КВЕТКІ НА ПАДВОРКУ -- РАДАСЦЬ ДЛЯ ЎСІХ



Мяркую, у якойсьці ступені вясковыя падворкі сведчаць аб характары сваіх гаспадароў, нават адлюстроўваюць іх унутраны свет. Адзін падворак дагледжаны, утульны, ён радуе вока. Іншы -- занядбаны, на ім ўсё размешчана беспарадкава, брудна. Гаспадары такіх падворкаў нават і не імкнуцца навесці хаця б самую элементарную чысціню. Як ёсць, так і добра.

Штогод у кожным сельскім і пасялковым савеце Дзятлаўскага раёна праводзіцца агляд-конкурс на лепшы падворак. Мерапрыемства з'яўляецца своеасаблівым стымулам для жыхароў навесці парадак на сваёй прысядзібнай тэрыторыі. Толькі, думаю, тыя людзі, падворак якіх належыць да ўзорных, пастаянна падтрымліваюць чысціню і парадак не дзеля звання, а таму што па-іншаму жыць не могуць. У іх такі стыль жыцця -- у працы, клопатах, стварэнні ўтульнасці ў сваім доме і вакол яго. І такая прыгажосць радуе вока іншых.

-- На мой погляд, -- кажа Галіна Аляксандраўна Нічыпаровіч, -- жыхарка гарпасёлка Казлощшчына, -- наводзіць парадак на сваёй тэрыторыі проста, тут няма нічога звыш складанага. Было б жаданне.

Двор Галіны Аляксандраўны належыць да ліку ўзорных. Яе прысядзібны ўчастак з ранняй вясны да позняй восені ўпрыгожваюць кветкі, сярод якіх штогод на клумбах велічна размяшчаюцца ружы.

-- Калі толькі пачынала вырошчваць гэтыя кветкі, -- гаворыць Галіна Аляксандраўна, -- кіравалася парадамі з часопісаў, газетаў. Толькі чамусьці не атрымлівася, ружы не прыжываліся. Пасля вырашыла адысці ад правілаў, знайшла свой метад. Як аказалася -- выніковы.

Сёння на ўчастку ў Галіны Аляксандраўны ўжо 85 кустоў ружаў. А, увогуле, клумбы на падворку гэтай жанчыны ўпрыгожваюць ірысы, ліліі, фарзіцыя, вейгела, юка, цвіцення якой кожны год з нецярпеннем чакае Галіна Аляксандраўна.

У стварэнне гэтай кветкавай прыгажосці ўкладзены цеплыня душы, клопат гаспадыні падворка, якая, дарэчы, марыць заняцца яшчэ і пчалярствам.
Як бібліятэкар з 40-гадовым стажам, Галіна Аляксандраўна добра ведае тыя часопісы і газеты, якія дапамагаюць у кветкаводстве. А вось тое, што навядзенне парадку на тэрыторыі, дзе ты жывеш, з'яўляецца абавязкам, -- гэты ўрок яна назаўсёды засвоіла яшчэ ў дзяцінстве, якое прайшло ў Карэліцкім раёне. Разам з гэтым урокам і яшчэ адзін: чысціня павінна панаваць і на месцах пахаванняў. Як адзначае старшыня Казлоўшчынскага сельскага савета Вадзім Аляксандравіч Бялятка, Галіна Аляксандраўна дапамагла сабраць грашовыя сродкі на агароджу могілак у вёсцы Доўбневічы.

Раз-пораз сюды да месцаў пахаванняў прыязджаюць дзеці, каб наведаць магілы сваіх продкаў. А вось хаты іх пустуюць, без клопату і догляду становяцца асірацелымі і недагледжанымі. І цяпер пустуючыя хаты -- адна з праблемаў для любога сельскага савета, вырашаць якую дапамагае Указ №100 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А вось у адносінах да нядбайных гаспадароў, якія ні ў якім разе не хочуць наводзіць парадак на сваіх падворках, адміністрацыя сельвыканкамаў вымушана прымаць і адміністрацыйныя меры -- штрафаваць. Узнікае пытанне: ці не мэтазгодней навесці чысціню на сваім падворку? Гэта і каштуе нядорага, ды і ва ўтульнасці жывецца інакш.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/