Імены вайны: Георгій Русін




На паўночнай ускраіне Ліпічанскай пушчы, на левым беразе Немана, сярод пясчаных дзюнаў прыгожа раскінулася лясная вёска Карытніца. Тут у 1893 г. нарадзіўся ў сялянскай сям'і Георгій Паўлавіч Русін. Яго дзіцячыя гады прайшлі ў цяжкай працы і беднасці. Нягледзячы на гэта, хлопчык рана праявіў імкненне і здольнасць да на вукі. Ён выдатна закончыў трохкласнае народнае вучылішча, а потым — і Дзятлаўскую, так званую «второклассную», настаўніцкую школу.

Пачалася першая сусветная вайна. Сям'я Русіных эвакуіравалася ў Паволжа. Там Георгій Паўлавіч прадоўжыў сваю вучобу і атрымаў званне настаўніка. Да 1920 г. працаваў выхавацелем у дзіцячым доме г.Самары. У Паволжы пачаўся голад. Сям'я Русіных вырашыла вярнуцца на радзіму. Польскія ўлады не дазволілі Георгію Паўлавічу настаўнічаць. Два гады ён працуе на вузкім бацькоўскім загоне. У 1922 г. атрымаў дазвол паступіць на настаўніцкія курсы ў Кракаве. За год авалодаў польскай мовай, здаў экзамены па гісторыі і геаграфіі Польшчы, атрымаў правы настаўніка пачатковай школы.

3 1923 г. Русін загадвае Карытніцкай пачатковай школай. Ён ніяк не можа змірыцца з існаваўшымі тады ў Польшчы буржуазнымi парадкамі. Свае погляды Русін часам выказваў на уроках, у гутарках з сялянамі. Асабліва цікавіліся людзі тым, што дала рэвалюцыя працоўным Савецкай Расіі. Гэта не прайшло міма ўвагі падпольшчыкаў-камуністаў. У 1927 г. ён быў прыняты ў рады Камуністычнай партыі Заходняй Беларусіі.

Чуткі аб дзейнасці Русіна дайшлі да польскіх органаў бяспекі. У 1929 г. яго вызваляюць ад работы ў школе. Давялося зноў здабываць хлеб з бацькоўскага загона. Праз некаторы час ён уладкоўваецца лесарубам, а потым — бракёрам на купецкіх лесараспрацоўках. Паліцыя пільна сачыла за паводзінамі былога настаўніка. Яго не раз арыштоўвалі, рабілі вобыскі, допыты, але доказаў падпольнай дзейнасці знайсці не маглі.

Радасна сустрэў Георгій Паўлавіч прыход Чырвонай Арміі ў верасні 1939 г. Русін ізноў пачаў загадваць Карытніцкай школай. У 1940 г. яго, як вопытнага педагога, назначаюць інспектарам Шчучынскага раённага аддзела народнай асветы. Ды нядоўга давялося займацца любімай справай. Пачалася вайна.

У 1941 г. Русіна накіравалі ў Накрышскую сямігодку выкладаць матэматыку і геаграфію. Аднак ён не мог прымірыцца з акупацыйным фашысцкім рэжымам і тымі патрабаваннямі, якія захопнікі паставілі перад школай і настаўнікамі.

Вясной 1942 г. Георгій Паўлавіч стаў сувязным першых партызанскіх атрадаў. Народныя мсціўцы далі яму заданне пераехаць у Дзятлава, уладкавацца ў школе і збіраць звесткі аб акупацыйных органах улады і гарнізоне. 3 гэтым заданнем Русін спраўляўся выдатна. Таму і прызначылі яго старшынёй дзятлаўскага раённага антыфашысцкага камітэта.

У падпольнай рабоце Георгію Паўлавічу дапамагала дачка Надзя, якая працавала сакратаркай-машыністкай у раённай управе. Рызыкуючы жыццём, яна рабіла лішнія копіі важнейшых дакументаў, якія бацька передаваў падпольнаму райкому партыі.

У раёне гарэлі масты на дарогах, склады сена і збожжа, узрываліся нямецкія машыны. Раззлаваныя фашысты пачалі ліхаманкавыя пошукі тых, хто мог гэта рабіць. 30 красавіка пачаліся арышты... Арыштавалі Г.П.Русіна, Б.В.Гульніцкага, які працаваў раённым аграномам, Аляксандра Хадаркевіча — загадчыка гаспадаркі Дзятлаўскай бальніцы, Івана Каско — загадчыка дарожнага аддзела, Фёдара Паўловіча — настаўніка Хвінявіцкай школы, Міхаіла Архіпцава — бухгалтара раённай управы, настаўніка Пятра Гурскага і іншых.

Цэлы месяц вялося следства, арыштаваных дапытвалі, катавалі, але жаданых звестак фашысты не атрымалі. 1 чэрвеня 1944 г. ноччу іх расстралялі. У лагер смерці кінулі жонку Русіна Серафіму Мікалаеўну і дачку Надзю, але знішчыць іх не паспелі, 9 ліпеня прыйшло вызваленне...

Астанкі замучаных былі перанесены і пахаваны на Дзятлаўскіх могілках. У 1968 г. на магіле ўстаноўлены помнік, на якім высечаны прозвішчы 11 антыфашыстаў-падполыпчыкаў. Імем Русіна названа адна з вуліц Дзятлава.

М. Ф. Петрыкевіч

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/