Хуткакрылы матылёк



Таццяна Сямёнаўна Нікіпорчык працуе выхавальніцай дзіцячага садка №2. Увайшоўшы ў яе пятую групу, адразу трапляеш у казку. Незвычайная аздоба пакоя, цацкі, зробленыя рукамі выхавальніцы, фотаздымкі, на якіх яна з дзецьмі, маленькія крэслы і столікі.

Чаго там толькі няма! Таццяну Сямёнаўну калегі называюць чалавекам з залатымі рукамі. I ў гэтым мы пераканаліся на свае вочы. Нам захацелася пагутарыць з гэтай няўрымслівай жанчынай, больш даведацца пра яе захапленні, яе творчасць, якую яна прысвячае сваім выхаванцам, пра яе характар і жыццё.

— Таццяна Сямёнаўна, чаму вы сталі менавіта выхавальніцай? Гэта была мара дзяцінства ці на вас паўплываў чыйсці прыклад?
— Я маю адукацыю настаўніцы пачатковых класаў. А пайшла вучыцца на настаўніцу таму, што вельмі люблю дзяцей. А яшчэ на мой выбар аказала ўплыў Тамара Васільеўна Паддубная, якая некалі была маёй настаўніцай і стала прыкладам на ўсё жыццё. Таму лічу, што былі важкія аргументы, каб выбраць гэтую прафесію.

— Дзе вы вучыліся, дзе рабілі першыя крокі ў прафесіі?
— Вучылася спачатку ў Наваельнянскай сярэдняй школе, а потым скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы. Працую ў садку з 2001 года.

— Што вы адчуваеце, калі заходзіце ў сваю групу, калі бавіце час са сваімі выхаванцамі?
— Безумоўна, мяне перапаўняюць самыя добрыя пачуцці, якія толькі можа адчуваць чалавек: пяшчота, цеплыня душэўная, нейкае нават шчымлівае трымценне. I бязмежная любоў да маіх маленькіх сяброў. Яна заўсёды ў маім сэрцы, калі нават у мяне выхадны дзень, я ўсё роўна думаю пра іх. Я шчаслівая з імі, мяркую, што дзецям таксама добра і радасна са мной. Вельмі хвалююся, калі дзеці плачуць, стараюся , каб такога ніколі не было, хачу, каб яны толькі смяяліся т сябравалі.

— Можа, вы ведаеце якісьці сакрэт, нейкі асаблівы падыход да дзяцей?
— Так, ёсць. Асобасны падыход да кожнага, бо дзеці ж такія розныя. У кожнага свой характар, і яго, гэты характар, трэба разгадаць, накіраваць у патрэбны бок, выявіць у дзіцяці ўсё самае найлепшае, зрабіць так, каб яму было добра, спакойна і ўтульна разам з іншымі дзецьмі.

— Ці ёсць у прафесіі выхавальніка нейкая спецыфіка, адметнасць?
— Мая маці гаворыць пра людзей маёй прафесіі —лекар, пекар і аптэкар. Так і ёсць. Столькі трэба зрабіць для дзіцяці за адзін дзень! I накарміць, і пагуляць, і спаць пакласці, і казку расказаць... А калі гэта не адзін чалавек, а многа? Зразумела, бывае цяжка, але, калі бачыш усмешку на вуснах дзіцяці, адразу забываеш пра ўсе цяжкасці. Самая асноўная асаблівасць прафесіі выхавальніка — уменне закласці ў душу дзіцяці разуменне свету, таго, што вакол нас. Я вучу іх сябраваць, стасункам адзін з адным, спазнаваць свет. Дзякуючы гэтаму, фарміруецца асоба маленькага чалавека. Што закладзена да пяці гадоў, тое праявіцца ў дваццаць. I адказнасць за душу дзіцяці велізарная, бо дашкольны ўзрост — падмурак жыццёвых арыентыраў.

— Таццяна Сямёнаўна, раскажыце крыху пра заняткі з дзецьмі. Што ствараеце разам?
— Галоўнае, каб дзецям было весела, каб яны радаваліся, таму рыхтую для іх монаспектаклі. Пабывала за гэтыя гады ў розных ролях: Дамавіка, Бабы Ягі, Дзеда Мароза. Здымаю відэафільмы з удзелам дзяцей, раблю фотаздымкі. Усім гэтым дзялюся з бацькамі, а яны ў сваю чаргу вельмі шануюць такую ўвагу і клопат, дзякуюць. У нашай групе ёсць крэсла імянінніка, яно абцягнута зялёнай святочнай тканінай. I на гэтым троне заўсёды мяняюцца каралі. Мы святкуем разам дні нараджэння кожнага хлопчыка і кожнай дзяўчынкі, каб нікому не было крыўдна. Накрываем святочны стол, водзім карагоды, спяваем песні, вучымся выказваць віншаванні.

— Раскажыце, калі ласка, пра сваю сям'ю, пра захапленні.
— Спяшайся жыць — гэта пра мяне. Не магу сядзець на адным месцы, пастаянна адчуваю неабходнасць рухацца, нешта рабіць. Шкада губляць час, калі можна зрабіць столькі цікавага і патрэбнага. Ляжаць на канапе і глядзець тэлевізар — не для мяне.
Маім жыццёвым крэда стала выказванне Міхаіла Прышвіна: "Кожны чалавек можа зрабіць намнога больш за тое, што сам пра гэта мяркуе". Таму бываюць моманты, што як апантаная раблю нешта. Магу сядзець ноччу, аж пакуль работа не будзе скончана. Мая сям'я складаецца з чатырох чалавек: мяне, мужа і двух сыноў — Алёшы і Жэні. Тры мужчыны, якім патрэбна ўвага, гэта нямала. Я ў цэнтры падзей і дома, і на рабоце, і вельмі рада гэтаму, бо дзеці — радасць, сэнс жыцця.

Напрыканцы размовы да гутаркі далучылася Марына Іванаўна Янушкевіч — намеснік загадчыцы па асноўнай дзейнасці, і выказала свае адносіны да Таццяны Сямёнаўны:
— Таццяну Сямёнаўну вельмі любяць бацькі, дзеці, паважаюць калегі. Яна — шчыры, сур'ёзны і адказны чалавек, гатова заўсёды прыйсці на дапамогу. У яе галаве столькі ідэй і планаў, што хопіць на ўвесь наш педкалектыў, і кожны дзень яна пражывае ў поўную сілу. Дай Бог ёй здароўя і сілаў быць заўсёды такой, гарэць, каб вакол было светла і ўтульна.

Мы таксама далучаемся да пажаданняў і спадзяёмся, што жыццё Таццяны Сямёнаўны будзе падобна на ўзмах крылаў матылька — светлага, хуткакрылага, імклівага.

Вольга АБРАМЧЫК,
Насця КАЗАК,
вучаніцы гімназіі №1 г. Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/