Маленькая жанчына



Веру я не бачыла даўно. 3 апошняй нашай сустрэчы прайшло два гады. Зноў я сустрэла дзяўчыну вясной. Яна паволі ішла па вуліцы, трымаючы за руку маленькую дзяўчынку. Тая, ніколькі не саромеючыся, смяялася, па-дзіцячы радавалася цудоўнаму вясноваму дню, першым, яшчэ скупым, промням сонейка. Усмешка застыла і на вуснах Веры, толькі была яна зусім не шчырая, а хутчэй аўтаматычная. Гэта я заўважыла адразу ж, як толькі мы павіталіся. Сапраўдны настрой Веры выдаваў і сум у вачах.

Я міжволі назірала за дзяўчынай. Яна яшчэ больш выцягнулася, яшчэ больш пасталела. А ёй толькі сямнаццаць гадоў. Зусім яшчэ юны ўзрост, калі душа перапоўнена марамі, жаданнямі, адкрыта насустрач жыццю, людзям. Толькі гэта не было характэрна для Веры. Ва ўсім яе абліччы адчувалася даросласць. ...Гэта я заўважыла і тады, калі ўпершыню сустрэла Веру. Прыехаўшы да сваёй цёткі, я вырашыла наведаць і сваю студэнцкую сяброўку, якая на працягу ўжо двух гадоў працавала ў школе сацыяльным педагогам. У кабінеце Веранікі я за стала худзенькую дзяўчыну-падлетка. Яна сядзела на крэсле, аднаскладова адказвала на пытанні Веранікі, а на некаторыя проста адмоўчвалася.

— I так амаль кожны раз,— прызналася Вераніка, калі Вера пакінула кабінет. —
Яна ж нікога не пускае ў сваю душу, адгарадзілася ад свету нябачнай сцяной,
сваёй адзінотай. Не разумее, што я проста хачу дапамагчы ёй. Хачу дапамагчы
ёй зусім не расчаравацца ў жыцці, у людзях, паверыць, што ў жыцці ёсць шмат
цудоўнага і прыгожага.

Вераніка на нейкі момант змоўкла, а затым працягнула свой аповяд. Атрымаўся ён ў яе вельмі эмацыянальны, было бачна, што яна хвалюецца, шчыра перажывае за гэтую чужую ёй дзяўчыну, што ў яе душы "накіпела", што ёй неабходна выгаварыцца.

— Уся школа ведае, у якой няпростай абстаноўцы жыве Вера. Яна часта прапускае вучобу, з-за гэтага і паспяховасць у яе кепская. Неаднаразова ў дзённіку настаўнікі пішуць заўвагі маці, каб тая пагаварыла з дачкой. А маці "па барабану", — так рэзка ахарактарызавала Вераніка адносіны блізкага чалавека да сваёй дачкі. — Нап'ецца — і хоць бы што не глядзіць, што дачка расце, якая яна прыгажуня і разумніца. Веры б добрыя ўмовы жыцця, і была б нараўне з выдатнікамі. Дзяўчыне ад прыроды здольнасці і талент дадзены. Яна ж і добра малюе, і спявае някепска. Але свае таленты вымушана "закопваць" у землю. Не да гэтага ёй.

Усе дзеці, як дзеці, з нецярпеннем чакаюць заканчэння ўрокаў, хочуць дахаты, бо там іх чакаюць і любяць. А ў Веры сапраўднага дома няма. Ёсць толькі "пабудова", дзе цяпер жыве яна разам з маці, і там жа жыве і матулін сужыцель. Я, калі ўпершыню прыйшла да іх і ўбачыла маці Веры, ледзьве прытомнасць не страціла. У мяне ў галаве не ўкладваецца, як можна так жыць. Я яшчэ ніколі не бачыла, каб жанчы на магла так напівацца. Для мяне гэта быў сапраўдны шок... Уяўляеш, гэтая жанчына асмелілася яшчэ мне скардзіцца на свой лёс. Маўляў, яна такая няшчасная, яе пакінуў муж, няма каму ёй дапамагчы. А мяне пасля гэтых словаў такая злосць ўзяла. Я гатовая была гэтую жанчыну аблаяць, і ні кропелькі мне яе не было шкада. Ты ж ведаеш, мяне таксама мама адна гадавала, калі таты не стала. Але ж мама не зламалася, не дала сабе слабіну. Выгадавала нас з Максімам, дапамагла выйсці ў людзі. А гэтая... Я нават маці і жанчынай яе назваць не магу.

