цаніліся на вагу золата, а дзяўчаты -- не хлопцы, не ўсялякая работа ім па сіле. Але без справы ніхто не сядзеў: завіхаліся ў хаце, шчыравалі на агародзе, у полі, даглядалі жывёлу, паслі кароў... Тры дзяўчыны на выданні, працавітыя, акуратныя. Гэта не магло застацца не заўважаным. Вось і да Чучэйкаў часта стаў наведвацца мясцовы юнак Антон Кулеш. Бацька сясцёр зразумеў, чаму хлопец да іх ходзіць, і прапанаваў яму ажаніцца са старэйшай дачкой. Аднак Антон прызнаўся, што даспадобы яму прыйшлася сярэдняя, Гэля. Бацькі не няволілі маладых -- згулялі вяселле.

Алена з мужам пайшлі жыць да свёкра, хата якога знаходзілася на Кастрычніцкай вуліцы. Сямейная пара ладзіла паміж сабой. За дзевяць гадоў у іх нарадзіліся тры здаровыя сыночкі. Тым часам пачалася Другая сусветная вайна. У Еўропе лютавалі фашысты, усё далей прасоўваліся на ўсход. У верасні 1939 года яны дайшлі да Польшчы. Па руска-германскім узгадненні заходняя Беларусь адышла да СССР. На гэтай тэрыторыі пачалі дзейнічаць новыя парадкі, нязвыклыя для простых людзей. А праз некалькі месяцаў і сюды прыйшлі нямецка-фашысцкія захопнікі.

СВАЯ НОША ПЛЯЧЭЙ НЕ ГНЕ

У школе, на ўроках літаратуры, пры аналізе мастацкіх твораў, настаўнікі часта выкарыстоўваюць збітую фразу: "Лёс чалавека на фоне гісторыі". Яна мала кранае сэрца, калі гаворка вядзецца пра выдуманых герояў, пастаўленых па задумцы аўтара ў межы гістарычнага адрэзку часу. У іх жыцці ўрываюцца войны, рэвалюцыі, рушаць планы, губяць надзеі, прымушаюць дзейнічаць насуперак жыццёвым прынцыпам. Але гэта літаратура. Своеасаблівай "анэстэзіяй" для чытача з'яўляецца разуменне таго, што ўсё тут -- здабытак фантазіі аўтара. Зусім іншае адбываецца, калі знаёмая фраза тычыцца рэальнага чалавечага жыцця. Тады ўсе факты прымушаюць нас задумацца, прыслухацца, зразумець.

Падзеі жыцця нашых землякоў Антона і Алены Куляшоў напрыканцы вайны і пасля яе завяршэння разгортваліся драматычна. У 1944 годзе, калі Дзятлаўшчына была вызвалена ад акупантаў, Антона прызвалі ў армію. Алене давялося застацца з трыма дзецьмі і пажылым свёкрам. Паколькі муж быў "белапалякам" (выхадцам з Заходняй Беларусі), ён трапіў у польскі легіён, які фарміравалі пад Смаленскам. Ваяваў. Застаўся жывы. Дамоў вяртаўся разам з сябрам. На чыгуначнай станцыі ў Баранавічах яны развіталіся. Сябар вярнуўся дамоў, а Антон -- прапаў. Пазней Алена Георгіеўна атрымала два "трохвугольнікі", адрасаваныя мужу. У іх сябар пытаўся, як той даехаў, як сям'я, здзіўляўся, чаму Антон не піша. Вестак пра мужа не было. Два гады запар ваенкамат адсылаў запыты ў розныя службы. Шукала мужа і Алена, ездзіла да яго сябра, распытвала пра апошнія гадзіны іх сумеснай вандроўкі. Усё дарэмна -- інфармацыя адсутнічала. Праз два гады ваенкамат афіцыйна прызнаў Антона Куляша "прапаўшым без вестак", сям'і назначылі невялікую грашовую дапамогу.

Крыж удаўства цяжарам лёг на плечы Алены Георгіеўны, але яна не сагнулася пад ім, можа, стала больш сур'ёзнай, пачала працаваць за дваіх -- за мужчыну і за жанчыну. Падтрымкі чакаць не даводзілася: бацька памёр, маці і сёстры пасля вайны выехалі ў Польшчу. За памочніка і галоўнага ў хаце быў пажылы свёкар. Яшчэ некалькі гадоў чакала свайго Антона. Калі хто-небудзь стукаў у дзверы, хутчэй бегла адчыняць, усё спадзявалася ўбачыць на парозе яго. Але ён не прыйшоў, ні праз тры, ні праз дзесяць, ні праз шмат гадоў...

Пакуль дзеці былі малыя, жылося цяжка, галодна. Бабуля Алена і ў час нашай з ёю размовы, як страшны сон, узгадвае словы сыноў, якія пасля вайны не давалі ёй спакою за работай: "Матулечка, прынясі нам хлебца!"

