Культ-агляд. Ліпень



ПРАХОДЗІЦЬ КАСТЫНГ

14-16 ліпеня ўзорная тэатральная студыя "Мелодыя душы" і гульнёвы тэатр роставых лялек "Dolls4all" праводзяць набор новых удзельнікаў. Кастынг праходзіць у Дзятлаўскім раённым доме культуры, пачатак мерапрыемства ў 13 гадзін. Узроставая катэгорыя будучых акцёраў -- ад 6 да 15 гадоў.

ГАСТРОЛІ І ТВОРЧЫЯ ПЛАНЫ

Для тэатральнай студыі "Мелодыя душы" лета -- гастрольная пара. Акцёры выступаюць у летнім аздараўленчым лагеры "Баравічок", нядаўна паказалі тэатральную пастаноўку ў Жукоўшчыне.

У планах студыі -- падрыхтаваць мюзікл "Зрабі свой выбар", які будзе прысвечаны праблемам сучаснай моладзі. А вось для дзяцей тэатральная студыя плануе паставіць казку С. Пракоф'евай "Лоскутик и облако". Таксама будзе рыхтавацца пастаноўка "Прыгоды Вінкс". У творчых задумках гульнёвага тэатра роставых лялек -- пастаноўка па матывах вядомага і любімага дзятвой мультфільма "Белка и Стрелка".

СКАРБЫ ГРОДЗЕНШЧЫНЫ

Фальклорныя калектывы Дзятлаўшчыны рыхтуюцца да абласнога фестывалю народных традыцый "Скарбы Гродзеншчыны", які пройдзе ў жніўні. Месцам правядзення мерапрыемства стане вёска Гудзевічы Мастоўскага раёна.

У рамках свята народных традыцый адбудзецца і абласная выстава-конкурс "Папяровыя фантазіі". Дзятлаўшчыну на ёй прадставіць Алена Турчэнік -- майстар выцінанкі.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/