ЛІЧБЫ НОВАГА ГОДА



Новы 2013 год сустрэў беларусаў павышэннем цэнаў на шэраг тавараў, рэсурсаў і паслугаў. З другога боку, павышаюцца фіксаваныя выплатныя велічыні і ўводзяцца некаторыя палёгкі па выплаце некаторых плацяжоў і пазыкаў.

Месячная мінімальная заработная плата істотна пабольшала. Такім чынам, сёння яна складае 1 мільён 395 тысяч рублёў, у сваю чаргу, гадзінная – 8 тысяч 340 рублёў.

Памер мінімальнай заработнай платы ўсталяваны заканадаўствам як найніжэйшая абавязковая для
наймальнікаў мяжа аплаты працы работнікаў.

Павысілася тарыфная стаўка першага разраду для аплаты працы работнікаў бюджэдных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыроўненыя па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый. З гэтага года яна складае 240 тысяч рублёў. Такое павышэнне тарыфнай стаўкі дазволіць павысіць заработную плату ў бюджэтнай сферы ў сярэднім на 6,7%.

Беларускія банкі адменяць камісійныя і іншыя плацяжы за карыстанне крэдытам. Аб гэтым гаворыцца ў норме Банкаўскага кодэкса, якая ўступае ў сілу з 22 студзеня 2013 года. Згодна з ёй, банкам будзе забаронена знімаць з кліентаў такія плацяжы. Пра такое рашэнне Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь у сваім пісьме папярэдзіў камерцыйныя банкі краіны.

Увоз аўтамабіляў у Расію з Беларусі фізічнымі асобамі будзе ажыццяўляцца без абмежаванняў і пошлінаў. Паводле папярэдніх правілаў, уладальнікі вывезеных у Расійскую Федэрацыю з Рэспублікі Беларусь новых аўтамабіляў (набытых пасля 1 студзеня 2010 года) былі абавязаны выплачваць розніцу ў мытных пошлінах паміж дзвюма краінамі не ў месцы рэгістрацыі аўтамабіля, а пры перасячэнні расійскай мяжы. З 2013 года гэтыя правілы дзейнічаць не будуць. Будзе адменена і мытная пошліна на ўвоз аўтамабіляў з Беларусі ў Расію.

Больш чым на 20% даражэюць асобныя маркі цыгарэт, як вырабляемыя ў Беларусі, так і імпартуемыя. Напрыклад цыгарэты “Нёман” і “Фэст” (вытворчасці Гродзенскай тытунёвай фабрыкі) падаражэлі да 4700 рублёў за пачак, Kent – да 12500 рублёў (на 1500 рублёў), VIP8 і VIP10 – да 7500 рублёў (на 2300 рублёў), “Карона” вытворчасці ТАА “Табак-инвест” цяпер каштуюць 4600 (на 1100 рублёў больш). West пацяжэў у цане на 2300 рублёў і цяпер каштуе 9500 рублёў.

На 5% выраслі тарыфы для насельніцтва на цеплавую энергію для патрэбаў ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Цяпер яго кошт складае 63150 рублёў за 1 Гкал. Тарыф на прыродны газ, які выкарыстоўваецца ў жылых дамах і кватэрах, а таксама ў садовых доміках членаў садоўніцкіх таварыстваў у ацяпляльны перыяд у памеры 358,8 рубля за 1 кубічны метр пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў і (або) газавых воданагравальнікаў з устаноўленымі прыборамі індывідуальнага ўліку расходу газу. Раней гэты тарыф быў на ўзроўні 341,7 рубля за 1 кубаметр прыроднага газу. Пры адсутнасці прыбораў індывідуальнага ўліку расходу газу і пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў прыродны газ будзе каштаваць 2044 рублёў за 1 квадратны метр агульнай плошчы жылога памяшкання ў месяц у ацяпляльны перыяд, 766,5 рубля – у летні.

На 20% павысіліся цэны на паслугі РУП “Белтэлекам”. 1 студзеня 2013 года ўступіў у сілу закон "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь", у адпаведнасці з якім паслугі сувязі, што аказваюцца фізічным асобам, не вызваляюцца ад падатку на дабаўленую вартасць, як гэта было раней. Кошт паслуг сувязі для фізічных асобаў (паслугі мясцовай, міжгародняй, міжнароднай тэлефоннай сувязі, даведачна-інфармацыйныя паслугі, паслугі сеткі перадачы даных, byfly, Zala і інш.) павялічыўся з 1 студзеня 2013 года на памер падатку, гэта значыць на 20%.

Аналагічнае павышэнне тарыфаў на 20% чакае і абанентаў мабільнай сувязі.

Павялічыліся памеры ставак падаходнага падатку за здачу жылых памяшканняў унаём. Адпаведна са змяненнямі, унесенымі ў Падатковы кодэкс Беларусі, з 1 студзеня 2013 года максімальныя межы ставак павялічваюцца на 22%. Канкрэтны памер такіх ставак на 2013 год будзе вызначацца абласным і Мінскім гарадскім Саветамі дэпутатаў у залежнасці ад населенага пункта, у якім знаходзіцца здаваемае ўнаём памяшканне.

Падрыхтавала да друку Н. СТУПЧЫК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/