"КРЫНІЦА НАТХНЕННЯ"



Такую назву мае клуб, які створаны ў аддзяленні "Праменьчык" Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна сумесна з Дзятлаўскім раённым домам культуры.

Перыядычна работнікі Дома культуры праводзяць у "Праменьчыку" мерапрыемствы. Нядаўняе з іх было прысвечана вясне -- пары года, якая з'яўляецца сапраўднай крыніцай натхнення. Так супала, што адбылося мерапрыемства ў дзень нараджэння адной з наведвальніц "Праменьчыка" Анастасіі Матвеевай.
Работнікі культуры -- Ала Чарняўская, Ганна Харлінская, Таццяна Дудкіна -- выканалі для ўдзельнікаў, якія сабраліся за столікамі імправізаванага кафэ, песні. Да іх далучыліся вядомыя артысты "Праменьчыка" -- Віталь Крэйдзіч, Алег Бяляк.

Пад бадзёрыя рытмы ўдзельнікі сустрэчы маглі патанцаваць, выпрабаваць сябе ў гульнях. Так трымаць і надалей, не адчайвацца, а таксама вясновага настрою і аптымізму наведвальнікам "Праменьчыка" пажадалі госці свята -- старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Валянціна Берднікава, дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Нікіпорчык, валанцёр і кіраўнік гуртка "Пчолка", які дзейнічае ў "Праменьчыку", Марына Шэлег.

Сустрэча, якая праходзіла ва ўтульнай атмасферы, за кубкам чаю, пакінула добрыя ўражанні, падарыла бадзёры настрой. Ён будзе прысутнічаць і на наступным вясновым мерапрыемстве, якое пройдзе ў "Праменьчыку" напрыканцы сакавіка. У час яго віншаванні прымуць тыя, хто нарадзіўся ў гэтым месяцы.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/