Масленіца!



3 Масленіцай звязвалі надзею на хуткі прыход вясны, якую віталі шумным гуляннем, вясёлымі конкурсамі і гульнямі, атракцыёнамі. Тым самым нашы продкі нібыта абуджалі прыроду ад доўгага зімовага сну.

Традыцыйна Масленіца святкавалася на працягу тыдня, сёлета ён доўжыўся з 26 лютага па 6 сакавіка. Кожны дзень масленічнага тыдня меў сваё значэнне. Так, напрыклад, перадапошні яго дзень называўся Залвіцынымі пасядзелкамі, калі нявестка запрашала родных мужа да сябе ў госці. А завяршала Масленіцу Даравальная нядзеля. У гэты дзень было прынята прасіць адзін у аднаго прабачэння, дараваць усе крыўды, каб з адкрытым сэрцам сустрэць Чысты панядзелак, з якога пачынаўся Вялікі пост.

Таксама ў час масленічнага тыдня было прынята ласавацца блінамі. На працягу многіх стагоддзяў блін з'яўляецца нязменным "атрыбутам* Масленіцы, сімвалам доўгачаканага сонечнага цяпла.

Традыцыя з шумным гуляннем, з блінамі праважаць зіму, сустракаць вясну падтрымліваецца і цяпер. 5 сакавіка гэтая ўрачыстая дзея адбылася ў Дзятлаве. Цэнтрам свята стала плошча 17 Верасня, якая на некаторы час ператварылася ў шумную пляцоўку.

Гасцей свята вітала гандлёва-рамесленая слабада, дзе можна было купіць або выйграць у латарэю дэкаратыўны выраб. Часцей за ўсё шанцавала на кветкі з бісеру. А вось больш "сур'ёзны" прыз можна было выйграць у латарэю, якая працавала ў своеасаблівым кафэ "Сюрпрыз ад Масленіцы". Завітаўшы сюды, дзятлаўчане таксама мелі магчымасць паласавацца смачнымі блінамі.

Актыўнымі ўдзельнікамі масленічнага свята былі дзеці. Яны з задавальненнем бавілі час на дзіцячай гульнёвай пляцоўцы, адпраўляліся ў вандроўку на кані са станцыі "Пакатайка", прымалі ўдзел у спартыўных міні-спаборніцтвах. А юныя мастакі спрабавалі свае сілы ў конкурсе малюнка на снезе.

Актыўна дзеці ўдзельнічалі і ў тых конкурсах, якія праводзілі самадзейныя артысты Дзятлаўшчыны ў час святочнага тэатралізаванага прадстаўлення: дапамагалі Ямелю нарыхтаваць дроў для печкі, распаліць яе, напячы смачных бліноў — сімвалаў масленічнага тыдня.

Увогуле, у час свята як дзеці, так і дарослыя мелі магчымасць паласавацца духмянымі блінамі, шашлыкамі, кандытарскімі вырабамі. А вось для таго, каб развітацца з усім кепскім у жыцці, дзятлаўчане куплялі "банчаныя" венікі, якія былі спалены разам з чучалам Зімы.

Гэтая дзея, як і ўвогуле ўсё свята, суправаджалася вясёлымі, задорнымі песнямі, якія выконвалі самадзейныя артысты і калектывы Дзятлаўшчыны.

А. ДУБРОЎСКАЯ.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/