Лепшыя педалі - у нашым ДТСААФ



"Хочаш кіраваць аўтамабілем - спытай мяне, як" - гэты слоган смела можна аднесці да работнікаў Дзятлаўскага ДТСААФ. Тут працуюць сапраўдныя "профі", і гэта пацвердзіў сёлетні конкурс прафесійнага майстэрства, дзе зноўку сярод прызераў - дзятлаўчане.

Штогадовы абласны конкурс прафесійнага майстэрства ў гэтым годзе прымала Навагрудчына. У ім бралі ўдзел лепшыя з лепшых — пераможцы адборачнага этапу конкурсу па кожным з раёнаў вобласці.

Дзятлаўскае ДТСААФ упершыню прадставіў Аляксандр Мілевіч, малады майстар навучання.

Конкурс праводзіўся па чатырох намінацыях: веданне правілаў дарожнага руху, веданне устройства аўтамабіля, методыка навучання кіраванню аўтамабілем і, нарэшце, практыка кіравання легкавым аўтамабілем: выкананне дзясятка элементаў кіравання за кароткі тэрмін.

У камандным заліку Дзятлаўскае ДТСААФ стала пятым. А вось у майстэрстве навучання кіраванню бронзавым (так бы мовіць па-алімпійску) прызёрам стаў наш Аляксандр. Сваім высокім дасягненнем ён толькі працягнуў добрую тэндэнцыю, якую паказвае Дзятлаўскае ДТСААФ (у 2009 годзе лепшым у вобласці па майстэрстве навучання быў Віталій Барысевіч).

Што прычынай высокага дасягнення: фартуна, якая ўсміхаецца навічкам, або штодзённая праца па самаўдасканаленні? Пра гэта распавядае сам Аляксандр Часлававіч:
— Вядома, справа не ва ўдачы. Добрыя вынікі патрабуюць пастаяннай працы над сабой. А што тычыцца прафесійнага майстэрства... Адукацыя дае толькі штуршок, усё астатняе — замацоўваецца на практыцы. Штодня працую менавіта як педагог, навучаю людзей кіраванню аўтамабілем. Нехта схоплівае з лёту навуку, а дзесьці трэба і патлумачыць больш, і прыклад з жыцця прывесці. Усё, што ад мяне, як ад настаўніка, залежыць, я даю курсантам, а ад іх — было б толькі жаданне вучыцца.

Першы поспех — не падстава для заспакаення, а стымул працаваць яшчэ лепш. Тым больш, што цяпер поспехі майстра — гэта радасць не толькі яго і калег, але і маладой сям'і, якая нядаўна з'явілася ў Аляксандра.

Выдатная работа нешматлікага, але высокапрафесійнага персаналу — толькі адно з дасягненняў Дзятлаўскага ДТСААФ. Па выніках праверкі РУП "Белтэхагляд" таварыства ўжо тройчы запар штогод становіцца віцэ-чэмпіёнам вобласці (сёлета — сярод 67 каманд). У выстаўленні рэйтынгу ўлічвалася тэхнічнае аснашчэнне матэрыяльнай базы (аўтамабіляў, вучэбных класаў, аўтадромаў), прафесійны ўзровень выкладчыцкага саставу, а таксама якасць падрыхтоўкі курсантаў — працэнт здачы іспытаў у МРЭА ДАІ з першай спробы.

— А сапраўды, ці высокі працэнт здачы іспытаў вадзіцеля? — цікаўлюся ў старшыні Дзятлаўскага ДТСААФ Валянціна Анатольевіча Вераб'я.

— Так, есць чым ганарыцца. У канцы ліпеня і на пачатку жніўня мы выпусцілі дзве групы вадзіцеляў. Узровень паспяховай здачы іспытаў у МРЭА ДАІ склаў адпаведна 62 % і 65 %. Улічваючы той факт, што сярэдняя паспяховасць па вобласці 50 %, думаю, мы няблага спрацавалі.

— Як вы лічыце, ці рэальна працягнуць такую станоўчую тэндэнцыю і надалей?
— Цалкам верагодна. Персанал, як паказвае практыка, у нас высокапрафесійны. Штогод мы стараемся ўдасканальваць і абнаўляць матэрыяльную базу навучальнага цэнтра. Шырыцца і спектр паслугаў, якія мы прапануем навучэнцам: у перспектыве — з'яўленне новых катэгорый С і Е.

Кажуць, добры той работнік, які ўмее і папрацаваць старанна, і адпачыць удала. Што ў Дзятлаўскім ДТСААФ працуюць рознабаковыя і шматгранныя ўмельцы, пацвярджае ўзнагарода за мастацкую самадзейнасць — дыплом за 2 месца ў адборачным туры фестывалю песні ДТСААФ "Гэта наша з табой біяграфія".

Н.АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/