КРЫМІНАЛЬНАЯ ХРОНІКА - 89



УЗЯЎ ПАКАТАЦЦА

Раённым аддзелам Cледчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа супраць злачынцы, асобу якога высвятляюць праваахоўнікі. Ноччу ў вёсцы Пенчыцы невядомы пабыў на падворку аднаго з дамоў. Там ён заўважыў, што ў замку запальвання аўтамабіля "Фіят-Рэгата" знаходзяцца ключы. Правапарушальнік скарыстаўся "шчаслівым" выпадкам. У выніку гаспадар знайшоў сваю машыну за 50 метраў ад хаты.

АБЯЦАНАГА ТРЫ ГАДЫ ЧАКАЮЦЬ

У адносінах індывідуальнага прадпрымальніка, жыхара вёскі Плябанавічы Дзятлаўскага раёна, узбуджана крымінальная справа. У перыяд са жніўня 2011 па студзень 2012 года мужчына, паабяцаўшы пяці жыхарам раёна паставіць вокны і дзверы ПВХ, узяў з іх 18190000 рублёў. Падманутыя заказчыкі засталіся без тавару і грошай. У адносіны недабрасумленнага прадпрымальніка з кліентамі ўмяшаліся праваахоўнікі.

ЗАСТАЛАСЯ БЕЗ МАЁМАСЦІ

Невядомы злачынца пагаспадарыў у доме жыхаркі вёскі Данілавічы, 1931 года нараджэння. Бабуля з 2011 года жыве ў дачкі, і яе хата пустуе. Злодзей скарыстаўся сітуацыяй: разбіўшы акно, патрапіў у хату, дзе скраў пасцельную бялізну, посуд, дыван, 13 алюмініевых бідонаў, 30 кілаграмаў цукру, два медалі, дзве электрабрытвы, тры крэслы. Узбуджана крымінальная справа.

ВЫЛЕЦЕЛІ Ў ФОРТКУ

Вечарам на вуліцы Навагрудскай ў горадзе Дзятлаве з аўтамашыны "Фальксваген-Транспарцёр" невядомы злодзей скраў 330 долараў ЗША і 2180000 рублёў індывідуальнага прадпрымальніка, жыхара горада Навагрудка. Злачынца адкрыў дзверы машыны, прасунуўшы руку праз фортку, якую неабачліва забыўся закрыць гаспадар транспартнага сродка. Узбуджана крымінальная справа.

А. ЦІТОЎ, старшы інспектар АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/