ХВАРОБА – АБЫЯКАВАСЦЬ



Ці часта мы, заклапочаныя бясконцымі справамі, прыпыняемся ў сваёй гонцы за куском хлеба і заўважаем людзей, якія маюць патрэбу ў нашай дапамозе, у добрым слове, што падбадзёрвае і ратуе?

Ці часта мы задумваемся (пакуль, не дай Божа, не здарыцца ў сям’і няшчасце), што камусьці цяпер вельмі нялёгка і ён, магчыма, шукае нашага разумення і дапамогі?

Ці часта мы, жывучы далёка ад сваіх бацькоў у шыкоўных гарадскіх кватэрах з усімі выгодамі, праведваем састарэлых, тэлефануем, цікавімся, як яны жывуць?

Як многа гэтых “ці часта…“! Рэальныя малюнкі нашага жыцця прымушаюць задумацца: а ці правільна мы жывём, а ці правільна я жыву?

Мы з вамі можам апраўдвацца тым, што цяпер - складаны час: зарплаты невялікія, не хапае на ўсё грошай, магчыма, не хапае часу нават перакусіць, спасылаемся на свае шматлікія праблемы. І можна яшчэ шмат прыводзіць апраўданняў. Але ці будзе гэта сапраўдным апраўданнем, калі з’явімся ўсе мы на Суд Божы, і пачуем грозны голас таго, хто паказаў нам сваім жыццём узор міласэрнасці. “Гора вам, што пакінулі міласць (Мф. 23,33), -- гаворыць Гасподзь наш Ісус Хрыстос. Святы апостал Іакаў тлумачыць: "Суд без міласці таму, хто не аказаў міласці” (Іак. 2,13).

Для Госпада няма розніцы паміж сваім і чужым, ворагам і сябрам. Для яго ўсе мы -- роўныя, усе мы – дзеці Хрыстовы. Неаднаразова мы чуем з вуснаў Выратавальніка: “Так як вы зрабілі гэта аднаму з братоў Маіх, тое зрабілі Мне” (Мф. 25,40). Наша лянота, сябелюбства, а галоўнае, абыякавасць адзін да аднаго з’яўляюцца асноўнымі прычынамі таго, што чужы боль не ўспрымаецца як свой. А менавіта любоў -- тая прыкмета, па якой даведваюцца, што мы -- вучні Хрыста (Ін. 13, 35).

Мы гатовы гадзінамі сядзець у Інтэрнэце, ці за чаркай, ці проста ляжаць на канапе, гледзячы на “блакітны экран”, замест таго, каб хоць на некалькі хвілін зазірнуць у дзіцячыя дамы ці прытулкі для састарэлых. Там даўно чакаюць нашай увагі сумныя вочы дзяцей ці пакінутыя, непатрэбныя блізкім, адзінокія бацькі. Не хочам адведаць добра знаёмага чалавека, калегу, з якімі не бачыліся доўгі час. Нават думкі такой няма. Мы -- занятыя! А дакладней – нам усё роўна.

Больш складаная сітуацыя з людзьмі, якіх называюць “паўшымі”. Колькі прадузнятасцяў існуе адносна гэтага кантынгенту грамадства! Ляжыць чалавек на абочыне дарогі. “П’яны” – крывіцца хтосьці. “Зноў напіўся” – грэбліва кідае ў яго бок іншы. А між тым чалавек, магчыма, страціў прытомнасць, а можа ён наогул памёр. Падысці? Пацікавіцца? А навошта!

“Паўшыя”, -- гаворыць ігумен Аўраам, -- гэта тое, што здаецца нам ужо абсалютна непатрэбным, згубленым. Сапраўды, людзі не звяртаюць увагі на паўшага, быццам бы ўжо асуджанага чалавека. Аднак Выратавальнік прыйшоў менавіта для таго, каб з гэтага страчанага, “перакрэсленага” ў нашых вачах чалавека спагнаць і выратаваць яго. Гасподзь наш Ісус Хрыстос, звяртаючыся да сваіх вучняў, кажа: “Глядзіце, не грэбуйце ні адным з малых гэтых; бо кажу вам, што Анёлы іх на нябёсах заўжды бачаць твар Айца Майго Нябеснага” (Мф. 10,10).

Ці вось іншы выпадак. Ідзе чалавек па дарозе. Паўз яго праязджае вялікая колькасць машын, і ні адна не спыніцца, каб падабраць. І працягвае чалавек свой шлях з вялізнай сумкай у руках далей, стомлены і знявераны ў людской дабрыні.

Магчыма, хтосьці з нас і гатоў бы дапамагчы, але навошта, калі той чалавек мяне не просіць аб гэтым? Кожны з нас чакае, калі паклічуць. Тады, робячы добрую справу, у чарговы раз зможам сумясціць акт дапамогі і ўласную ганарлівасць. Але ці будзе наша добрая справа патрэбна Богу? Святы апостал Іакаў вучыць: “Бог ганарлівым працівіцца” (Іаак. 4,6). Не трэба шукаць асаблівага выпадку, каб дапамагчы. Трэба быць больш уважлівымі да іншых людзей, любіць іх, як самога сябе. І не важна, знаёмы мы з ім альбо не.

Цяпер вельмі вострай з’яўляецца праблема СНІДу. Нямногія з нас, даведаўшыся аб тым, што чалавек хворы, здольныя пераадолець сябе і мець стасункі з такімі людзьмі на роўных, дапамагаць спраўляцца з цяжкасцямі, у тым ліку і псіхалагічнага характару. Існуе прадузнятасць: маючы стасункі з такімі людзьмі, можам заразіцца самым. Аднак пакуль мы так думаем, кожны з нас рызыкуе тысячу разоў памерці: трапіць пад машыну, атруціцца алкаголем, не справіцца з кіраваннем аўтамашыны, легчы спаць і ніколі не прачнуцца… Варта зазначыць, што калі ў ІІІ-ім стагоддзі ў Карфагене распаўсюдзілася чума і многія былі вымушаны ўцякаць, каб захаваць сабе жыццё, хрысціяне засталіся на месцы. Рызыкуючы сваім жыццём, ратавалі чужое жыццё. Яны паказалі сапраўдны прыклад хрысціянскай міласэрнасці.

Паўтаруся, мы жывём у складаны час. Многія сапраўдныя каштоўнасці страцілі сваё значэнне. На першае месца выступілі эгацэнтрызм і імкненне да нажывы любой цаной. Мы жывём, быццам ніколі не памром. Аднак гэта – самая вялікая памылка. Ніхто з нас не ведае, колькі яму наканавана пражыць. Хтосьці пойдзе ўжо сёння, праз некалькі гадзін, хтосьці – заўтра. А хтосьці яшчэ будзе жыць, аднак і ён не вечны. Святы евангеліст Марк пра гэта папярэджвае: "Глядзіце, жывіце, маліцеся, бо не ведаеце, калі надыдзе гэты час” (Мк. 13,33). Час хуткаплынны, аднак справы міласэрнасці, няхай і нязначныя на першы погляд, вечныя. Нашы ўчынкі – гэта цаглінкі, з якіх будуецца наш вечны лёс. Будзем помніць пра гэта, пакуль яшчэ не зусім позна што-небудзь змяніць.

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/