"МЕЛОДЫЯ ДУШЫ": ШТРЫХІ ДА ПАТРЭТА



Узорнай тэатральнай студыі Дзятлаўскага раённага дома культуры -- пяць гадоў

"КАЗКА ПРА НОВАГА КАЛАБКА"

-- Што ў цябе ўнутры?
-- Душа. Яна ў мяне такая мяккая, трапяткая, таму я вас усіх люблю.
Гэта вытрымка-дыялог з "Казкі пра Новага Калабка" беларускага дзіцячага пісьменніка Пятра Васючэнкі, якая стала першай пастаноўкай тэатральнай студыі "Мелодыя душы". За пяць гадоў свайго існавання калектыў паказаў гэты твор больш за 200 разоў у Дзятлаве, Навагрудку, Шчучыне, Іўі, Лідзе, у Мінску -- на тэатральным фестывалі "Дзверы", а таксама ў Гродне на фестывалі аматарскіх тэатральных калектываў. Дарэчы, першыя гастролі студыі дапамагла арганізаваць Навагрудская епархія. А даведаліся аб тэатральным калектыве святары праз сродкі масавай інфармацыі.

НАЗВА І ЛАГАТЫП

Разважанні аб душы, якія прысутнічаюць у "Казцы пра Новага Калабка", і падштурхнулі даць студыі адпаведную назву -- "Мелодыя душы". Яна адлюстроўвае ўнутраны настрой дзяцей, якія займаюцца тут, а таксама ўнутраны стан аматараў тэатра.
А вось талісманам і лагатыпам тэатральнай студыі з'яўляецца выява дзіцяці, якое трымае ў руках зямны шар. На ім яшчэ двое дзяцей малююць.
-- Дзеці павінны ствараць, -- упэўнены кіраўнік студыі Іван Каско. -- Гэтая ідэя і адлюстравана ў нашым лагатыпе. Мы, рыхтуючы пастаноўкі, таксама ствараем, "малюем" сваю карціну, дзеці развіваюць свае здольнасці і таленты.

"ПЕРШАКЛАСНІКІ" І "СТАРАЖЫЛЫ"

Сёння ў тэатральнай студыі займаюцца 25 юных артыстаў. Самая малодшая з іх -- Лізавета Белавус. А вось Аляксандра Жэгалік, Кацярына Губко -- "старажылы" студыі, якімі сыграна ўжо не адна роля. І гэта ўлічваючы багаты рэпертуар тэатральнай студыі, улюбёным жанрам якой з'яўляецца казка-мюзікл. Ёсць у рэпертуары і вадэвіль Уладзіміра Салагуба "Бяда ад пяшчотнага сэрца". Дзея ў творы адбываецца ў 19 стагоддзі. Дух таго часу артысты перадалі з дапамогай касцюмаў, якія шылі ўласнымі сіламі. Спектакль атрымаўся паспяховым. Пасля на яго аснове студыя зрабіла пастаноўку мюзікла "Дон Жуан бессумленны". Паказ гэтага гумарыстычнага твора адбыўся якраз 1 красавіка. Дарэчы, сёлета ў гэтым месяцы свой першы дзень нараджэння адзначыць "дзіця" тэатральнай студыі "Мелодыя душы" -- Беларускі гульнёвы тэатр роставых лялек"Dolls4all". Пачынаўся ён з 8 роставых лялек, цяпер у тэатры ўжо 28 любімых дзятвой персанажаў з вядомых казак і мультфільмаў. Задзейнічаны ў тэатры роставых лялек 15 юных артыстаў.

"КАЛЯРОВЫЯ СНЫ ЭКОЛЬ"

З гэтым мюзіклам тэатральная студыя "Мелодыя душы" атрымала званне "ўзорнай". Адбылося гэта ў снежні 2012 года. Таксама мюзікл дзятлаўскія артысты паказалі на фестывалі "Слонімскія цудадзействы" і на фестывалі ў Стоўбцах, лаўрэатамі якога сталі.
Мюзікл закранае праблемы і тэмы, якія хвалююць сучасных падлеткаў. Адметнасць твору і ў тым, што яго пастаноўкай займаліся самі юныя артысты "Мелодыі душы". У ролі рэжысёраў выступілі Моніка Асіпук і Марына Цуманкова. Дзяўчаты ужо "выпускніцы" тэатральнай студыі. Моніка вучыцца ў Лідскім музычным каледжы, а Марына -- у Беларускай акадэміі мастацтваў на аддзяленні "рэжысура, драма".

ПОЕЗД ДА "СТАНЦЫІ "МАРА"

Напрыканцы сакавіка ўзорная тэатральная студыя выступіць ў Стоўбцах на фестывалі дзіцячага тэатра "Казкі жыцця". Дзятлаўчане пакажуць сваю новую пастаноўку "Станцыя "Мара".
Яе героі едуць за сваёй марай у вялікі мегаполіс. Хтосьці жадае стаць актрысай, хтосьці едзе на "фабрыку зорак", хтосьці накіроўваецца ў мегаполіс, каб выправіць сваё здароўе і нарэшце ўстаць з інваліднай каляскі. Такім чынам, у кожнага з герояў -- свая мара. Ці здзейсніцца яна -- дзятлаўскія гледачы ўбачаць на прэм'еры мюзікла, якая адбудзецца якраз у Дзень тэатра, 27 сакавіка. Пачнецца прэм'ера ў 16 гадзін. У гэты ж дзень, у 11 гадзін Беларускі гульнёвы тэатр роставых лялек "Лялькі для ўсіх" пакажа "Вясновае НаВушахСтаянне". А завершыць Дзень тэатра ў Дзятлаве капуснік "У свеце рампы", які пачнецца ў 18 гадзін. Ён будзе напоўнены імправізацыяй, фокусамі, добрым гумарам.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/