Культ-агляд - 13



У СТЫЛІ "АРТ-МАЖОР"

28 лютага ў Дзятлаўскім раённым доме культуры пройдзе трэці караоке-конкурс "Арт-мажор". Удзел у мерапрыемстве могуць прыняць непрафесійныя выканаўцы ва ўзросце ад 16 гадоў. Ім трэба падрыхтаваць дзве рознажанравыя песні. А вось у фінальным этапе, удзельнічаць у якім будуць толькі тры канкурсанты, ім давядзецца выконваць песню экспромтам. Якую -- вызначыць жараб'ёўка. Майстэрства канкурсантаў ацэніць журы. У цэнтры ўвагі будзе артыстызм выканаўцаў, іх арыгінальнасць у стварэнні сцэнічнага вобразу, уменне трымацца на сцэне. Пачнецца мерапрыемства ў 18 гадзін.

МАСТАЦТВА І АДУКАЦЫЯ

Сучасная мастацкая адукацыя дзяцей і моладзі, якая яна? Гэтае пытанне абмяркоўвалася на міжнароднай канферэнцыі мастакоў-педагогаў, якая на пачатку лютага прайшла ў Мінску ў Рэспубліканскім эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі. Удзел у мерапрыемстве прыняла педагог з Дзятлаўшчыны, выкладчык Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Жанна Лукашэня.

-- Канферэнцыя праходзіла тры дні, была насычана лекцыямі, навучальнымі семінарамі, мы мелі магчымасць наведаць выставы, -- дзеліцца ўражаннямі Жанна Вячаславаўна. -- У ліку тых, хто праводзіў заняткі, былі і члены журы міжнароднага мастацкага конкурсу "На сваёй зямлі", які праходзіць у горадзе Смалявічы. Уразіла выступленне Альдоны Калуцка, прадстаўніцы Польшчы. Яна ездзіць па шматлікіх краінах, арганізоўвае розныя конкурсы для таленавітых дзяцей. Вера Раеселава -- скульптар, прафесар Карлава універсітэта. Яна працуе над праектам, які дазваляе дзецям пашырыць свой кругагляд, дасканала вывучыць той аб'ект, які яны пасля малююць. Напрыклад, перш чым намаляваць ката, дзеці шмат чытаюць аб гэтай жывёле, яго асяроддзі. Затым па-мастацку ўвасабляюць ката, асяродак яго існавання, яго сяброў, ежу. Створаныя ў розных тэхніках работы арганізуюцца ў выставу пад пэўнай назвай. Атрымліваецца даволі крэатыўна і цікава. Таксама Вера прапануе дзецям па-мастацку асэнсоўваць філасофскія тэмы, пачуцці, звяртае ўвагу на ідэю, што творчасць -- своеасаблівы эксперымент. Гэта датычыцца і сродкаў малявання. Вера вучыць дзяцей маляваць не толькі пэндзлем, але і касметычным спонжам, галінкай дрэва, нават... расчоскай.

Удзел у канферэнцыі прынялі і Ліана Салонкіна -- генеральны дырэктар выдавецтва "4арт" у Санкт-Пецярбургу, Таццяна Каралькова з Балтыйска. Яна запрасіла да актыўнага ўдзелу ў мастацкім конкурсе "Анёл Ражства", прытым звярнула ўвагу на неабходнасць больш глыбокага асэнсавання дадзенай тэмы. Мастачка з Малдовы Галіна Віеру прэзентавала свае работы, на якіх прадстаўлены краявіды яе радзімы.

"ДАСКАНАЛЫ СВЕТ КАЗКІ"

Сёлета, у Год гасціннасці, у Дзятлаве ў маі пройдзе першы адкрыты фестываль-карнавал роставых лялек і гульнёвых праграм "Дасканалы свет казкі". Яго арганізатары -- аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама, раённы Дом культуры, Беларускі гульнёвы тэатр роставых лялек "Dolls4All". Героямі фестывалю стануць персанажы з любімых дзятвой казак і мультфільмаў. Распачнецца мерапрыемства з урачыстага шэсця роставых лялек па горадзе пад акампанемент эстраднага духавога аркестра "Акцэнт" з Наваельні. Наведвальнікаў фестывалю таксама чакаюць творчыя майстар-класы для дзяцей і дарослых, касцюмаванае шоў, конкурсная і канцэртная праграмы, займальныя гульні, анімацыйныя пляцоўкі, выступленні дзіцячых калектываў, танцавальны флэш-моб лялек. У час фестывалю будзе працаваць інтэрактыўная пляцоўка з прадстаўленнямі фокуснікаў, мыльнымі пузырамі, гульнямі і конкурсамі, творчая лабараторыя па вырабе роставых лялек.

Ужо разасланы запрашэнні на фестываль. А ў журы мерапрыемства плануецца запрасіць прадстаўнікоў Беларускага тэлебачання, Акадэміі мастацтваў, Інстытута культуры, лялечных тэатраў, абласнога ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.

АФІША ВЫСТУПЛЕННЯЎ

Люты для раённага Дома культуры багаты на падзеі. Так, 24 лютага плануецца выступленне тэатра "Дасканаласць" з горада Мінска. Артысты прыедуць з пастаноўкай п'есы "Крыж" А. Дударава. 23 лютага ў раённым Доме культуры свае лепшыя нумары пакажа цырк.

У сакавіку плануецца прыезд з канцэртнай праграмай Іскуі Абалян, а таксама групы "Бацька атаман", салістка якой -- Святлана Разумоўская.

27 сакавіка свой першы юбілей -- пяць гадоў -- адзначыць узорная тэатральная студыя "Мелодыя душы". Артысты пакажуць "Вясновае НаВушахСтаянне", адбудзецца прэм'ера мюзікла "Станцыя "Мара", тэатральны капуснік.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/