А. КІВУЛЯ: “ГАЛОЎНАЕ Ў НАШАЙ РАБОЦЕ – ЗБЕРАГЧЫ ЛЕС”



15 верасня – Дзень работнікаў лесу

Напярэдадні свята работнікаў лесу карэспандэнтка гутарыла з новапрызначаным дырэктарам ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” А. Ківулем.

-- Аляксандр Міхайлавіч, як папрацавала лясная гаспадарка сёлета?
-- Асноўная задача ў лясной гаспадарцы – гэта лесаразвядзенне, а таксама ахова і абарона лесу. З ёй, лічу, мы спраўляемся някепска. Сёлета было пасаджана 205 гектараў лесу пры плане 194. У пасадцы лесу ўдзельнічаюць работнікі лясгаса, дапамагаюць нам валанцёры са школаў раёна. Працуе таксама і лесапасадачная машына, з дапамогай якой сёлета было пасаджана 15 гектараў лесу. Што да лясных пажараў, гэты сезон для гаспадаркі быў даволі спакойным. Зарэгістраваны 2 пажары – плошчай 0,15 гектара і 0,50 гектара.

-- А што з нарыхтоўкай драўніны?
-- Гадавы план па нарыхтоўцы драўніны складае 110 тысяч кубічных метраў. У першым паўгоддзі мы справіліся з ім на 100,2%. Добрым падспор’ем тут стала выкарыстанне сучаснай лесанарыхтоўчай тэхнікі: харвэстара і фарвардара. У Дзятлаўскім лясгасе ёсць два такія комплексы: шведскі – прызначаны для высечак догляду, і беларускі “Амкадор” – для высечак галоўнага карыстання. На жаль, колькасць працаздольнага насельніцтва ў вёсках змяншаецца, а таму на такую тэхніку ўся надзея. Адна машына можа нарыхтаваць за месяц 2 тысячы кубаметраў драўніны, а гэта замяняе работу прыкладна двух лясніцтваў. Ставіцца задача да 2015 года нарыхтоўваць такой тэхнікай каля 70% драўніны. У нас працуе і комплекс для вытворчасці. З дапамогай яго мы нарыхтоўваем каля 4 тысяч кубаметраў дранкі штомесяц. У першую чаргу, у ацяпляльны перыяд забяспечваем ёю кацельні Дзятлаўскага раёна, а летам – экспартуем за мяжу.

-- Ці багата сёлета лясных дароў на Дзятлаўшчыне?
-- Так, нямала. У гэтым годзе Дзятлаўскі лясгас нарыхтаваў каля 56 тон бярозавага соку, з іх 20 тон рэалізавалі жыхарам Дзятлаўшчыны. Таксама прадалі 425 кілаграмаў лекавай сыравіны на суму каля 13 мільёнаў рублёў і 4,2 тоны грыбоў на суму каля 160 мільёнаў рублёў. Актыўна працуем па рэспубліканскай праграме развіцця пчалярства. З сёлетняй зімоўкі выйшла 79 пчоласем’яў, а на зімоўку спадзяёмся паставіць 121 сям’ю. Накачалі 537 кілаграмаў мёду, частку якога будзем рады прапанаваць дзятлаўчанам на штогадовым восеньскім кірмашы. Не трэба забывацца і аб прыбытку, які Дзятлаўскі лясгас атрымлівае ад палявання. Праўда, сёлета ў нас па аб’ектыўных прычынах быў заказаны толькі адзін замежны паляўнічы тур. Тым не менш, за 7 месяцаў гэтага года мы зарабілі на паляўнічай гаспадарцы 188 мільёнаў, у тым ліку 26 мільёнаў ад нацыянальнага паляўнічага турызму і 50 мільёнаў ад выкарыстання паляўнічай хаткі.

-- У 2013-ы – Год беражлівасці, як зберагаюць у лясной гаспадарцы?
-- Мы распрацавалі план дзеянняў, згодна з якім працуем адразу ў некалькіх кірунках. Перадусім гэта эканомія гаруча-змазачных матэрыялаў: на кожным лесавозе ўстаноўлена сістэма навігацыі, якая дазваляе кантраляваць месцазнаходжанне тэхнікі і расход паліва. У трох новых канторах лясніцтваў – Вензаўцы, Казлоўшчыне і Наваельні – усталяваны катлы на цвёрдым паліве, для работы якіх выкарыстоўваем адходы пілавання, што абыходзіцца ўдвая танней. Таксама ў некаторых лясніцтвах, у хатцы паляўнічага і ў дрэваапрацоўчым цэху мы замянілі сістэму асвятлення на энергазберагальную.

-- Аляксандр Міхайлавіч, раскажыце пра калектыў арганізацыі.
-- На сёння ў ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” працуюць 387 чалавек, з якіх 39 – жанчыны. Вопытныя, граматныя, ініцыятыўныя людзі, на якіх трымаецца работа лясной гаспадаркі. Многія з работнікаў лясгаса за сумленную працу і з нагоды прафесійнага свята атрымаюць заслужаныя па праву ўзнагароды. За апошнія 2 гады да нас прыйшлі таксама 9 маладых спецыялістаў, з якіх 6 чалавек працуюць у лясніцтвах і 3 – у адміністрацыі лясгаса. Усе яны энтузіясты, добра валодаюць інфармацыяй, неабходнай у працы, і сучаснымі тэхналогіямі. Варта адзначыць памочніка ляснічага Сяргея Пятліцкага, які добра зарэкамендаваў сябе ў працы. Будзем рабіць усё, каб моладзь замацавалася ў Дзятлаўскім лясгасе на пастаянную работу. 9 работнікаў лясгаса атрымліваюць завочна вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці, а 4 выпускнікі пасля школы паступілі на лесагаспадарчыя спецыяльнасці.

-- Што пажадаеце сваім калегам?
-- Усім работнікам лесу і іх сем’ям жадаю шчасця, моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах. І галоўнае – шчыра любіць сваю справу, каб ісці на працу з задавальненнем і плённа працаваць.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/