Міжабласны шахматна-шашачны турнір



Арыгінальны шахматна-шашачны турнір адбыўся 3 — 4 ліпеня ў Дзятлаве. Чатыры каманды з трох абласцей Беларусі — Гродзенскай, Брэсцкай, Мінскай — спаборнічалі адначасова ў двух відах барацьбы на клеткавых дошках — у шахматах і шашках. Гульні праходзілі на пяці дошках адпаведна колькасці спартсменаў у кожнай камандзе. Адну партыю кожная пара сапернікаў гуляла ў шахматы, другую — у шашкі. У складзе камандаў выступілі майстры спорту, кандыдаты ў майстры і першаразраднікі.

Вынікам гібрыднага саперніцтва стала перамога гаспадароў турніру. Дзятлаўчане набралі 16,5 ачка і на адно ачко апярэдзілі сярэбранага прызёра каманду з горада Стаўбцы (Мінская вобласць). Па 14 ачкоў набралі каманды са Слоніма (Гродзенская вобласць) і Баранавічаў (Брэсцкая вобласць) і падзялілі трэцяе месца. Такім чынам усе каманды сталі прызёрамі турніру.

За каманду-пераможцу выступілі Юрый Чайкоўскі, Аляксандр Масляк, Андрэй Лявончык, Віктар Урбановіч, Аляксандр Грышук. Бліскуча ў складзе дзятлаўчан выступіў Віктар Урбановіч: у шахматы ён выйграў усе пяць партый.

Ініцыятары міжабласнога турніру дзякуюць аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за дапамогу пры арганізацыі спаборніцтваў.

У. НІКІПОРЧЫК, галоўны суддзя турніру

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/