"МАЙГО ДЗЯЦІНСТВА РОДНЫ КУТ"



Правядзенне цікавых мерапрыемстваў стала добрай традыцыяй у Казлоўшчынскай пасялковай бібліятэцы. Нядаўна тут прайшло чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання "Патрыёт", на якое былі запрошаны навучэнцы Казлоўшчынскага ліцэя, аматары паэзіі, усе, каго цікавіць літаратура.

Чытачам была прадстаўлена літаратурная імпрэза "Майго дзяцінства родны кут", прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння таленавітага ўраджэнца Дзятлаўшчыны, паэта Віктара Шымука. Аб яго творчасці, а таксама аб творчасці паэтаў, пісьменнікаў Дзятлаўшчыны В. Адамчыка, І. Дварчаніна, Я. Матвеева, расказвала выстава ў чытальнай зале. Да мерапрыемства былі аформлена буклеты з інфармацыяй аб людзях Казлоўшчыны, якія пішуць вершы.
Людміла Іванаўна Хілімончык, загадчыца Казлоўшчынскай бібліятэкі, распачала мерапрыемства з аповеду аб жыццёвым і творчым шляху Віктара Шымука. Была падрыхтавана і прэзентацыя фотаздымкаў паэта, яго родных і блізкіх. Супрацоўнікі бібліятэкі Таццяна Віктараўна Махнач, Раіса Іванаўна Лішык прыгадалі цікавыя старонкі з біяграфіі паэта, зачыталі яго творы, сярод якіх "Родная станцыя", "Я пакіну вам гэтыя рэкі", "Дзятлаўка", "Роздум".

Прагучалі ў час вечарыны і вершы сучасных аматараў паэзіі. Сярод іх творы былога педагога ліцэя М. Б. Ярмаловіч. Марыя Барысаўна піша вершы аб радзіме, прыродзе, шэраг твораў прысвечаны маці. Чытаючы свае творы, Марыя Барысаўна расказвала, як нараджаліся вершы, як ствараліся сімвалы-вобразы.

У час вечарыны прагучалі і вершы Г. Д. Лішык, былой работніцы вінаробнага завода.

Мерапрыемства, насычанае прыгожымі вершамі, далучыла прысутных вечарыны да цудоўнага свету паэзіі, дазволіла яшчэ раз адчуць хараство і непаўторнасць роднай беларускай мовы. Аб гэтым навучэнцы ліцэя ў чарговы раз нагадала вядучая сустрэчы Л. Хілімончык. Таксама яна засяродзіла ўвагу моладзі на неабходнасці чытаць кнігі, родную літаратуру, якая выхоўвае ў чалавека пачуццё прыгожага і добрага.

Відавочна, што такія мерапрыемствы садзейнічаюць патрыятычнаму выхаванню моладзі, знаёмяць з багаццямі духоўнай скарбніцы беларускага народа, яго гісторыяй, маральна-этычнымі каштоўнасцямі.

Зразумела, што тая выхаваўчая работа, якую праводзяць бібліятэкары, патрабуюць немалых намаганняў, падрыхтоўкі. Толькі і вынік радуе, бо моладзь і сталыя людзі ахвотна наведваюць бібліятэку, калектыў якой працуе з аптымізмам, энтузіязмам.

Г. АБЛАЖЭЙ, жыхарка г.п. Казлоўшчына

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/