КОЖНЫ ДЗЕНЬ – У КЛОПАТАХ ПРА ЛЕС



Напярэдадні свята работнікаў лесу карэспандэнтка гутарыць з дырэктарам ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” Вячаславам Ерамейчыкам.

– Вячаслаў Сільвестравіч, што сёння ўяўляе з сябе лясная гаспадарка Дзятлаўшчыны?
– ДЛГУ "Дзятлаўскі лясгас", як самастойнае лесагаспадарчае прадпрыемства, было ўтворана ў 1968 годзе, у склад лясгаса ў той час уваходзілі 7 лясніцтваў агульнай плошчай 52,7 тысячы гектараў. Сёння лясгас займае плошчу 83662 гектары і складаецца з 9 лясніцтваў (Вензавецкае, Гезгалаўскае, Дзям'янавіцкае, Казлоўшчынскае, Лявонавіцкае, Наваельнянскае, Ахонаўскае, Раготнаўскае, Рудаяварскае) і дрэваапрацоўчага цэха.

– Як папрацавала лясная гаспадарка ў гэтым годзе?
– Практычна ўсё, што было запланавана на першае паўгоддзе, выканана на 100% і больш. За першыя 7 месяцаў гэтага года пасаджаны лясныя культуры на плошчы 200 гектараў, да таго ж, выканана рэканструкцыя лясных насаджэнняў на плошчы 52 гектары. На ўсёй азначанай тэрыторыі праводзіўся догляд за ляснымі культурамі. Акрамя таго, работнікі гаспадаркі паспрыялі натуральнаму аднаўленню лесу на тэрыторыі 22 гектары. Займаліся таксама і нарыхтоўкай насення хвойных драўнінных парод, яго аб’ём склаў 119,8 кілаграма (прадукцыя рэалізавана на суму 5,7 мільёна рублёў).

– Але ж Дзятлаўскі лясгас займаецца не толькі аховай прыродных багаццяў, але і нарыхтоўкай драўніны, прамысловай прадукцыі?
– На тэрыторыі ляснога масіву праводзяцца высечкі па доглядзе маладняка (сёлета яны выкананы на 181,5 гектара тэрыторыі). Таксама планавыя заданні па прамежкавых высечках, якія мы ажыццявілі за першае паўгоддзе на 156,1%, нарыхтаваўшы пры гэтым 46,8 кубаметра ліквіднай драўніны. Аб'ём вывазкі драўніны за 7 месяцаў 2012 года склаў 58 994 кубічныя метры, а гэта 132 % да 2011 года. За гэты ж час выпушчана 6 957 кубаметраў піламатэрыялаў і 30067 - дранкі, што склала адпаведна 110,6% і 350,2 % да мінулагодняга ўзроўню. Дзятлаўскі лясгас паспяхова ажыццяўляе знешнеэканамічную дзейнасць. Аб'ём экспарту лесапрадукцыі за 7 месяцаў 2012 года склаў 1 230 тыс. долараў ЗША. Асноўнымі замежнымі партнёрамі нашага прадпрыемства з'яўляюцца: Германія, Польшча, Латвія і Літва.

– Што сёння засмучае ў лясной гаспадарцы?
– На жаль, ёсць і негатыўныя моманты. Гэта лясныя пажары, засмечванне лесу і самавольныя высечкі. За 7 месяцаў гэтага года адбылося 10 нізавых лясных пажараў на плошчы 1,25 гектара. Верхавых пажараў дапушчана не было. Складзена 5 пратаколаў за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў лясах. Не спыняецца, на жаль, і засмечванне лясоў. Сёлета за гэта ўжо складзены 23 пратаколы з наступнай адміністрацыйнай адказнасцю.

– Што робіце для падтрымання тэхнічнага парку і належнага стану самога Дзятлаўскага лясгаса і яго падраздзяленняў?
– Да канца года будуць уведзены ў эксплуатацыю адміністрацыйны будынак і гаражы Наваельнянскага лясніцтва. Завяршаем рамонт гаражоў у Казлоўшчынскім лясніцтве і мамадэрнізацыю аднакватэрнага жылога дома ў Рудаяварскім лясніцтве. Сёлета мы набылі аўтамабіль МАЗ, бензапілы, кустарэзы, абсталяванне па брыкетаванні, трактар Беларус, зварачны генератар, камп’ютары, сістэму паліву і многае іншае, што неабходна для нармальнай работы Дзятлаўскага лясгаса.

– Раскажыце пра людзей арганізацыі.
– Калектыў ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” – аснова работы гаспадаркі і сапраўдны аб’ект для гонару. Сёння ў нас працуе 371 чалавек, з іх 52 – маюць вышэйшую адукацыю, 101 – сярэднюю спецыяльную, 173 – прафесійна-тэхнічную і 145 – агульную сярэднюю. Калектыў пераважна мужчынскі (толькі 38 прадстаўніц прыгожага полу). Лес патрабуе не толькі граматнага кіраўніцтва, якое ажыццяўляюць 36 кіраўнікоў і 2 службоўцы, але больш проста фізічнай работы, штодзённага ўдзелу, да якога маюць прамое дачыненне 149 спецыялістаў і 184 работнікі працоўных спецыяльнасцяў. Кожнага з іх ад душы віншую з надыходзячым Днём работнікаў лесу.

Н.АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/