МАЯ РУКА Ў ТВАЁЙ РУЦЭ



Знаёмства з сям’ёй Нічыпаровічаў пачалося для мяне з фотаздымка у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі". Выпадковы прахожы выхапіў з жыцця адзін кадр: пажылыя жанчына з мужчынай ідуць поруч адзін з адным, трымаючыся за рукі. "Ёсць яшчэ ў Казлоўшчыне сапраўднае каханне", - распавядаў подпіс пад фота. I я зразумела: гэта тая самая гісторыя, якую абавязкова трэба пачуць дзятлаўчанам. Дом сям'і Нічыпаровічаў у Казлоўшчыне было знайсці нескладана. На ўездзе ў пасёлак з боку райцэнтра ён адразу кідаецца ў вочы: высокі, ладны, цагляны. Гаспадары распавялі, што такія "харомы" дабудаваў сын на месцы іх драўлянай хаты, якую калісьці ўзводзілі самі, дзе выраслі іх дзеці. Ужо на працягу трыццаці гадоў тут разам з Мікалаем Іванавічам і Марыяй Пятроўнай жыве іх сын са сваёй сям'ёй.

ДЗЯЦІНСТВА, СКАЛЕЧАНАЕ ВАЙНОЮ

- А што за рукі трымаемся, дык гэта не толькі ад кахання, - пачынае расповед Марыя Пятроўна. - Не магу я гладка без падтрымкі хадзіць, хварэю з дзяцінства.

Маленства жанчыны прайшло недалёка адсюль, на хутары за вёскай Хамічы. Там сям'я перажыла Вялікую Айчынную вайну ў акупацыі. Тады часовая мясцовая ўлада належала солтысам, якія выконвалі ў населеных пунктах ролю старастаў. Па словах жанчыны, аднаго разу да іх у хату прыйшоў солтыс і сказаў, што партызаны вярнуліся з задания І іх трэба размясціць на начлег.

- Сям'я ў нас была немалая: дзед, мама, трое дзяцей і яшчэ татава сястра з намі жыла. - Таму ў нас заначавалі толькі двое партызанаў з групы, - распавядае яна.

Марыя Пятроўна была тады яшчэ дзяўчынкай, але помніць далёкія падзеі, быццам гэта было ўчора. Партызаны прыйшлі да іх зацемна, паклалі зброю побач з сабой і паснулі на прапанаваных ім ложках. Ужо добра развіднела, калі гаспадыня хаты пачала непакоіцца: быў час сыходзіць начным гасцям, бо днём не-не ды і прыйдуць немцы.

- Страшны тады быў час, - успамінае Марыя Нічыпаровіч. - Фашысты ледзь не цалкам выбівалі вёскі, і хаваць партызан у доме азначала загубіць усю сям'ю. Таму маці пайшла да солты-са высвятляць, што рабіць далей.

Як аказалася, астатнія партызаны ўжо пакінулі месца начлегу і накіроўваліся ў атрад. A іх пастаяльцы на гэта адказалі: “Нашы нас не пакінуць, трэба нам адпачыць".

Тым часам Марыя зранку гуляла на вуліцы і яшчэ здалёк пачула стрэлы, якія даносіліся з Хамічоў.

Гітлераўцы мінулі ўжо вёску і накіроўваліся да іх хутара. “Мамачка, немцы!” - уварвалася яна з крыкам у хату. Партызаны спешна апрануліся, і маці хуценька вывела іх, схаваўшы пад сваёй вялікай хусткай. Немцы стралялі ўжо зусім блізка, і гаспадыня засцерагла партызанаў, каб уцякалі лесам, але не праз дарогу. Адзін з іх так і зрабіў, а другі ў паніцы кінуўся на дарогу, акурат на вочы немцам. Застракаталі аўтаматы, але фашысты не паспелі яго схапіць.

- Нас уратавала толькі тое, што партызаны, уцякаючы, не далі ніводнага стрэлу, інакш бы нас усіх знішчылі, не разбіраючыся.

Партызаны ўцяклі, а фашысты акружылі Марыіну хату, абшуквалі ўсё, ад подпалу да страхі, абшукалі нават суседзяў. Усю сям'ю паставілі ля сцяны ў рад перад аўтаматам і трымалі да гаспадыні строгую размову:
- Партызаны тут былі?
- Былі.
- I ты ім есці давала?
- Давала.
- Ты ім падначальваешся?!
- Не ім я падначальвалася, а зброі. Хочацца яшчэ самой пажыць і дзяцей выгадаваць. Таксама вы папытаеце - і вас накармлю.
- Ды ў вас столькі ложкаў... Цэлы партызанскі лазарэт.
- Сям'я ў нас вялікая. Кожнаму па ложку - вось і атрымліваецца шмат.

Маленькая Марыя не вытрымала настаўленага на іх аўтамата і зайшлася ў плачы, яе пачало калаціць.

- Загадай, каб не плакала, - зазлаваўся фашыст. Але дзяўчынку не маглі суняць.

Партызан так і не знайшлі, і гітлераўцы пайшлі далей сваёй дарогай. Уся сям'я разам з маці стала на калені перад абразом Мікалая-цудатворцы і малілася за ўратаванне жыцця. У хуткім часе ў Марыі з-за вялікага сполаху начался прыступы. “На нервовай Глебе”, - толькі разводзілі рукамі дактары.

ШЛЯХ У ЦАРКВУ

Доўга медыкі не прызнавалі, што хвароба невылечная. Марыя хадзіла ў пачатковую школу недалёка ад дома, а прыступы ўсё паўтараліся. I калі прыйшоў час ісці ў чацвёрты клас у Казлоўшчыну, стала зразумела, што гэта немагчыма. Тады ж ей далі групу інваліднасці.