-- Працую ў полі, -- расказвае яна, -- а сама ламаю галаву: чым накарміць дзяцей? Як паглядзець у іх галодныя вочы? І так мне кепска, здаецца, зараз душа "вырвецца". Яны ж не цукерачку прасілі, а кавалачак хлеба.

Руплівыя рукі Алены Георгіеўны не ведалі стомы, а дакладней -- яна не мела права стамляцца. Калі заснавалі калгасы, працавала на палетках, пазней -- на ферме, дзе па тры разы на дзень уручную даіла 20 кароў. Выходзіла з хаты ў чатыры гадзіны раніцы, вярталася вечарам і "хапалася" за дамашнія справы, гаспадарку. "Не памятаю, калі матуля спала," -- узгадвае адзін з сыноў.

Хлопцы раслі. Калі сталі падлеткамі, пачалі дапамагаць па гаспадарцы: нарыхтоўвалі сена, зелле, галінкі на корм жывёле, вазілі торф, якім узімку дапальвалі печ. Сярод хатніх абавязкаў былі паходы па хлеб. Па яго даводзілася выстойваць вялікія чэргі, якія мясцовыя жыхары займалі з трох гадзін раніцы "на высокім ганку" -- народная назва магазіна на плошчы (былы малочны, пазней -- "Першамайскі"). Затое якім смачным і пахкім быў хлеб. За шчасце было па дарозе дамоў з'есці "давесак" -- боханы выпякалі неаднолькавыя, прадаўцы іх важылі, дадавалі кавалачкі-"давескі".

СУЧАСНАЕ ЖЫЦЦЁ -- ГЭТА РАЙ

Апошнія дванаццаць гадоў перад пенсіяй, да 1970 года, Алена Георгіеўна працавала ў Дзятлаўскай СШ №1 "тэхнічкай". Школа спачатку размяшчалася ў трох будынках: будынку цяперашняй школы мастацтваў, у "доме ксяндза", які стаяў у парку (яго ўжо знеслі), і ў частцы будынка СШ №2. Пазней быў узведзены новы будынак, у якім СШ №1 знаходзіцца сёння. Вучні займаліся ў дзве змены, клопатаў хапала.

Высокая, элегантная, строгая, працавітая -- такой узгадваюць Алену Георгіеўну Кулеш былыя калегі. Такой яе зрабіла нялёгкае жыцце, на якое бабуля Алена не скардзіцца, а дзякуе Богу за кожны пражыты дзень. Яна -- чалавек глыбока веруючы. Пакуль трымалі ногі, хадзіла да касцёла. Праз усе выпрабаванні ішла з Богам у сэрцы. Магчыма таму цяжкі крыж не сагнуў яе плячэй, а Бог і яго Найсвяцейшая Маці дапамаглі вырасціць годных сыноў, дачакацца пяць унукаў, сем праўнукаў і аднаго двойчы праўнука. Па традыцыі, на вялікія гадавыя святы, Каляды і Вялікдзень, а таксама ў бабулін Дзень нараджэння, дружная сям'я імкнецца сабрацца разам. Ужо няма бацькоўскай хаты па вуліцы Кастрычніцкай -- там тэрыторыя СШ №3. Але невялікая ўтульная кватэра бабулі Алены адчынены для дарагіх гасцей. На жаль, сама яна не сустракае дзяцей на парозе -- гады два таму атрымала траўму нагі і ўжо не ходзіць. Весці хатнюю гаспадарку дапамагаюць два сыны, якія вырасцілі дзяцей, засталіся ўдаўцамі і прыехалі даглядаць маці. Невялікая сям'я жыве ў згодзе і ўзаемаразуменні. У кватэры пануе атмасфера даверу і дабрыні.

Пра такіх людзей, як Алена Георгіеўна Кулеш, пісаць асабліва прыемна. Рукамі гэдакіх руплівых працаўнікоў аднаўлялася пасля вайны народная гаспадарка, закладваўся надзейны падмурак нашага сённяшняга жыцця, якое бабуля Алена называе не інакш як "рай". У 99-ы Дзень нараджэння варта пажадаць імянінніцы здароўя, Божай дапамогі і дажыць да сотні з такім жа пазітыўным настроем, з якім яна сутракала нас у час знаёмства.

І. КАЎКЕЛЬ

____________________________________________________________________________________________
В современном мире услуги адвоката все более и более востребованы. Бурно развивающийся бизнес нередко приводит к столкновениям интересов, а, значит, и к конфликтам, разрешить который поможет профессиональный адвокат. Не запускайте свои проблемы до точки, когда потребуется адвокат по уголовным делам. Москва - мегаполис, где выбор профессиональных адвокатов любой специализации огромен. Делайте свой выбор.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/