Крывавы след карнікаў




Сур'ёзным выпрабаваннем для партызан Ленінскай брыгады была першая блакада Ліпічанскай пушчы ў снежні 1942 г.

Стварэнне з мелкіх груп болын буйных партызанскіх атрадаў і брыгад, напад народных мсціўцаў на буйныя гарнізоны не засталіся незаўважанымі немцамі. Яны рашылі пакончыць з партызанамі, не даць ім арганізацыйна аформіцца.

У снежні 1942 г. немцы арганізавалі карную экспедыцыю колькасцю да 35 тысяч салдат. Пра аблаву партызаны даведаліся ў апошні момант, таму што разведка была яшчэ вельмі слабая. Але атрады сумелі падрыхтавацца да сустрэчы.

Першыя баі завязаліся яшчэ на левым беразе р. Шчара, а 13 снежня праціўнік на машынах рушыўся ў напрамку в. Дубраўка з мэтай пераправіцца на правы бераг. 3649-й атрад заняў абарону на гэтым напрамку. Ён размясціўся наступным чынам: у в. Трахімавічы знаходзілася рота Булака, у в.Вялікая Воля — рота Лебядзёнка, у в. Малая Воля — роты Шубіна і Камарова, у в.Маскалі — рота Пішчуліна.

На працягу 13 — 15 снежня гітлераўцы спрабавалі пераправіцца цераз Шчару, але ўсюды сустракалі жорсткае супраціўленне партызан.

Гарачы бой адбыўся каля вёсак Малая Воля і Крупіца, дзе немцы прымянілі моцны мінамётны агонь. На схіле 15 снежня праціўніку ўдалося пераправіцца цераз Шчару ў раёне в.Трахімавічы.

Склалася пагроза акружэння, таму партызаны пакінулі свае пазіцыі і адышлі ў Дубароўшчынскі лес. Ноччу прынялі рашэнне адступіць у Грабскі лес, дзе знаходзіўся штаб брыгады.

Адначасова 14 снежня фашысты пачалі рухацца ў Ліпічанскую пушчу з боку вёсак Накрышкі і Карытніца. Атраду «Арлянскі» таксама прыйшлося адступіць у Грабскі лес. Атрад Аляксандрава пасля кароткага бою каля в.Дубароўшчына адышоў у бок Слоніма.

На нарадзе камандзіраў і камісараў атрадаў было прааналізавана становішча: праціўнік вялікімі сіламі сціскае кола акружэння з боку вёсак Карытніца, Накрышкі, Вензавец і спрабуе адкінуць партызан да рэк Шчара і Нёман. Было прынята рашэнне: атраду «Арлянскі» ў ноч на 17 снежня адысці ў напрамку Налібокскай пушчы, 3649-му атраду — у напрамку Слоніма. Атрад імя К.Я.Варашылава адыходзіў на ўсход.

Немцы, якія да гэтага часу занялі в. Руда Яварская, аказаліся на маршруце руху атрада імя К. Я. Варашылава. Трэба было прымаць бой. Атрад размясціўся на ўзлеску ля вёскі. Праціўнік не чакаў атакі і быў засцігнуты знянацку. Кулямётны агонь партызан быў сканцэнтраваны на машынах з жывой сілай. Праз 10 хвілін загарэліся дзве машыны. Немцы началі абыходзіць правы фланг партызан, але, сустрэўшы моцны агонь, адышлі. У гэты момант кулямётчык Замоцін поўнасцю знішчыў мінамётны разлік ворага, які вёў агонь па цэнтру.

Тады карнікі пачалі абходны манеўр: дзве роты рушылі ахопліваць партызан з флангаў. Наблізіўшыся на 40 — 50 метраў, яны завязалі бой. Тут асабліва вызначыўся партызан Уладзімір Начайбауэр. Ён з кароткай адлегласці забіў чатырох немцаў, якія ўпарта лезлі да нашага кулямётнага разліку. Сам Начайбауэр быў цяжка паранены.

На левым флангу вылучыўся камісар атрада М.М.Белякоў. Дзякуючы яго рашучым дзеянням, націск фашыстаў быў стрыманы.

У выніку паўтарачасовага бою карнікі страцілі забітымі да 60 чалавек. У гэты дзень немцы ўжо не рызыкавалі ісці далей у пушчу. Затрымка дала магчымасць партызанскім атрадам у ноч з 14 на 15 снежня 1942 г. выйсці з акружэння.

К канцу снежня — у пачатку студзеня атрады вярнуліся на месца дыслакацыі.

Жудасны крывавы след аставілі карнікі ў пушчы. Раз'юшаныя правалам аперацыі, яны ўсю помету направілі на мірных жыхароў. Расстралялі ўсіх жыхароў в.Вялікая Воля — 364 чалавекі, у в. Гарадкі карнікі забілі больш за 300 чалавек, 142 жыхары в.Трахімавічы і 99 чалавек в.Дубраўка загінулі ў гэты час.

Пацярпелі ад карнікаў жыхары і іншых вёсак.

Падрыхтаваў I.Яфімаў

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/