Я ўвогуле вельмі злуюся на такіх вось матуляў, якія панароджваюць дзяцей і не глядзяць за імі. I вырастаюць дзеці такімі "падранкамі", ці нібы тыя ваўчаняты. Вунь, адзін хлопец з такой жа сям'і пайшоў па коўзкай дарожцы. Маці так была занята сабой, уладкаваннем свайго асабістага лёсу, у якім месца ўсё часцей і часцей сталі займаць п'яныя, шумныя кампаніі, што не заўважыла, як яе сын скалечыў свой лёс. Цяпер ён у турме для малалетніх злачынцаў. Маці адраклася, навошта ёй такі сын. А што далей? Вырасце яшчэ адзін злачынца, які будзе ненавідзець усіх.

— Ну, растлумач ты мне, як можна так жыць?!— працягвала Вераніка.— Каб родныя дзеці былі непатрэбныя? Можа, я з-за сваёй маладосці многае яшчэ не разумею. Можа, кожнаму ўчынку можна знайсці апраўданне? Але ж гэта не па-чалавечы. А нас жа вучылі, што "чалавек — гэта гучыць годна".

На пытанні, якія ставіла Вераніка, я таксама не магла адказаць. I для мяне гэта было загадкай, разабрацца ў якой я спрабавала ўжо неаднаразова.

— Адзіным родным чалавекам для Веры быў толькі яе дзядуля Антон, — расказвала далей Вераніка.— Можна сказаць, што ў яго расла і гадавалася дзяўчына, загойвала свае раны, калі яе бацькі разышліся. Увогуле, развод бацькоў стаў цяжкім ўдарам для яе. Дзеці гэта вельмі балюча перажываюць, гэта вялікі стрэс для іх. Тут бы маці ўсю сваю любоў на дачку перанесці, дапамагчы ёй перажыць боль, растлумачыць, што ў жыцці часам так здараецца. А яна гэтага не зрабіла, а, наадварот, зусім закінула выхаванне дачкі, а сама "улегла" ў чарку. Ну, і Вера аддалілася ад маці. Жыла ў дзеда. Той, як мог, даглядаў унучку. А яна дзякавала яму таксама цеплынёй і клопатам. Яна вучылася гатаваць ежу, падтрымліваць чысціню ў хаце, якая па сапраўднаму стала для Веры бацькоўскай. Проста дзяўчына ведала, што яе там чакаюць і любяць. Ды і матэрыяльна дзед дапамагаў, радаваў унучку абновамі. Яны былі не надта дарагія, не такія модныя, як у астатніх Верыных аднакласніц. Што ён мог дазволіць са сваёй пенсіі? Так і жылі. Калі была цвярозая, іх наведвала і Верына маці.

Але ж дзед нё вечны. I калі яго не стала, Вера перабралася жыць да маці. А куды пойдзеш, больш з родных — нікога.

Я памятаю, як Вера тады замкнулася ў сабе. Мала размаўляла, з аднакласнікамі амаль зусім не кантактавала.

Мне, як сацыяльнаму педагогу, даволі часта даводзіцца наведваць Веру, яе сям'ю. Сітуацыя не мяняецца. Маці хоць і працуе, але тым не менш можа дазволіць сабе п'яны "загул", сужыцель таксама не лепшы. А Вера — сама па сабе. Зачыніцца ў сваім невялікім пакойчыку, адгародзіцца ад усіх. Шмат чытае, быццам пагружаецца ў свет кнігі, іншы свет, дзе героі жывуць па законах маралі, дзе зло заўсёды церпіць паражэнне.

Такая вось яна, маленькая жанчына, клапоціцца сама пра сябе. Летам зарабляе на грыбах і ягадах. I, галоўнае, не скардзіцца нікому на свой лёс, тоіць боль ў сабе.

Ведаеш, я толькі аднойчы бачыла Верыны слёзы. I ў той момант мне за яе стала страшна. Неяк на школьнай дыскатэцы дзяўчыну вельмі абразілі. Ні за што, вось проста так узялі і, як кажуць, кінулі тварам у бруд.

Вера не часта хадзіла на школьныя дыскатэкі. А перад Новым годам прыйшла. Яна была задзейнічана ў невялікай ролі ў навагодняй пастаноўцы. Затым засталася на танцы. Вяла сябе змушана, танцавала мала, усё больш сядзела і назірала за ходам вечару. Незадоўга да заканчэння дыскатэкі хлопец са старэйшага класа запрасіў яе на танец. Пасля танца ён сядзеў з Верай побач, яны пра штосьці размаўлялі. Напэўна, менавіта ў гэты вечар Вера закахалася. I першае пачуццё станоўча паўплывала на яе. Яна стала часцей усміхацца, трошкі ажыла, стала хадзіць на школьныя дыскатэкі. Падчас адной яе і абразілі. Пры ўсіх — аднакласніках, хлопцу, які ёй падабаўся. Адзін са старшакласнікаў-выпускнікоў, падышоўшы да Веры і яе знаёмага, спытаўся ў яго: "А ты ведаеш, з кім сядзіш? Што, на жабрачак пацягнула?"

