Крухмал - прадукт нацыянальны



Карэспандэнтка гутарыць з дырэктарам ААТ "Боркаўскі крухмальны завод" I. Рэгіневічам.

— Іван Вінцэнтавіч, якімі клопатамі жыў крухмальны завод на працягу гэтага года?

— Бягучы год для нашага завода, шчыра кажучы, выдаўся не з лёгкіх. Калі планавалася нарыхтаваць каля 8 тыс. тон бульбы, то рэальна за вясну і восень атрымалі ад гаспадарак менш за 4 з паловай тыс. тон. Не парадаваў і прыватны сектар: сёлета ад насельніцтва была атрымана толькі трэцяя частка ад штогадовага аб'ёму бульбы. Прычынай таму нізкі ўраджай бульбы ў гаспадарках. А ад гэтага паказчыка напрамую залежаць тэмпы і аб'ёмы вытвочасці крухмалу на прадпрыемстве. Але, нягледзячы ні на што, работа на заводзе ідзе, вытворчасць наладжана, акрамя таго, выкананы значны аб'ём работ па рамонце і пераабсталяванні прадпрыемства. У гэтым годзе сіламі работнікаў часткова добраўпарадкавана прылеглае да тэрыторыі завода возера разам з водаканалам, для паляпшэння якасці крухмалу сваімі сіламі мадэрнізаваны адзін з агрэгатаў — буратпрасейвальнік. Наш завод працуе на мясцовым паліве, таму да зімы грунтоўна падрыхтаваліся: нарыхтавана каля 400 кубічных метраў дроваў. Удалося нават самім адрамантаваць топку цеплагенератара, у выніку выдаткі на яе рамонт былі скарочаныя ў 3 разы. Да пачатку асенняга працоўнага сезону набылі камплект новых помпаў для перапрацоўкі бульбы, тарку для драбнення бульбы, бульбамяшальны механізм. Абзавяліся і новай тэхнікай, якая так патрэбна прадпрыемству — трактарам МТЗ-82.

— Якімі гаспадаркамі сёння забяспечваецца сыравінная база для вырабу мясцовага крухмалу?

— На сучасны момант мы супрацоўнічаем з гаспадаркамі Слонімскага, Дзятлаўскага, Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў. 3 гаспадарак нашага раёна варта адзначыць СВК "Жукоўшчына" і СВК "Русь-Агра", чый важкі ўклад у нарыхтоўку бульбы склаў 95%. Няблага папрацавалі і з суседзямі — да прыкладу, СВК "Цырын-Агра" Карэліцкага і СВК "Прынёманскі" Навагрудскага раёнаў здалі больш за 750 тон бульбы. У гэтым годзе на пашырэнне плошчаў пад пасадку бульбы гаспадаркам было авансавана 150 млн. беларускіх рублёў. Плануецца наладзіць кантакты з бульбагадоўчымі гаспадаркамі, якія змогуць забяспечваць крухмальны завод сыравінай у патрэбнай колькасці.

— Дзе запатрабавана сёння прадукцыя Боркаўскага крухмальнага завода?

— Значная доля выпускаемай прадукцыі (больш за палову) ідзе на экспарт у Расію і Таджыкістан, дагаворы аб супрацоўніцтве ўзгадняюцца 2 разы на год. Прадукцыя нашага завода мае расійскі сертыфікат адпаведнасці па паказчыках якасці і высока каціруецца на расійскім рынку. Да таго ж, боркаўскі крухмал запатрабаваны ў грамадскім харчаванні і прамысловасці не толькі ў Дзятлаўскім раёне, але і па ўсёй рэспубліцы: прадукцыю нашага завода выкарыстоўваюць Слонімскі мясакамбінат, ІП "Інкафуд", ААТ "БелХім", камбінат бытавога абслугоўвання і многія іншыя арганізацыі. Зручная фасоўка па 1 кг, прыгожы пачак і даволі невялікі кошт у дадатак да высокай якасці прадукту робяць наш крухмал надзвычай прывабным для пакупнікоў, пра што сведчыць павышаны попыт на прадукт падчас кірмашоў. ААТ "Боркаўскі крухмальны завод" неаднаразова быў адзначаны дыпломамі за ўдзел у рэгінальных выставах-продажах, з апошніх узнагародаў — дыплом удзельніка выставы-кірмашу "Паўночна-Заходняя акруга Масквы і Гродзенская вобласць — у працы і стварэнні разам" і дыплом "За прафесійнае прасоўванне на беларускі рынак прадукцыі прадпрыемства". Такія дасягненні не могуць не радаваць, аднак хацелася б, каб мясцовы крухмал стаў больш даступным і ў нашым раённым гандлі.

— Раскажыце пра тых, хто сёння працуе на прадпрыемстве.

— Калектыў у нас невялікі, 22 чалавекі. У перыяд прыёмкі бульбы прадпрыемства запрашае яшчэ каля 10 сезонных работнікаў, у асноўным з мясцовага насельніцтва. 3 гэтага года мы пачалі супрацоўнічаць з Жыровіцкім сельскагаспадарчым тэхнікумам: на крухмальным заводзе праходзіў вытворчую практыку адзін з навучэнцаў гэтай установы, які зарэкамендаваў сябе як добры работнік. На будучы год мы, вядома ж, працягнем плённае супрацоўніцтва з тэхнікумам і запросім ужо большую колькасць навучэнцаў для праходжання практыкі менавіта на нашым прадпрыемстве. Тым больш, што вытворчая практыка, якая пачынаецца з трэцяй дэкады жніўня, супадае з "гарачай" для нас парой: уборкай і нарыхтоўкай бульбы. Кожны без выключэння работнік ААТ "Боркаўскі крухмальны завод" варты добрых словаў за сумленную штодзённую працу, падчас якой людзі якасна і прафесійна выконваюць свае абавязкі, а часам самі вырашаюць праблемы з наладкай абсталявання і добраўпарадкаваннем тэрыторыі прадпрыемства. Добры прыклад маладым паказваюць заслужаныя работнікі завода, сярод якіх гідрацыклоншчык П. Барадзюк і электрагазазваршчык П. Мазура, майстар з залатымі рукамі, а таксама Я. Еўсігнеева, бухгалтар па разліках, якая сумленна і адказна працуе ў нас без малога 30 гадоў. Але і маладое пакаленне ні ў чым не адстае ад вопытных работнікаў: добра сябе паказаў А. Хілімончык, які працуе ў нас слесарам-электрыкам. Шчыры дзякуй ім за прафесіяналізм, любоў да сваёй справы і жыццёвы аптымізм у любых сітуацыях.

— 3 нагоды прафесійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці што пажадаеце калегам?

— Усім працаўнікам сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці нашага раёна адрасую шчырыя пажаданні здароўя, дабрабыту і міру ў сем'ях. Няхай заўсёды будзе ў вас праца і вартая яе ўзнагарода — як кажуць, хлеб і да хлеба.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК, "Перамога", № 89.

_____________________________________________________________________________________________________

Иногда на некоторых вещах можно сэкономить. Особенно если есть хорошая конкуренция и хорошие скидки и акции. Так вы можете купить ноутбуки в Москве намного дешевле, чем в своем городе. Просто цены на ноутбуки в Москве намного ниже из-за постоянных акций и конкурентов, которых много. Вы можете заранее узнать цены на ноутбуки в Москве с помощью сайтов.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/