Ліпеньскі шашачны турнір



Ліпеньскі шашачны турнір у Дзятлаве становіцца традыцыйным. Сёлета яго арганізатары — раённая федэрацыя шахмат і шашак і аддзел па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама значна пашырылі склад удзельнікаў.

На спаборніцтвы былі запрошаны шашысты са Стаўбцоў (Мінская вобласць), Баранавічаў, Івацэвічаў, Бярозы (Брэсцкая вобласць), Слоніма (Гродзенская вобласць). Яшчэ дзве каманды — з Дзятлава і Казлоўшчыны — паўнамоцна прадстаўлялі Дзятлаўскі раён. За кожную з сямі камандаў гулялі па пяць шашыстаў, у іх ліку былі майстры і кандыдаты ў майстры спорту, першаразраднікі.

За казлоўшчынскую каманду выступілі Аляксандр Грышук, Уладзімір Грышук, Аляксандр Сігейкін, Іван Максімчык, Мірон Шмыгіра. За дзятлаўскую — Юрый Чайкоўскі, Мікалай Венславоўскі, Валянцін Лябецкі, Андрэй Лявончык, Віктар Мякіш.

Барацьба была даволі напружаная, сведчаннем таму адсутнасць у турніры яўнага аутсайдера. Тры апошнія каманды раздзяліла на фінішы толькі адно ачко. А пераможцаю турніру з сумаю ў 48 ачкоў стала каманда з Баранавічаў.

На 10 ачкоў адстала ад пераможцы слонімская каманда (38). Трэцяе месца занялі гаспадары пляцоўкі — дзятлаўчане.

У асабістым заліку на першай дошцы перамог I. Гайдукевіч (Баранавічы), на другой — А. Аніська (Слонім), на трэцяй — Е. Кірылава (Слонім), на чацвёртай — А. Арцёмаў (Баранавічы), на пятай — В. Крупа (Стаўбцы).

Выдатна выступілі Аляксандр Грышук (Казлоўшчына) і Андрэй Лявончык (Дзятлава). Абодва занялі другое месца на сваіх дошках. А. Грышук спаборнічаў з найбольш моцнымі прадстаўнікамі іншых каманд на першай дошцы і набраў сем ачкоў. А. Лявончык змагаўся на чацвёртай дошцы і здабыў дзевяць ачкоў.

Яшчэ пяць шашыстаў з Дзятлава і Казлоўшчыны фінішавалі за крок да прызавога месца (усе аказаліся чацвёртымі на сваіх дошках) — Ю. Чайкоўскі, В. Лябецкі, М. Шмыгіра, М. Венславоўскі, І. Максімчык.

Удзельнікі турніру засталіся задаволеныя яго ўзроўнем і выказалі пажаданне сустрэцца ў Дзятлаве праз год.

М. ВЕНСЛАВОЎСКІ, старшыня раённай федэрацыі шахмат і шашак

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/