Лейтэнант Пушкоў



У маленькім гарадку Свіслач некалі была школа-інтэрнат. Я прыехала туды вучыцца ў дзесяты клас. Прыгожы такі гарадок: чысты, утульны. У самым цэнтры яго быў скверык, а ў ім — брацкая магіла. Там знайшлі свой вечны спачын воіны і партызаны, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, вызваляючы гэтую мясцовасць. Не ведаю чаму, але мяне цягнула ў гэтае святое месца: прыносіла кветкі, падмятала. Прыходзіла сюды і ўсякі раз, калі было цяжка на душы. Паплакаць. Нібыта людзі, якія ляжалі пад халоднай плітой, маглі пачуць мяне і пашкадаваць.

Вясной 1965 года, калі заканчвала дзесяты клас, мяне паклікалі ў Свіслацкі райкам партыі. Пажылы чалавек запрасіў сесці і даў пачытаць пісьмо. На канверце значыўся зваротны адрас: Горкаўская вобласць, горад Гарадзец. Мая Сцяпанаўна Сцяпанава разам з мамай і сястрой шукалі магілу брата і сына Мікалая Пушкова, які, па іх звестках, загінуў на тэрыторыі Свіслацкага раёна ля вёскі Юшкавічы.

—Вазьмі ў школе-інтэрнаце веласіпед і паедзь у Юшкавічы, пагутары з людзьмі, папытай, можа, хто памятае пра гэтага чалавека.

У пісьме быў і фотаздымак маладога прыгожага лейтэнанта, які прыслалі яго родныя. Я ўзяла ўсё, папрасіла сяброўку Галю Лукашок за кампанію, і мы пагодлівым красавіцкім днём паехалі ў Юшкавічы.

...Старэйшыя вяскоўцы адразу пазналі лейтэнанта Пушкова.

—Яго забілі немцы акурат за нашымі аселіцамі. Маладзенькі такі, прыгожы, — жанчыны, успамінаючы, плакалі.

Адзін з жыхароў вёскі (на вялікі жаль, я забыла яго прозвішча) адразу, як закончыўся бой, на плашч-палатцы прыцягнуў лейтэнанта на свой падворак і пахаваў. А ля магілы пасадзіў грушу.
Мы ўбачылі тую грушу, якая за дваццаць гадоў вымахала ў вялікае дрэва, пазнаёміліся з гаспадаром сядзібы.

—Пасля вайны, як пачалі збіраць парэшткі воінаў у брацкую магілу, што ў Свіслачы, забралі і майго лейтэнанціка, — сказаў гэты добры чалавек. — Пры ім не было ніякіх дакументаў, таму я не ведаў ні імя, ні прозвішча, — апавядаў гаспадар. — Ды хіба ў імені справа? Ён Радзіму абараняў, усіх нас... Дык, кажаце, жывая яго мама, сёстры? Магілку шукаюць. Пэўна, прыехаць хочуць...

Я адразу ж напісала пісьмо ў далёкі горад Гарадзец, і акурат на 20-годдзе Вялікай Перамогі ў Свіслач прыехала ўся радня Мікалая Пушкова: мама, дзве сястры і маленькая пляменніца.

—Якое шчасце, што мы знайшлі яго магілку, што можам ёй пакланіцца, — плакалі жанчыны. — А то ж не ведалі, дзе шукаць. Аднапалчане Колевы дапамаглі. І вы...

Дарагіх гасцей пасялілі ў школе-інтэрнаце, і мы маглі нагаварыцца, бо правялі яны ў Свіслачы тры дні. Мама расказала, што Коля вельмі добра вучыўся, наведваў авіямадэльны гурток у сваім горадзе і марыў стаць лётчыкам. Усе мары абарвала вайна. Ён закончыў курсы і быў накіраваны на фронт лейтэнантам. Камандаваў ротай. Загінуў у дваццаць гадоў...

