Марусіны прыгоды



У Марусіных планах на той жнівеньскі вечар нічога такога не было: вярталася з вёскі ад бацькоў. Ехала не з пустымі рукамі: з роднай вёскі "гуманітарку" вязла ў выглядзе масла, смятаны, тварагу... I ад шчырага сэрца, а гэта значыць, пакуль да аўтобуснага прыпынка данесла — рукі абарваліся. Добра, што лаўка ёсць — прыткнула сумкі (побач з нейчымі іншымі). Аўтобус пад'ехаў поўны — ну, не ўбіцца з такой паклажаю.

Маруся паглядзела на "гуманітарку" ў чарговы раз, "узважыла" ў руках і... Не мела баба клопату — побач са сваімі вандзэлькамі ўбачыла яшчэ адзін — чужую жаночую сумачку.

— Э-э, чыя? — кінулася глядзець па баках, пытацца.

Безвынікова — ніхто не адгукнуўся. I ніхто нічога не бачыў. Адно меракаванні выказвалі многія, накшталт, забылася нейкая варона, паехала... Зараз, нябось, спахопіцца і вернецца назад.

У надзеі на гэта, ці, дакладней, у чаканні "варон", марудна папоўз Марусін вечар на вясковым аўтобусным прыпынку — паўгадзіны, гадзіна... За гэты час можна было заехаць да чорта на рогі і вярнуцца назад. Аднак, "вароны" ўсё не было... Маруся адкрыла чужую сумачку, зазірнула ўнутр. Да радасці там сінеўся пашпарт. А ён, як вядома, з прозвішчам, з месцам прапіскі! Дзякуй Богу, жыла жанчына ў райцэнтры, так жа як і Маруся. Да горада Маруся дабралася на аўтобусе. Што рабіць далей? Трэба шукаць "варону" па месцы прапіскі. Сёння... Рукі ў Марусі загулі. Можа лепей заўтра? Але адкладваць справу штосьці перашкаджала — Маруся ведала змесціва сумкі. У ёй ляжаў вялікі празрысты пакет з нейкімі дакументамі, яшчэ адзін з лекамі і досыць пульхны кашалёк. Ну, як не зразумець жанчыне жанчыну? "Варона" даволі сталага ўзросту магла і да інфаркта "дайсці" з-за такой прапажы.

Таксі да патрэбнага дома дамчала ўмомант. На званок у дзверы ніхто не азваўся. Пазваніла ў суседнія. Выйшаў мужчына, сказаў, што Мікіцічну, канешне ж, ведае, а дзе яна зараз — не. У яе сяброўка ў суседнім пад'ездзе. У яе, маўляў, трэба спытаць. Разам яны пайшлі ў той пад'езд, сустрэліся з сяброўкай — дужа растрапаная была, відаць, пабудзілі. Але, што называецца, "у курсе": з парога выпаліла, што Мікіцічна сёння ў Доме гандлю мяккі вугал выбірала, колер неспадабаўшы, паехала ў вёску — дачны домік афармляць. А па дарозе сумку з дакументамі на дачу і грашыма на мяккі вугал, згубіла, ці нехта скраў. Дык цяпер ходзіць галосіць і валяр'янку п'е, міліцыю на ногі паставіла.

— На аўтобусным прыпынку яе сумка была, на лаўцы. Вы перадасце? — працягнула сумку здзіўленай жанчыне Маруся.

Тая раптам заціхла, насцярожылася, але сумку забрала, паглядзела ўнутр, потым на "гасцей". Позірк быў цікавы — не ўдзячны... У народзе гавораць "глядзіць як на хворую".

... У Марусіных планах на гэты панядзелак нічога такога не было — штодзёншчына. Па дарозе збіралася зайсці ў краму за хлебам, потым — сабраць вячэру, нешта памыць-прыбраць. У краме яна спакойна прайшла праз прылаўкі, спакойна выбрала любімы сыр, смятану, хлеб, спакойна пастаяла ў чарзе ля касы. А там... Мякка кажучы, ёй было няёмка. Маруся добра памятала, што раніцай, калі выходзіла з дому, зазірнула ў кашалёк, там паўсотні блакітнела. Іншыя пакупнікі яе суцяшалі: хто на гэтыя граблі не наступаў — замест тысячы аддаваў пяцьдзесят. Аднак Марусі ад гэтага лягчэй не было.

Потым жа ўспомніла, што днём даставала кашалёк толькі аднойчы — купляла напітак на міні-рынку. Назаўтра за прылаўкам на мінірынку, на шчасце для Марусі, сядзела тая ж жанчына.

— Прабачце, — павінілася Маруся, —- я ў вас учора напітак брала і, здаецца... Не, я не магу сцвярджаць, але вы можа помніце: замест тысячы я вам...

— Яшчэ чаго?! — перабіла яе прадаўшчыца. I дадала — шмат тут вас ходзіць, грошы прафукаўшы... Глядзець трэба, лічыць. Я ўчора ўсю выручку пералічыла, ніякіх лішніх тысячаў не было! Так што...

Прадаўшчыца, даючы зразумець, што размова скончана, устала, і ў гэты момант яе паклікала "калега" з-за суседняга прылаўка: "Мікіцічна!" Маруся ўздрыгнула, нібы маланкаю стукнутая:

— Вам не спадабаўся колер мяккага вугла? — з суперажываннем спытала Маруся.
— Ну-у, — здзіўлена працягнула цётка.

Некаторы час яны разглядалі адна адну. I абедзве шкадуючы: Маруся-добрая душа шкадавала прадаўшчыцу, якая ўчора "столькі перажыла", згубіўшы сумку, Мікіцічна, адназначна, шкадавала Марусю — "не ўсіх дурных вайна пабіла" — круцілася ў яе "практычнай" галаве.

I. ГАЛОМЗІК, “Перамога”, №87

_____________________________________________________________________________________________________

Еще недавно бодибилдинг не имел столь широкого распространения, как сейчас. Теперь для этого вида спорта созданы не только специальные программы и снаряды, но и создаются специальная одежда и меню. К тому же бодибилдинг никогда не оставляет никого равнодушным. Если вы хотите начать занятия в этом направлении, то сначала поищите хорошего тренера и спортзал.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/