МЕСЦА СУСТРЭЧЫ - МІНСК



Беларускаму таварыству інвалідаў - 25 гадоў

На працягу чэрвеня ў Беларусі вялася падрыхтоўка да ўрачыстасцяў, прымеркаваных да 25-годдзя Беларускага таварыства інвалідаў. У кожнай вобласці нашай краіны адбываліся культурна-масавыя мерапрыемствы з удзелам людзей з абмежаванымі магчымасцямі, выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Усё гэта праходзіла ў атмасферы душэўнага цяпла, дарыла радасныя сустрэчы і новыя знаёмствы.

Урачыстыя мерапрыемствы да 25-годдзя Беларускага таварыства інвалідаў прайшлі на пачатку ліпеня ў Мінску.

4 ліпеня пачала работу Міжнародная канферэнцыя, на якой абмяркоўвалася Канцвенцыя ААН аб правах інвалідаў. Галоўнае пытанне, якое разглядалася ў час мерапрыемства, -- далучэнне Беларусі да гэтай Канвенцыі ААН.

6 ліпеня самыя актыўныя ўдзельнікі раённых і абласных мерапрыемстваў сабраліся на ўрачыстасць, якая праходзіла ў Доме культуры прафсаюзаў. Найбольш масавая была дэлегацыя з Дзятлаўшчыны. Яе склалі 45 чалавек.

Адкрыў мерапрыемства старшыня праўлення Беларускага таварыства інвалідаў Уладзімір Патапенка. Ён пажадаў дабрабыту, выдатнага настрою, аптымізму, душэўных сілаў. Да віншаванняў У. Патапенкі далучылася міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна.

Неафіцыйную частку мерапрыемства склала выступленне зорак беларускай эстрады, а таксама таленавітых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У канцэрце прынялі ўдзел Ларыса Грыбалёва, Георгій Калдун, Вольга Барабаншчыкава, Патрыцыя Курганава, Галіна Фралова.

Пасля канцэрта прадстаўнікі дэлегацыі Дзятлаўскага раёна змаглі ўзяць аўтографы ў зорак беларускай эстрады, сфатаграфавацца на памяць.

Такая цудоўная паездка на цікавае мерапрыемства стала магчымай, дзякуючы дапамозе старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Івана Крахмальчыка. Удзячнасць мы выказваем і вадзіцелям мікрааўтобусаў, у якіх мы ездзілі ў Мінск, -- Пятру Малькоўскаму, Васілю Жыху, Івану Панасевічу. Вялікі дзякуй ім за добразычлівыя адносіны і ўважлівасць да людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

В. БЕРДНІКАВА, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў
Т. НІКІПОРЧЫК, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/