Надвячоркам 8 мая ля брацкай магілы быў мітынг, прысвечаны Дню Перамогі. На помніку да імён і прозвішчаў іншых герояў дабавілася яшчэ адно: Мікалай Пушкоў.

Пасля мітынгу райкам партыі даў уазік і госці паехалі ў Юшкавічы. Узялі і мяне. Мама Колі абняла гаспадара сядзібы, дзе быў пахаваны яе сынок, і плакала ўголас, дзякавала, што так па-людску абышоўся з ім. Памятаю, яна падарыла гэтаму ўжо сталаму мужчыну прыгожую кашулю ў клетачку.

—Вы патраціліся на дарогу ды яшчэ падарунак купілі. Не трэба. Я нічога асаблівага не зрабіў, — казаў гаспадар, але не прыняць падарунак ад маці загінуўшага афіцэра не мог.

А назаўтра, 9 мая, у цэнтры гарадка адбыліся мітынг і шэсце, прысвечаныя вялікай даце. Дзень быў светлы, сонечны. На трыбуну падняліся кіраўнікі раёна, родныя Мікалая Пушкова. Запрасілі і мяне. Што і казаць: для мяне гэта быў вялікі гонар. Маме воіна, а таксама яго сёстрам уручылі падарункі.

На развітанне дарагія госці, якія за гэтыя дні сталі для мяне роднымі, запрашалі да сябе:
—Скончыш школу і прыязджай. Мы табе і грошай на дарогу вышлем. Паможам атрымаць вышэйшую адукацыю, — шчыра казалі і мама, і сёстры. Яны накуплялі мне падарункаў.
—Дачушка мая, — плакала, развітваючыся, Колева мама. — Ведай, што цяпер ты не адзінокая...

Мне трэба было яшчэ год жыць у Свіслачы, бо тады заканчвалі адзінаццаць класаў. Пасля летніх канікул па-ранейшаму прыходзіла да брацкай магілы. Да ўсіх. І да Колі Пушкова, які стаў для мяне як брат.
Колевы родныя доўгі час пісалі пісьмы, усё клікалі да сябе. Але мне быў наканаваны іншы лёс...

З тых далёкіх гадоў у мяне засталіся тры фотаздымкі лейтэнанта Пушкова. На адным ён яшчэ зусім маленькі, на другім — на занятках авіямадэльнага гуртка, ужо амаль дарослы, перад заканчэннем школы. На трэцім — цьмяным, відаць некалькі разоў пераздыманым, — ужо ў вайсковай форме, без шапкі. Густыя кучаравыя валасы, прыгожы твар з тонкай усмешкай на пульхных, прыгожа акрэсленых вуснах. Колькі яму яшчэ заставалася жыць? Год? Два? Думаю, не больш...

Мне так часта снілася Свіслач. Нібыта я туды прыехала і нічога не пазнаю... А жыццёвыя віхуры закруцілі так, што не выказаць словамі. Ды некалькі гадоў назад мне проста пашчасціла пабыць у дарагім сэрцу гарадку. Найперш пайшла ў скверык да брацкай магілы. Многае ў Свіслачы змянілася за сорак з лішнім гадоў. Толькі не гэтае святое месца. Тут чыста, утульна. Дзякуй тым, хто даглядае за магілай. Як і раней — ройным слупком зверху ўніз — прозвішчы, імёны. У самым нізе — Мікалай Пушкоў... Чалавек, пра якога я памятаю заўсёды, дзе б ні была і як бы ні жылося.

Кожны год у Дзень Перамогі дома я запальваю ля яго фотаздымка свечку і не магу стрымаць слёз... Думаю, што, можа, больш ужо і паплакаць па ім няма каму. Столькі гадоў прайшло...

Мы ніколі не сустракаліся, але ты стаў для мяне родным, лейтэнант Пушкоў. Ты марыў стаць лётчыкам, падняцца ў неба, але вайна падрэзала крылы... Дык няхай жа ні адзін хлопчык на маёй любімай зямлі не паўторыць твой лёс...

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/