Пра гэта мне ўжо пазней расказалі Верыны аднакласнікі. А пасля заканчэння школь-нага вечара я сама ўбачыла Веру. Яна ледзь трымалася на нагах, у вачах стаяў п'яны бляск. Яна то смяялася, то ўсхліпвала, і ўсе паўтарала:"Ты ведаеш, з кім сядзіш? А чым я не такая, як усе... Я яе ненавіджу, ненавіджу". Апошнія словы яна адрасавала сваёй маці.

Тады я ўсё не магла зразумець, што яна мела на ўвазе, што здарылася, хто яе пакрыўдзіў. Было бачна, што пакрыўдзілі вельмі балюча.

Мне за Веру было вельмі страшна. I тады я сама давяла яе да хаты. Не пайшла адтуль, пакуль дзяўчына не заснула. А маці нават не чула і не ведала, дзе была яе дачка, знаходзілася ў палоне сваіх п'яных сноў.

На наступны дзень я выклікала Веру да сябе, доўга з ёй размаўляла. Я прасіла яе больш ніколі не піць, бо гэта не давядзе да дабра. Тлумачыла, што гэта не выхад са становішча. А на крыўды трэба менш звяртаць увагі. Я прасіла дзяўчыну верыць у лепшае, трымацца, не адчайвацца. Прасіла не браць у галаву і тое, што хлопец ад яе аддаліўся, перастаў на яе звяртаць увагу. Значыць, "грош" яму цана, гэтая сітуацыя паказала на самой справе, які ён.

Дзякуй Богу, Вера трымаецца. Толькі вось часта ідзе, панурыўшы галаву, нібы ў чымсьці вінаватая.

А яшчэ нядаўна ў Веры нарадзілася сястра. Назвалі Алесяй. Так я лічу, што хутчэй для яе Вера стала маці. Даволі часта дзяўчына прапускае ўрокі. Калі яе не было ў школе на працягу некалькіх дзён, я спалохалася. Прыходжу да іх, а маці п'яная спіць. Алесю даглядае Вера.

Вось так. I чаму такая несправядлівасць?! У яе ж дзяцінства нармальнага не было, вельмі рана яна пасталела.

... I сённяшняя выпадковая сустрэча з Верай нагадала мне тую размову. Я зноў, як і два гады таму зайшла да Веранікі. Павіталіся, сяброўка пачаставала мяне кавай. Разгаварыліся. I я спытала пра Веру.

Вераніка ўздыхнула.
— Трымаецца яна, гэтая маленькая жанчына. Год таму да яе прыйшло пісьмо ад бацькі. Мабыць, сумленне ўзяло верх, успомніў, што ў яго ёсць дачка. У яго ўжо іншая сям'я, жывуць нармальна.
Неаднаразова Вера наведвала іх, ды і цяпер яны падтрымліваюць сувязь. Не магу сказаць, што ўсё ў яе добра, што да канца прабачыла яна бацьку. Можа, проста вырашыла зачапіцца ў жыцці хоць за якуюсьці апору. Ды і я параіла дзяўчыне не адштурхваць ад сябе гэтага чалавека, сустрэцца з ім, паразмаўляць. Усё ж такі — родны бацька...
А маці дзяўчына нядаўна пахавала. За апошні час тая зусім спілася. Не выходзіла на работу, частымі сталі п'яныя скандалы і сваркі. Справа даходзіла і да боек. Адна са сварак усё і вырашыла: ёй— смерць, а сужыцелю — турма.
Цяпер Вера і Алеся будуць жыць у бацькі дзяўчыны. Ён і яго жонка згодны забраць дзяўчынак да сябе. Вырашаюцца ўсе фармальнасці, звязаныя з гэтай працэдурай.
Я размаўляла з Верай: згодна і яна. А ў вачах дзяўчыны такая стомленасць.
Хачу спадзявацца, што і ў Веры, і ў Алесі ўсё будзе добра, што ўсё наладзіцца. А як яно будзе, не ведаю.

Не ведаю і я. Як і Вераніка, я спадзяюся, што ўсё ў Верыным жыцці складзецца добра. Зразумела, што многае будзе залежаць ад сям'і, у якой ёй давядзецца цяпер жыць.

Для бацькі — Вера родная дачка, але ж для яго жонкі —Вера і Алеся чужыя. Ці стане яна для іх маці, ці зможа падарыць так неабходную ім любоў і пяшчоту? Пытанні ўзнікалі адно за другім. А вось адказ на іх дасць толькі час.

А.ДУБРОЎСКАЯ, “Перамога”, №86

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/