МІМА КАСЫ



Інфармацыя з Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці па выніках праверкі дзяржаўнай установы “Гродзенская абласная дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і абароне раслін”

Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці праверыў, як выконваецца дзеючае заканадаўства пры ажыццяўленні фітасанітарнага кантролю (нагляду), афармленне падкаранціннай прадукцыі ў пунктах пропуску пры праходжанні падкаранціннай прадукцыі транзітам праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, аплату паслугаў інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін.

У снежні мінулага года было выяўлена, што толькі за лістапад 2011 года па адным пункце пропуску “Каменны Лог” не паступілі ў даход бюджэту сродкі за афармленне 1190 адзінак транспартных сродкаў на суму больш за 371 мільён рублёў, за красавік 2012 года па гэтым пункце пропуску не паступілі ў даход бюджэту сродкі за афармленне 1295 адзінак транспартных сродкаў на суму больш за 436 мільёнаў рублёў.

Па матэрыялах праверкі УУС Гродзенскага аблвыканкама ў чэрвені 2013 года ўзбуджаны 8 крымінальных справаў па артыкуле 424 Крымінальнага кодэкса РБ (частка 3) у дачыненні службовых асобаў інспекцыі, якія ажыццяўлялі працэдуры каранціннага дагляду.

З гэтай прычыны была прызначана пазапланавая праверка іншых пунктаў пропуску праз дзяржаўную мяжу. Суцэльным метадам праверана работа памежных пунктаў па каранціне раслін “Каменны Лог”, “Беняконі-1”, “Катлоўка”, “Прывалкі”, “Бераставіца”, “Брузгі” дзяржаўнай установы “Гродзенская абласная дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і абароне раслін”.

Праверка запатрабавала значных матэрыяльных, іншых выдаткаў, яна доўжылася больш за чатыры месяцы. Сумесна з супрацоўнікамі УУС Гродзенскага аблвыканкама пры садзеянні работнікаў мытных органаў было вынята каля 25 тысяч дакументаў, а ўсяго было вывучана і прааналізавана больш за 50 тысяч таварна-транспартных і іншых суправаджальных дакументаў.

У выніку выяўлены шматлікія парушэнні дзеючага заканадаўства пры ажыццяўленні фітасанітарнага кантролю (нагляду), афармленні транзітнай падкаранціннай прадукцыі і аплаты паслугаў інспекцыі. Службовыя асобы даглядалі і афармлялі транспартныя сродкі з транзітнай падкаранціннай прадукцыяй паводле пераліку падкаранціннай прадукцыі, але частку грашовых сродкаў за аказаную паслугу не пералічвалі на рахунак інспекцыі, а прысвойвалі.

У выніку праверкі ўстаноўлена, што дзеяннямі службовых асобаў дзяржаўнай установы “Гродзенская абласная дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і абароне раслін” памежных пунктаў па каранціне раслін “Каменны Лог”, “Катлоўка”, “Беняконі-1”, “Брузгі”, “Прывалкі”, “Бераставіца” за перыяд з 1студзеня 2011 года па 31 снежня 2012 года прычынена шкода дзяржаўнаму рэспубліканскаму бюджэту на суму больш за 5,2 мільярда рублёў.

Гэта стала магчымым з прычыны бескантрольнасці з боку кіраўніцтва дзяржаўнай установы “Гродзенская абласная дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і абароне раслін”. Па выніках праверкі кіраўнік інспекцыі і яго намеснік вызвалены ад займаемых пасадаў.

Камітэт дзяржаўнага кантролю накіраваў матэрыялы праверкі ў УУС Гродзенскага аблвыканкама для ацэнкі дзеянняў (бяздзеяння) службовых асобаў інспекцыі, прымаюцца меры для кампенсацыі нанесеных дзяржаве стратаў.

Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/