Але жыццё ішло сваёю чаргою, усё паціху наладжвалася. Нават не ходзячы за трыдзевяць зямель, Марыя Пятроўна знайшла свае сапраўднае каханне, дарасла да яго.

Мікалай Іванавіч старэйшы за Марыю Пятроўну на восем гадоў. Адзін аднаго яны ведалі з дзяцінства, бо раслі на суседніх хутарах.

- Жонка калісьці дапамагала мне школьныя задачы рашаць, — усміхаецца Мікалай Нічыпаровіч, згадваючы мінулае.

Яны ажаніліся, і калі выйшаў загад уладаў аб перасяленні з хутароў, уладкаваліся ў Казлоўшчыне, на пустуючым участку, які прапанаваў заняць іх добры знаёмы, з кім яны пражылі шмат гадоў як добрыя суседзі.

Разам пабудавалі хату, дзе жылі мірна, дапамагаючы адзін аднаму. 3 розніцай у два гады нарадзіліся чацвёра дзяцей - тры дочкі і сын, і Марыя Пятроўна стала шчаслівай шматдзетнай маці.

Але шчасце гэта жанчыне давалася нялёгка. Фармальна не могучы працаўладкавацца з-за інваліднасці, яна ўсё адно павінна была працаваць у калгасе, на дзялянках, якія адмервалі тады кожнай сям'і.

Здаралася так, што пакуль муж быў на працы, яна брала з сабой маленькую дачку ў люльцы, падвешвала гушкацца на галіну дрэва, а сама ішла жаць. А ўжо як падрасла старэйшая дзяўчынка, сама рана стала гаспадыняй у бацькоўскай хаце.

Марыя Пятроўна часта падоўгу хварэла: або ляжала ў бальніцы, або дома, не маючы сіл пасля прыступу нават па гаспадарцы ўправіцца. Вельмі перажывала, што гаспадар і кармілец сам застанецца галодным, прыйшоўшы з працы.

- Не перажывай, - супакойваў яе Мікалай Іванавіч і ішоў са сваёй ёмістасцю па суп у сталовую, што насупраць хаты. А як падрасла старэйшая Люда, стала яна тату абед гатаваць.

Марыя Пятроўна, як ўся яе сям'я, шчыра верыла ў Бога, але ў царкву не хадзіла: куды ж там з такім здароўем! Ды аднаго разу да іх у хату завітаў святар. Жанчына прапанавала яму крэсла са словамі “Сядзьце, бацюшка".

- Адкуль вы ведаеце, што я бацюшка? - здзівіўся той. - Я вас у царкве не бачыў.
- Хварэю я, таму не магу хадзіць у царкву. Нават не працую нідзе праз сваю хваробу, - адказала жанчына.
- Ідзі ў царкву. А як ідзеш, прасі Бога, каб дайсці. Як уваходзіш у царкву - прасі Бога, каб службу выстаяць. Будзеш бачыць, што атрымаецца. Я чакаю цябе ў храме ў гэту нядзелю.

3 таго часу і да цяперашняга дня Марыя Пятроўна кожную нядзелю і кожнае свята сустракае ў храме. Дзеля яе, дапамагаючы пераадолець няблізкі шлях, стаў хадзіць у царкву і Мікалай Іванавіч. Яго жонка ўжо шмат гадоў запар прадае тут свечкі, а ён сам прыслужвае ў царкве. Нязменна ідуць разам, пабраўшыся за рукі, да храма.

БАГАТАЯ СЯМ'Я

Мінула ўжо больш за пяць дзесяцігоддзяў сямейнага жыцця Нічыпаровічаў. Некалькі год таму адзначалі залатое вяселле ў шырокім сямейным коле, можа нават больш пышна, чым паўстагоддзя таму.

За гэты час паспелі вырасці дзеці, стварыць свае сем’і. Ужо нават унукі павырасталі. Мікалай Іванавіч і Марыя Пятроўна па-сапраўднаму багатыя людзі: у іх чацвёра дзяцей, дзевяць унукаў і сем праўнукаў.

Бабуля Марыя, нягледзячы на немалыя гады і хваробу, няцяжка падлічвае членаў вялікай сям'і. Тры дочкі пакінулі бацькоўскі дом, пайшлі за мужамі. Ды жывуць недалёка, часта наведваюць бацькоў. Сын застаўся з бацькамі, і ва ўтульным, з часам пашыраным доме хапіла месца абедзвюм сем'ям.

- За трыццаць гадоў ніколі з нявесткай не сварылася, заўсёды мы ладзім, - абвяргае Марыя Пятроўна ўсе народныя прымхі пра свякроў і нявестку, а тая называе яе мамай.

Разам жанчыны даглядаюць дом, трымаюць у парадку немалы агарод. Разам садзяць кветкі і выхоўваюць малодшае пакаленне Нічыпаровічаў. Але больш за ўсё дзеці любяць слухаць вершаваныя забаўлянкі дзядулі Мікалая, якія ён удала рыфмуе.

Так і ідуць Мікалай Іванавіч і Марыя Пятроўна поруч усё жыццё, спадзеючыся на ласку Божую ды на свае сілы. I дарога гэта яшчэ далека не скончана. Наперадзе ў сям'і Нічыпаровічаў нямала прыемных клопатаў, а найперш - вяселле ўнука і ўнучкі, якія нарадзіліся ў адзін год і вяселлі згуляюць у адным месяцы - бліжэйшым жніўні.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/