“МАСЛЕНІЧНЫЯ ЗАБАВЫ” - 2015



Святочныя провады зімы прайшлі ў гарадскім пасёлку Наваельня. Ладзілі яго работаю Наваельнянскага дома культуры. Да ўдзелу ў свяце актыўна падключыліся жыхары пасёлка, работнікі мясцовых арганізацый і ўстановаў. Асаблівую ўдзячнасць арганізатары выказваюць Наваельнянскай СШ, рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы “Наваельня”, Дзятлаўскай экспартна-сартавальнай базе.

Распачалася Масленіца ў Наваельні з экскурса ў гісторыю любімага народам свята. Яго правялі вядучыя мерапрыемства Наталля Нагорная і Алена Майсюк. Затым яны запрасілі на сцэну Зіму, у ролі якой выступіла Галіна Сушко. Зіма частавала ўдзельнікаў свята блінамі, запрашала прыняць актыўны ўдзел у масленічных забавах.

Да Зімы далучыліся Лявон (Аляксандр Карповіч), Баба-Яга (Таццяна Загорцава), Вясна (Кацярына Нагорная). Яны жартавалі, пыталіся ў гледачоў, ці ведаюць яны, калі прылятаюць першыя птушкі, што такое “саракі”.

Тэатралізаваная дзея свята суправаджалася канцэртнай праграмай. Свае лепшыя музычныя нумары гледачам прапанавалі Таццяна Трафімчык, Вольга Лазарава, Ганна Бубен, Галіна Сушко, Таццяна Загорцава, Аляксандр Карповіч, Аляксандр Саалятэ.

Удзельнікі свята — як дарослыя, так і дзеці, маглі не толькі паназіраць за тэатралізаванай дзеяй, паслухаць песні, але і паўдзельнічаць у гульнёвай праграме, спартыўных спаборніцтвах. А таксама набыць своеасаблівы масленічны венік, які зроблены з ядлоўцу і ўпрыгожаны стужкамі.

Напрыканцы масленічных забаваў, калі спальвалася чучала Масленіцы, удзельнікі свята кідалі масленічныя венічкі ў вогнішча, такім чынам развітваючыся з усім негатыўным і кепскім у сваім жыцці.

А. ДУБРОУСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/