Імены вайны: Ян Янавіч Фогель




Імя барацьбіта-інтэрнацыяналіста, ураджэнца Латвіі, нямногім вядома ў нас. Як сведчыць гісторыя, гэтая прыбалтыйская рэспубліка была месцам панавання сваіх і нямецкіх баронаў. Беззямельныя сяляне вымушаны былі служыць у іх батракамі. Такім жа парабкам быў і Ян Фогель, у сям'і якога ў п. Дурэ Вольмарскага навета Ліфляндскай губерні 24 снежня 1898 г. нарадзіўся сын. Назвалі яго, як і бацьку, Янам.

Цяжкі, шматпакутны час. Вялікая сям'я ледзь зводзіла канцы з канцамі. I таму дзеці з маленства пачыналі працаваць, зарабляць на хлеб.

Маленькі Ян спачатку быў пастушком, пасля грузчыкам. Затым уладкаваўся працаваць на чыгунку.

Простата і надзвычай кемлівага юнака адразу палюбілі ўсе рабочыя-рамонтнікі. Менавіта тут ён знаёміцца з рэвалюцыянерамі, актыўна ўключаецца ў работу падпольнай мясцовай арганізацыі РСДРП. У жніўні 1914 г. становіцца членам партыі бальшавікоў. Натхнёны гэтай важнейшай падзеяй у сваім жыцці, у тым жа годзе Ян Фогель змог паступіць у Вольмарскую настаўніцкую семінарыю.

3 першых дзён малады семінарыст не толькі займаецца навукамі, але і працягвае рэвалюцыйную дзейнасць. Неўзабаве Фогеля выключаюць з семінарыі як палітычна ненадзейнага.

Зноў пайшоў на чыгунку. Не цураўся ніякай работы. Гэта бачылі і ведалі ўсе. Але не ўсе ведалі, што гэты малады, ладна складзены юнак з дапытлівым позіркам быў выбраны сакратаром гарадской партыйнай арганізацыі.

...Трэці год лілася кроў на франтах першай сусветнай вайны. Ян Янавіч, апрануўшы салдацкі шынель, трапляе ў Латышскі запасны стралковы полк, які знаходзіўся там жа, у Вольмары. Маючы пэўную рэвалюцыйную загартоўку, ён арганізоўвае бальшавіцкі гурток. Яна Фогеля абралі членам Відземскага падпольнага партыйнага камітэта, у складзе якога ён прымаў самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні лютаўскай рэвалюцыі. З'яўляўся членам палкавога камітэта, старшынёю па арганізацыі Вольмарскага павятовага Савета, членам яго прэзідыума.

Ян Фогель кіраваў рабочымі дэманстрацыямі і паўстаннем у Вольмары супраць прыгнёту баронаў і кулакоў. Камуніст, акунуўшыся ў кіпучую рэвалюцыйную дзейнасць, агітаваў салдат гарнізона за спыненне імперыялістычнай вайны, за канфіскацыю памешчыцкіх зямель, арганізоўваў бунты супраць Часовага ўрада.

Яна Фогеля раптам схапілі жандары і аддалі пад ваенна-палявы суд Паўночнага фронта. Пачалося дэталёвае следства. Толькі Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя выратавала смелага бальшавіка ад смяротнага прысуду. Ян Фогель узначаліў цяпер паўстанне у Вольмарскім гарнізоне, ва ўсім горадзе, выбіраўся членам Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта 12-й арміі.

Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі Ян Янавіч працаваў у Цэнтральным Камітэце Камуністычнай партыі Латвіі, рэдакцыі бальшавіцкай газеты «Цыня».

Пэўны час Я.Я.Фогель знаходзіўся ў Беларусі. Служыў ваенным камісарам кавалерыйскіх палкоў і злучэнняў, у тым ліку і праслаўленай 6-й Чангарскай дывізіі, з'яўляўся членам Гомельскага акруговага камітэта КПБ, членам ЦК КПБ, делегатам XIV і XV з'ездаў партыі.

