"Краса Дзятлаўшчыны-2011" - Кацярына Амбражэй



29 кастрычніка ў Дзятлаўскім раённым доме культуры прайшоў першы раённы конкурс грацыі і таленту "Краса Дзятлаўшчыны-2011".

На гэты тытул прэтэндавалі 10 дзяўчын — Марта Семярнік, Кацярына Гізоўская, Вольга Бельская, Таццяна Максімава, Святлана Варвашэвіч, Кацярына Амбражэй, Ганна Бакей, Вераніка Макарчык, Аксана Ляўшук, Кацярына Бойка. Яны прадстаўлялі аддзел культуры Дзятлаўскага райвыканкама, СВК Граніт-Агра", СВК "Хвінявічы", аддзяленне №407 ААБ "Беларусбанк" г. Дзятлава, СШ №1 г. Дзятлава, Дзятлаўскае райспажыўтаварыства, СВК "Дварэц-Агра", Дзятлаўскую сельгастэхніку, СШ №3, цэнтральную раённую бальніцу.

Першым выпрабаваннем для канкурсантак стала дэфіле. І не проста выхад на сцэну, а дэфіле ў вобразе вядомых гераіняў кінастужак, якое дазволіла ўдзельніцам мерапрыемства прадэманстраваць свае акцёрскія таленты. Больш падрабязна свае здольнасці дзяўчаты раскрылі ў конкурсе талентаў. У час яго прагучалі песні і вершы ў выкананні Святланы Варвашэвіч, Вольгі Бельскай, Кацярыны Бойка, Ганны Бакей. Танцавальныя здольнасці прадэманстравалі Кацярына Амбражэй і Вераніка Макарчык, талент маляваць — Марта Семярнік. Кацярына Гізоўская паказала невялікую пантаміму, а Таццяна Максімава — кінастужку "Салодкі сон банкіра". Творчы эцюд "Русалачка" гледачы ўбачылі ў выкананні Аксаны Ляўшук. А вось кулінарныя здольнасці кожнай з удзельніц дазволіў выявіць аднайменны кулінарны конкурс.

У час інтэлектуальнага выпрабавання дзяўчатам давялося адказваць на пытанні журы. Пытанні былі даволі неардынарныя — аб запаветных жаданнях, выканаць якія можна было б папрасіць у залатой рыбкі; аб той гістарычнай эпосе, у якую можна было б вярнуцца з дапамогай машыны часу. Канкурсанткі выказвалі свой погляд на шчасце, называлі тыя якасці, якімі павінен валодаць сапраўдны мужчына, сучасная дзяўчына. Адно з пытанняў было зададзена ад Дзмітрыя Каладзяжнага, фатографа студыі "Сюжэт" г. Ліды. Дарэчы, да конкурсу "Краса Дзятлаўшчыны" была прымеркавана яго фотавыстава, размешчаная ў фае раённага Дома культуры. Яркім відовішчам стала дэфіле ўдзельніц у вячэрніх уборах, якое завяршыла конкурсную праграму.

Падводзячы яе вынікі, старшыня журы, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама М. Мацюкевіч, адзначыў паспяховасць мерапрыемства, выказаў спадзяванне, што яно стане традыцыйным.

А па выніках першага раённага конкурсу "Краса Дзятлаўшчыны-2011" яго пераможцай прызнана Кацярына Амбражэй. Яна — лепшая і ў намінацыі "Міс фота". Першай віцэ-міс стала Вераніка Макарчык, другая віцэ-міс — Марта Семярнік. Тытул "Міс сімпатый гледачоў" атрымала Святлана Варвашэвіч. Яна атрымала прыз ад старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Белая Русь" А. Кудзінава.

Усе ўдзельніцы атрымалі кветкі і падарункі, у тым ліку і ад кампаніі "Арыфлэйм".

Прадстаўніца цэнтральнай раённай бальніцы Кацяры¬на Бойка адзначана падарункам ад Вікторыі Раховіч — "Міс дружба" па выніках конкурсу "Міс Беларусь-2010". Прыз уручыла загадчыца сектара па рабоце з моладдзю Дзятлаўскага раённага дома культу¬ры Н. Баклушына.

А. ДУБРОЎСКАЯ.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/