Маналог параненай душы




Павольна душа пакідала цела. Панавала лёгкасць, бязважкасць, больш не было ніякага болю і мукаў сумлення. Толькі шкадаванне, што занадта рана даводзіцца пакідаць гэты цудоўны-цудоўны свет, з яго маленькімі радасцямі, з яркім сонцам, з пяшчотным подыхам ветру, з начнымі зоркамі. Як прыемна было на іх глядзець, адчуваць іх асаблівы спакой, наталяцца ім. Усяго гэтага больш ніколі не будзе, паколькі жыццё яшчэ адной маладой жанчыны спынілася, Нібы гадзіннік, які адлічыў усяго толькі трыццаць гадоў. I зламаўся. Назаўсёды.

Памерлую звалі Аксана. Але і гэта цяпер няважна. Імя — усяго толькі пусты гук, які развеецца ў шырокай прасторы часу, дзесьці згубіцца ў яго кутках. Гэта цяпер шкадуюць, плачуць над яе целам.

(А хтосьці ўпотай мяркуе, што так яно і павінна было стацца). А пасля хутка забудуцца. Толькі ўсё застанецца ў памяці душы. Як і той сакрэт, які яна захоўвала доўга, на працягу многіх гадоў. Аксана жыла, працавала, гуляла са сваёй дачкой. Усё, як звычайна. А душа адчувала, што штосьці не так, што гэтыя некалькі гадоў не звычайныя. Яны — апошнія.

I адлічваць іх пачала тая сустрэча, калі Аксана пазнаёмілася з прыгожым мужчынам, зблізілася з ім.

"Не! — крычала душа.— Навошта ён табе. Навошта? Ты памылкова спадзяешся, што ён стане бацькам для тваёй маленькай дачкі. Цябе прывабіла яго бела-зубая ўсмешка? А за ёй, няўжо ты не бачыш, выскалу смерці. Ён хворы. Невылечна. Ён ведае гэта — і злуецца з гэтай прычыны. Ён таксама спадзяваўся на каханне, жыў надзеямі. Толькі і яго падманулі. Адзін тыдзень, праведзены з прывабнай дзяўчынай з такой жа белазубай усмешкай, вырашыў зыход яго жыцця. Аднойчы, прачнуўшыся, ён знайшоў на стале абрывак пісьма, няроўным почыркам напісаныя словы: "Віншую, у цябе ВІЧ". Гэта — усяго толькі жарт, страшны жарт, тады меркаваў ён. Не, гэта не жарт. Гэта — праўда, якую пацвердзіла і медыцына. Пасля гэтага ён жыў, абураючыся і дзень за днём усё больш і больш замыкаючыся ў сабе. Яго не пазнавалі бацькі, не маглі зразумець, што здарылася з іх адзіным сынам. Ад яго былога засталася толькі белазубая ўсмешка, пад якой хавалася смерць. Ён пачаў ненавідзець людзей, вінаваціць іх за тое, што яны могуць радавацца жыццю, а ён — не. Ён песціў сваю нянавісць, нібыта дзіця. Ён узгадаваў яе для цябе. I ты стала яе ахвярай.

Навошта ты так хутка пусціла гэтага мужчыну ў свой дом? Так хутка, адразу ж у першы вечар знаёмства зблізілася з ім? Гэтая твая звычка цяпер забрала ў цябе жыццё. А ён яшчэ пакуль жыве. Працягвае сваю страшную гульню. А ў цябе засталася сіратой дачка. Каму яна патрэбна? Ты нават і не ведала, хто яе бацька, так многа мужчын у цябе было. Навошта? Навошта ты працягвала так жыць, усё больш і больш аддаляючыся ад свету, пакідаючы на мне, душы, цёмныя плямы, балючыя раны. Вось адна з іх, яна яшчэ і цяпер баліць. Ты нанесла яе, калі пазбавіла жыцця сваё яшчэ ненароджанае дзіця. Ты была тады яшчэ зусім маладая, не хацела адказнасці. Кепска. Твой сын вырас бы добрым чалавекам, яму было б ужо дванаццаць гадоў. I ў тваёй дачкі быў бы старэйшы брат. Ты ўвогуле ніколі не хацела адказнасці, уцякала ад яе, жыла беспарадкава, лічыла, што ў гэтым жыцці дазволена ўсё. Ты памылілася ў сваім выбары. I цябе я таксама пра гэта папярэджвала — цяжкімі мукамі сумлення. А ты ў сваю чаргу залівала іх гарэлкай, заглушала беспарадкавымі кароткачасовымі сувязямі, зноў вярталася да папярэдняга ладу жыцця. I вось яго сумны фінал...Увогуле, мне нялёгка ісці туды, куды я павінна цяпер накіроўвацца. На мне ляжыць цяжар твайго жыцця.

Душа цяжка ўздыхнула. Нічога ўжо не зробіш, усё дарэмна. Цяпер яе шлях ляжаў у бясконцасць і вечнасць, да тых начных зорак, якія маленькімі ліхтарыкамі свяціліся ў бязмежных нябёсах. Чамусьці яны не здаваліся ўжо такімі прывабнымі, як раней. Яны былі халодныя і абыякавыя, ім не было ніякай справы да адзінокай параненай душы, якая павольна накіроўвалася ў невядомасць, каб растварыцца ў ёй назаўсёды.

А.ДУБРОЎСКАЯ, "Перамога", №93

_____________________________________________________________________________________________________

Социальные сети в интернете все больше привлекают к себе людей. Причем теперь общаться в них еще интересней. Ведь многие программы для контакта или одноклассников носят развлекательный характер. Не надо искать интересные флеш-игры, достаточно их загрузить в контакте.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/