У хуткім часе Я.Я.Фогеля залічылі ў асобную групу Ваеннай акадэміі імя М.В.Фрунзе. Пасля заканчэння вучобы Ян Янавіч прызначаецца камісарам 38-й стралковай дывізіі, якая дыслацыравалася ў Растове-на-Доне. За самы кароткі тэрмін гэта вайсковае злучэнне выйшла ў лік перадавых, было ўзнагароджана ордэнам Леніна і перайменавана ў 9-ю Данскую стралковую дывізію. Я.Я.Фогель і яшчэ некалькі камандзіраў атрымалі ордэны Чырвонай Зоркі.

3 пачатку Вялікай Айчыннай вайны Ян Янавіч прызначаецца начальнікам Упраўлення ўсенавуча Прыволжскай ваеннай акругі. Ён піша некалькі рапартаў аб адпраўцы ў дзеючую армію.

Нарэшце задаволілі яго просьбу. Ваяваў на Украіне і ў данскіх стэпах, з усёй паўнатой адчуў надзвычай гарачае дыханне Курскай дугі. У 1943 г. брыгаднаму камісару прысвойваецца званне палкоўніка, і ён прызначаецца камандзірам 120-й стралковай дывізіі. Гэта вайсковае злучэнне ў тэрміновым парадку накіроўваюць з Бранска ў Беларусь. Дывізія граміла ворага на Гомельшчыне і ў самым пачатку 1944 г. выйшла да Рагачова. У лютым яна ўдзельнічала ў Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі, у вызваленні Рагачова.

Камандаванне высока ацаніла баявое майстэрства і адвагу камандзіра дывізіі. Ян Янавіч быў узнагароджаны ордэнам Леніна і ўдастоены звання генерал-маёра. Стралковая дывізія атрымала назву Рагачоўская.

На досвітку 23 чэрвеня 1944 г. магутная артылерыйская і авіяцыйная падрыхтоўка абвясціла аб пачатку аперацыі «Баграціён» па канчатковаму вызваленню Савецкай Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На другі дзень байцы Фогеля прарвалі вельмі ўмацаваную абарону ворага на р.Друць. Спачатку дывізія сумесна з іншымі часцямі забяспечыла акружэнне, а затым і поўны разгром фашыстаў у «Бабруйскім катле».

Далей баявы шлях ляжаў на Гродзеншчыну. У пачатку ліпеня дывізія Я.Я.Фогеля была ўжо ў Карэліцкім раёне. Натхнёная баявымі дзеяннямі, 3-я армія генерала А.В.Гарбатава, у склад якой уваходзіла 120-я Рагачоўская Чырванасцяжная стралковая дывізія, развівала імклівае наступление ў кірунку Навагрудка, Карэліч, Дзятлава і далей на Ваукавыск. Фашысты сцягвалі ўсё новыя і новыя сілы, каб любой цаной затрымаць савецкія войскі на водных рубяжах і не мелі нават намеру адступаць. Было гэта на подступах да р.Сервеч.

У генерала быў ужо дакладны план дзеянняў. Да ракі дывізія падышла ўвечары, ноччу фарсіравала яе, захапіла плацдарм і замацавалася на ім.

На досвітку фашысты пайшлі ў жорсткую атаку з намерам скінуць у раку нашы часці. Але, не вытрымаўшы націску савецкіх войск, вораг быў вымушаны адступіць на ўсім участку абароны. Гвардзейцы 120-й ды-візіі пагналі нямецка-фашысцкіх захопнікаў на захад.

Пад камандаваннем гвардыі генерал-маёра Я.Я.Фогеля 120-я Рагачоўская Чырванасцяжная стралковая дывізія з 24 чэрвеня па 8 ліпеня 1944 г. прайшла шлях з баямі ад р.Друць да Навагрудка, вызваліўшы ад ворага больш за 250 населеных пунктаў, захапіла 2800 палонных, шмат ваеннай тэхнікі і зброі.

Генерал Ян Янавіч Фогель быў заўсёды там, дзе вырашаўся зыход бою, непасрэдна ў баявых парадках палкоў, асабістым прыкладам натхняў салдат і афіцэраў на безумоўнае выкананне атрыманага загаду. Але... здарылася бяда. Яна Янавіча цяжка параніла. Лепшыя медыцынскія сілы былі безда-паможнымі.

Пахавалі Яна Янавіча Фогеля з усімі вайсковымі ўшанаваннямі ў парку Дзятлава.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 красавіка 1945 г. Яну Янавічу Фогелю пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

I.I.Заяц

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/