ЛЯСНЫ ГАСПАДАР



“Расце на лес гледзячы” – ківаюць людзі на тых, хто жыве без выхавання, без нагляду. Ды забываецца народная мудрасць пра тое, што лес – гэта лепшая школа жыцця, гартавання характару, навука гармоніі з сабой, светам і людзьмі. Каму гэта ведаць лепш, чым гаспадару лесу, лесніку Вензвецкага лясніцтва, Сяргею Бельскаму?

– Да пахвалы не імкнуся, проста выконваю сваю працу, – заўважае Сяргей Лявонавіч на віншаванне з Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі.

Нават крыху саромеецца. Маўляў, што простаму лесніку да ўзнагародаў? Яго звыклыя пуцявіны не праходзяць праз залы ды кабінеты. І сёння заслужанага лесніка мы засталі не ў канторы, а ў лесе. Добра, што прагрэс дайшоў і сюды: мабільная сувязь дапамагла хутка знайсці ляснога гаспадара. Штодзённы абход Сяргея Бельскага складае каля дзесяці кіламетраў: трэба ж на свае вочы ўпэўніцца, што ў лесе парадак! Клопату хапае. Гэта ахова лясных масіваў: улетку – ад пажараў, а ўвесь год – ад самавольных высечак. Лес патрабуе пастаяннага ўдзелу: і расчыстка ад буралому, і догляд за культурамі: ведама ж – жывы арганізм! Зімой разам з егерамі трэба клапаціцца пра тое, каб лясныя звяры не засталіся галоднымі. Асноўны аб’ём працы ён выконвае сам. А калі ўжо трэба – збіраюцца разам леснікі з розных лясніцтваў і дапамагаюць.

– У час пасадкі дрэваў удзельнічаюць і школьнікі, і мясцовае насельніцтва, – расказвае Сяргей Лявонавіч. – Гаспадарцы падмога, ды і дзеці змалку ведаюць, з чаго вырастае лес, па-іншаму, больш беражліва, адносяцца да яго.

І так ужо дзесяць гадоў працы ў родным лесе (сам Сяргей Бельскі родам з вёскі Накрышкі). Пасля сельскагаспадарчага тэхнікума ён працаваў у калгасе “Парэчча” (сённяшні СВК “Хвінявічы”). А калі прапанавалі ісці працаваць у Вензавецкае лясніцтва – адразу ж пагадзіўся.

– Даўно хацелася працаваць у лесе, – прызнаецца сам ляснік, – а тут вельмі дарэчы з’явілася такая магчымасць.
– І не пашкадавалі ні на хвілінку пра такі хуткі выбар?

– Вядома, не! Шкадаваў бы – не працаваў столькі гадоў. А тут праца па душы.
Дзіўна гэта для каго ці не, але немагчыма быць лесніком без навыкаў псіхолага. Здавалася б, навошта? Сам-насам з лесам, якія тут людзі? Але не ўсё так проста, зазначае Сяргей Лявонавіч:
– З лесам шмат працы, але прасцей паразумецца: дяглядаеш лясныя ўгоддзі – лес расце ўсім на радасць. Складаней з людзьмі. Бо амаль усе, хто прыходзіць сюды па лясныя дары – мясцовы люд, вядомы мне з дзяцінства. Добра, калі чалавек хоча ягаду якую сарваць ці грыб знайсці. А бываюць і такія – хто сячэ дрэвы самавольна. Тады трэба шукаць падыход, каб без канфлікту патлумачыць, што гэта нельга, што гэта – па-за законам.

Распавядаючы, чым багаты іх лес, Сяргей Бельскі пералічвае:
– Ягад у нас хапае, а вось грыбоў, праўда, малавата – мясцовасць балоцістая. Затое жывёльны свет досыць багаты: дзікі, алені, ласі, дзікія козы.

Яно і не дзіва, што гэта так важна для Сягея Лявонавіча. З 1989 года яго галоўным захапленнем з’яўляецца паляванне. Якраз прыйшла пара – пачаўся новы паляўнічы сезон. Таму, верагодна, што сваё прафесійнае свята ён сустрэне ў лесе, каб пасля выхадных вярнуцца зноў сюды ж – выковаць сваю часам нялёгкую, але любімую працу.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/