ЛІСТАПАД: МЕСЯЦ ЦІШЫНІ І СМУТКУ



Сёлета восень не перастае цешыць нас цёплымі днямі. Нават тады, калі ў канцы кастрычніка нечакана тэмпература паветра апусцілася ніжэй нуля, шмат хто з нас не паверыў таму, што зіма адабрала ў восені першынство і пратрымаецца доўгіх паўгода. І сапраўды, лістапад -- вяршыня восеньскага цыклу, папярэднік зімовага часу -- падарыў кожнаму з нас магчымасць зноў адчуць дыханне цеплыні і папесціцца ў сонных промнях лістападаўскага сонца.

Але надвор'е перад зімовым спакоем непрадказальнае. Таму невыпадкова адзінаццаты месяц гадавога круга спалучаў назвы, якія адносяцца як да восені, так і да зімы. Да першых можна аднесці такія назвы, як “лісцёвы”, “лісцявей” (асацыіруецца з тым, як вецер развявае, мяце па паветры ападаючую лістоту, а пасля, нацешыўшыся гэтай гульнёй, нядбайна кідае іх пад ногі чалавека), лістагной (з апаўшым, зачахлым лісцем), лістападнік (час, калі нашы продкі назіралі чароўную пару ападання лістоты). Апошняя назва захавалася ў беларускай, чэшскай, славацкай мовах. У Літве адзінаццаты месяц завуць "lapkritis" (ад "lapas" - "ліст" і "kritis" - "падаць"), гэтая назва, як бачым, таксама прывязана да працэсу лістапада.

Надвор'е ў гэтым месяцы звычайна досыць няўстойліва-сцюдзёнае. Цяжкія, свінцовыя хмары закрываюць сабой гарызонт, дзьме пранізлівы вецер, зрываецца дождж. Дзень і без таго нядоўгі (у лістападзе яго працягласць скарачаецца больш, чым на паўтары гадзіны і складае толькі сем гадзін пяцьдзясят хвілін), ад непагадзі здаецца яшчэ карацейшым. Акрамя гэтага, ночы, пазбаўленыя з-за хмар зорнага ззяння, да з'яўлення снежнага покрыва самыя цёмныя. "Прыцемкам года" называлі нашы продкі лістапад.

Частыя працяглыя дажджы ператваралі дарогі ў непраходныя балоты. За гэта адзінаццаты месяц года нашымі продкамі быў празваны "бездарожнікам".

А ці ведаеце вы, што за ўстойлівае непагодлівае надвор'е месяц лістапад называлі "мачарэц" (ад старажытнарускага слова "мача", якое азначала "дажджлівае надвор'е")? У царкоўнаславянскай гэтае слова мела значэнне "балота", а ў славенскай -- "непагадзь". Шмат хто з нас у гэты час адчувае незразумелую трывогу, прыкметы лёгкай дэпрэсіі. У назве адзінаццатага месяца змяшчаецца інфармацыя, якая тлумачыць гэта. Справа ў тым, што ў кашубскай мове лістапад – гэта smutan, а ў ніжнелужыцкай - mlosny. Розныя па сваім напісанні, яны блізкія па значэнні. Першае ўтворана ад славянскага слова "мятъ" -- "хваляванне, збянтэжанасць" (сёння гэта корань слоў “смятение”, “помятый”, “мятущийся” і іншых вытворных).

Па тлумачэнні пратаіерэя Грыгорыя Дзьячэнкі, слова "мятъ" адпавядае грэчаскаму, якое сустракаецца ў найстаражытных пісьмовых помніках, "tholosis" -- цёмны, смутны, нячысты (ад "tholos" -- "бруд, балота"). Гэтым жа словам у пераносным значэнні пазначалася ўнутранае засмучэнне думак, рух памкненняў, праяўленне цягі (слабасці) да чаго-небудзь. Яно таксама можа азначаць невытлумачальнае душэўнае хваляванне (успомнім беларускае слова "смутак").

Другое слова -- mlosny -- па тлумачэнні даследчыка рускай мовы М. Фасмера, літаральна азначае "нядобра, не па сабе, сумна", а таксама другое, вытворнае ад яго "млость" -- "стома, бяссілле, слабасць". Такім чынам, наша душэўнае засмучэнне, хваляванне, дэпрэсія цесна звязана з тымі з'явамі, якія адбываюцца ў гэты час у навакольным свеце. Цікава, што фінскае "marraskuu" можна перакласці, як "змрочны, нежывы, вялы, мёртвы месяц", "месяц смерці".

Але ў лістапада ёсць і іншыя старажытныя назвы, якія адносяцца да надыходзячай зімовай пары . Яны могуць быць відавочнымі: ледзень, лёдавы каваль, лёдастаў (водныя крыніцы пачынаюць пакрывацца лёдам), паўзімнік, пярэдаднік зімы, снегавей (пачынае месці снег), вароты зімы, зімовы месяц; (zaima mon (палабская мова); nazymnik (верхнелужыцкая мова); studeny (харвацкая, сербская, баснійская, македонская мовы). У перакладзе з японскай гэты месяц гучыць як "марозны месяц". І не вельмі: "куратнік" (ад літоўскага слова "kuriu", "kurti" -- "распальваць, тапіць") -- у гэты месяц пачынаюць часта паліць печы. А старажытнаперсідская назва месяца даслоўна азначае "глыбокая пашана агню".

Да спісу не вельмі відавочнага паходжання назвы месяца можна дадаць старажытнарускую назву "грудзень". Сёння такая назва існуе ва ўкраінцаў і балгараў. У апошніх, праўда, пад словам "грудзень" разумеюць снежань. Але ў "Астраміравым евангеллі" (11-ае стагоддзе) менавіта такая назва прысвойваецца адрэзку часу лістапад-снежань. Паходзіць назва ад слова "груда", якое азначае мёрзлую каляіну на дарозе, зімовую дарогу. І сапраўды, у народзе казалі: "У лістападзе мужык з калёсамі развітваецца, у санкі залазіць". Чаму ён гэта робіць? Таму, што выпадаў першы снег і ехаць на возе было нязручна.

Назва “ноябрь”, ужываемая ў рускай мове, паходзіць ад лацінскага слова “novem” – “дзевяць”, якім месяц быў у старажытных рымлян і ў славян дапятроўскага часу.

Цікава, што лістапад – апошні месяц у годзе, калі дазвалялася ўступаць у шлюб. А калі быць дакладным, то толькі да 25 (26) лістапада хлопец і дзяўчына маглі атрымаць царкоўнае благаславенне на гэты важны жыццёвы крок. Далей надыходзіў час Каляднага посту. Ён пачынаўся 28 лістапада і працягваўся аж да 7 студзеня наступнага года. Вянчацца ў час перыяду ўзмоцненай малітвы і адмовы ад забаваў царква забараняла. Месяц у сувязі з тым, што паўсюдна спраўляліся вяселлі, меў назву "Вясельнік", альбо "Браташнік" (ад славянскага “брати”, у сэнсе забіраць дзяўчыну з роднай хаты, ад яе родзічаў).
Вось такі ён, лістапад, унук верасня, сын кастрычніка, родны бацька зімы. Месяц цішыні і смутку. Месяц лёгкай задуменнасці і паэтычнага настрою.

І. ЗІНЧАНКА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/